Viciebsk

Part 11. Outskirts

У Віцебску ёсьць нямала цікавых аб’ектаў і ў баку ад цэнтра горада. Сярод iх у першую чаргу варта адзначыць некалькі сакральных аб’ектаў.

Траецкі (Маркаў) праваслаўны манастыр
Царква Казанскага абраза Божай Маці

Манастыр Сьвятой Тройцы – помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў у Віцебску. Знаходзіцца на правым беразе Дзьвіны, на Маркаўшчыне. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату.

Манастыр заснавалі ў XIV–XV стагодзьдзях. Існуе паданьне пра заснавальніка манастыра – Марка Зямяніна, які на ўласным пляцы збудаваў капліцу і пачаў жыць пры ёй. Неўзабаве да яго далучаліся іншыя аднадумцы.

Манастыр існаваў да 1576 году, пазьней прыйшоў у заняпад. У 1633 годзе князь Леў Самуэль Агінскі аднавіў манастыр, збудаваў новыя Траецкую царкву і манастырскі корпус. У 1638 годзе ён надаў манастыру маёнткі Маркава і Шыдлоўшчыну. У 1651 годзе ігумен Каліст Рытарайскі збудаваў драўляную Пакроўскую царкву. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавай з Рэччу Паспалітай пад акупацыяй у 1656 годзе патрыярх маскоўскі Нікан ад імя маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча падараваў манастыру цудоўны сьпіс Казанскай іконы Божай Маці.

У 1680-я гады манастыр пацярпеў ад пажару. У 1690 годзе з фундацыі сына Льва Самуэля Сымона Караля Агінскага збудавалі новую драўляную Траецкую царкву. У 1730 годзе ў манастырскім фальварку Шыдлоўшчыне збудавалі драўляную Пятніцкую царкву, а за манастрыскай агароджай на Немцавай гары – Мікольскую царкву. У 1760 годзе замест драўлянай збудавалі мураваную царкву Покрыва Багародзіцы..

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады перавялі манастыр у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1773 годзе яго прылічылі да Пскоўскай эпархіі, у 1795 годзе – Магілёўскай, у 1798 годзе ўзьвялі ў ранг архімандрыі.

У 1918 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, у 1920-я гады – зьнішчылі Траецкую, Пятніцкую і Мікольскую цэрквы. У 1932 годзе зруйнавалі купал Пакроўскай царквы, будынак прыстасавалі пад дзіцячы сад фабрыкі «Дзьвіна». На яго тэрыторыі доўгі час разьмяшчалася міліцыя і іншыя ўстановы.

У Другую сусьветную вайну пад акупацыяй Трэцяга Райху Пакроўскую царкву адкрылі і пераасьвяцілі ў імя Маці Божай Казанскай. Па вайне за савецкім часам заставалася адзінай дзейнай у Віцебску.

23 лістапада 2000 году ўтварыўся манастыр Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. У Пакроўскую царкву вярнулі Казанскую ікону Божай Маці ў срэбным акладзе.

У 1833 годзе манастыр перадалі ў юрысдыкцыю Полацкай эпархіі.

Каардынаты: 55.171747, 30.154235. Адрес: улица Максима Горького, 84-а.

Царква сьвятога Георгія

У 1995 годзе на вуліцы Чарняхоўскага быў пабудаваны Сьвята-Георгіеўскі праваслаўны храм-помнік у гонар абаронцаў Айчыны ў азнаменаваньне 50-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Каардынаты: 55.170139, 30.198919. Праспэкт Чарняхоўскага, 28.

⟵ Previous part. Part 10
Views from the town hall

Next part. Part 12. ⟶
Night city