Зьдзе́цел (Дзятлава) – горад на рацэ Зьдзецелке, гэта даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
«Двор Здзяцела» Троцкага ваяводства ўпершыню згадваецца ў 1498 годзе, калі ён быў падораны Вялікаму гетману і дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму за ваенныя заслугі. У пачатку XVI стагодьдзя тут быў пабудаваны драўляны замак-крэпасьць, які меў на працягу доўгага часу важнае стратэгічнае і абарончае значэньне.
У пачатку XVII стагодьдзя Зьдзецел перайшоў у валоданьне Сапегаў. З 1655 годзе Зьдзецелем валодалі князі Палубінскія, з 1685 году – Радзівілы.
Паходжаньне тапоніму Зьдзецел упершыню спрабаваў патлумачыць географ Вадзім Жучкевіч. Ён прыйшоў да высновы, што паселішча атрымала назву ад ракі Зьдзецелкі (Дзятлаўкі), на якой яно знаходзіцца, а рака – ад віду птушак. Варыянты назвы места ў гістарычных крыніцах: Здзенцел, Здзечаль, Здзенцель, Здэтэль, Зэтэль, Зэтэля, Зецял, Дзенцёл, Дзенцёлкі, Дзенцел, Зецел, Здзечало. Варыянты назвы места на розных мовах: Зьдзецел або Зьдзя́цел (старабел. Здетел) – гістарычная беларуская назва, прысутнічае ў дакумэнтах часоў Вялікага Княства Літоўскага; Zdzięcioł – польская назва; Zietil – жыдоўская назва на мове ідыш; Zietela – летувіская назва; Дятлово – расейская назва; Дзятлава – наркамаўская назва, калькаваньне з расейскай.
У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай русіфікацыі земляў былога Вялікага Княства Літоўскага склалі сьпіс населеных пунктаў, якім неабходна надаць «тутэйшыя расейскія назвы». Адным з пунктаў гэтага сьпісу было перайменаваньне горада Зьдзецел ў Дзятлава. Такім чынам, назва Дзятлава пачала ўжывацца адносна нядаўна. У цяперашні час ідуць размовы аб вяртаньні гораду традыцыйнай гістарычнай назвы Зьдзецел ў якасьці афіцыйнай.
* * *
Адной са славутасьцяў Зьдзецела з’яўляецца палац Радзівілаў, якi быў пабудаваны у XIX стагодьдзi.
* * *
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
У 1624 годзе ўладальнік Зьдзецела Леў Сапега фінансаваў у мястэчку будаўніцтва касьцёла, ў 1646 годзе яго будаўніцтва было завершанае. У 1743 годзе касьцёл моцна пацярпеў ад пажару. У 1743–1751 гадох з фонду Мікалая Фаўстына Радзівіла вялося аднаўленьне сьвятыні пад кіраўніцтвам архітэктара Аляксандра Асiкевiча.
Сёньня касцёл Унебаўзяцьця НПМ у стылі віленскага барока, што ўзвышаецца ў цэнтры гістарычнага Рынкавага пляцу – галоўная славутасьць горада.
Каардынаты: 53.465281, 25.405212.
Гiстарычная забудова пляца 17-га Верасьня
Сёньня колiшнi Рынкавы пляц мае iншую назву: плошча 17 верасьня.
Недалёка ад Рынка знаходзіцца помнік Далідовічу. Мясцовыя жыхары кажуць, што падчас Другое сусьветнае вайны ён завёў немцаў у лес і там загінуў разам зь імі.
Помнiк Далiдовiчу