Baranavičy

Part 3. Kamsamolskaja street & and Kujbyšava street

Вулiца Куйбышава

Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы

У 1908 годзе на месцы цяперашняга сабора ў Баранавічах была пабудавана драўляная праваслаўная царква. У 1915 годзе падчас Першай сусьветнай вайны калі ў горадзе знаходзілася Стаўка расейскага цара Мікалая ІІ, той храм быў павялічаны прыбудовамі. Гэтая драўляная царква праіснавала нядоўга і згарэла ў 1921 годзе ў ноч 2 траўня, пасьля сьвяточнай вячэрні Першага дня Вялікадня. Раніцай на папялішчы сабралася ўся праваслаўная паства гораду. Прыход пастанавіў аднавіць храм. Быў абраны камітэт па пабудове новай царквы, які ўзначалілі сэнатар польскага Сэйму Аляксей Назарэўскі, протаіерэй Павал Мацкевіч і царкоўны стараста Яроцкі.

Два гады польскія ўлады Наваградзкага ваяводзтва не падпісвалі праект на пабудову царквы, якую спачатку хацелі аднавіць з дрэва. Тады камітэт з падтрымкаю архіяпіскапа Дыянісыя вырашыў збудаваць мураваны храм. Новы праект выканаў варшаўскі архітэктар Мікалай Абалонскі. Царква каштавала 147 тысячаў злотых. Урачыстае асьвячэньне закладкі храма адбылося 6 жніўня 1924 году. З 1925 па 1928 год жыхары гораду сабралі 36 тысячаў злотых. Дзякуючы сэнатару Назарэўскаму польскі ўрад на працягу трох гадоў выдзяляў па 58 тысячаў. Яшчэ 8 тысячаў на пабудову царквы знайшоў Баранавіцкі гарадзкі магістрат.

Праз 4 гады ад пачатку будаўніцтва, 20 лістапада 1928 году, на храм былі ўрачыста ўсталяваныя купалы. Да 1931 году адбываліся працы ўсярэдзіне царквы, аздабляліся іканастасы, выкладалася мазаіка, прывезеная з Варшавы. Першапачаткова гэтая мазаіка знаходзілася ў Варшаўскім саборы Аляксандра Неўскага, які будаваўся 19 гадоў і быў асьвячоны ў 1912 годзе. На той час гэты храм зьяўляўся найвялікшым і найвышэйшым будынкам у польскай сталіцы. Яго параўноўвалі з вэнэцыянскім саборам сьвятога Марка і лічылі найпрыгажэйшым у Эўропе.

Ягоны муры ўпрыгожвалі мазаікі, створаныя паводле эскізаў Віктара Васьняцова, Андрэя Рабушава, Мікалая Бруні. У аздабленьні сабора былі выкарыстаныя каштоўныя й паўкаштоўныя камяні, а таксама мармур і граніт. Мазаічныя пано набіраліся ў мазаічнай майстэрні славутага мастака Ўладзімера Фралова.

Пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1918 годзе ў Польшчы распачалася дыскусія, што рабіць з праваслаўным храмам у цэнтры сталіцы. Шмат хто лічыў яго сымбалем расейскай акупацыі. Былі прапановы ператварыць сабор у музэй. Але на пастанову зьнішчыць храм паўплывала польска-савецкая вайна 1919–1920 гадоў. Руйнаваньне пачалося ў 1924 годзе й працягвалася да 1926-га. Праваслаўным вернікам дазволілі зьняць мазаікі, забраць іканастасы, абразы й царкоўную маёмасьць, якія пасьля былі перададзеныя ў Заходнюю Беларусь.

Дзякуючы намаганьням Назарэўскага, у 1926 годзе ў Баранавічы ў трох вагонах былі прывезеныя алтары, 10 ківотаў, 20 абразоў на дошках, 9 абразоў на дрэве й палатне, 3 мазаічныя абразы («Маці Божая Замілаваньне», «Мітрапаліт Алексій», «Ёсіф Волацкі»). Але 5 верасьня будынак каля царквы, дзе захоўвалася прывезенае, згарэў, як палічылі тады, ад наўмыснага падпалу. Ацалелі толькі мазаікі, якія захоўваліся ў іншым месцы. 23 жніўня 1928 году мітрапаліт Дыянісій перадаў у Баранавічы іканастас з былой дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, 4 абразы на цынку, 7 двухстворкавых дубовых дзьвярэй, 40 фрагмэнтаў мазаікі і 13 скрыняў росьпісаў на гіпсавых пласьцінах – усё, што засталося ад Варшаваўскага сабора А. Неўскага. 30 фрагмэнтаў мазаікі былі складзеныя ў 4 пано і зьмешчаны на ўнутраных ды вонкавых сьценах баранавіцкай царквы. Яшчэ 10 фрагмэнтаў дасюль ляжаць у сутарэньнях храму, бо зь іх немагчыма скласьці цэласнага малюнку.

4 кастрычніка 1931 году новы Баранавіцкі сабор Покрыва Багародзіцы, пабудаваны ў стылi архiтэктуры нэаклясыцызму, быў асьвечаны архіяпіскапам Гарадзенскім і Наваградзкім Алексіем, а з 1949 году доўгі час заставаўся адзіным дзейным праваслаўным храмам у горадзе.

Адрас: вулiца Куйбышава, 9А. Каардынаты: 53.132139, 26.003865.

Бакавы партал

Вiдырыс апсыды

Уязная брама

Унутраная тэрыторыя

Касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа

За часамі Расейскай імпэрыі на будаўніцтва касьцёлу ў Баранавічах не давалі дазволу. У 1904 годзе памерла жонка графа Яна Развадоўскага – Лізавета Развадоўская. Яе пахавалі ў адмыслова збудаваным родавым склепе, на месцы прызначаным для касьцёлу. Дзякуючы дапамозе менскага губэрнатара, быў атрыманы дазвол на будаўніцтва на магіле драўлянай каталіцкай капліцы, у якой час ад часу адпраўлялi Сьвятую Імшу для 800 баранавіцкіх каталікаў.

У 1911 годзе была заснавана баранавіцкая парафія. Драўляны касьцёл быў збудаваны ў 1925 годзе ў стылі эклектыкі з выкарыстаннем прыёмаў готыкі, стылізаваных форм барока і класіцызму. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць абразы XVIII стагодьдзя. На хорах устаноўлены арган. 18 кастрычніка 1925 году храм асьвяцілі пад тытулам Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Меркавалася, што ў хуткім часе касьцёл перабудуюць у мураваны. Але потым сярод парафіян паўстала ідэя пабудовы вялікага мураванага касьцёлу ў цэнтры гораду, падмурак якога заклалі на скрыжаваньні вуліцаў Міцкевіча і Каханоўскага (цяпер плошча Леніна). Але з-за цяжкасьцяў фінансаваньня і эканамічнага крызісу, будаўніцтва не было скончана. Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа таксама застаўся драўляным.

Ад 1990 году ў касьцёле пачалі весьціся беларускамоўныя служэньні.

Адрас: вулiца Куйбышава, 36. Каардынаты: 53.129259, 26.003978.

Iнтэр’ер касьцёлу

⟵ Previous Part. Part 2
Savieckaja Street, Horkaha Street and Stockerau Boulevard

Next Part. Part 4. ⟶
Baranavičy Paleskija station & museum of railway technology