Нясьвіж – места каля вытокаў ракі Вушы на балтыйска-чарнаморскім водападзеле, адміністрацыйны цэнтар Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 15 808 чалавек. Знаходзіцца за 112 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Менску, за 14 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Гарадзея (лінія Менск – Баранавічы), аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Баранавічамі, Клецкам, Наваградкам і шашай Менск – Слуцак.

Нясьвіж – даўняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Радзівілаў, магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася шмат выдатных помнікаў дойлідзтва. Акрамя iснуючых сёньня, сярод тутэйшых славутасьцяў вылучаліся палац Альба, рэнэсансавы калегіюм езуітаў і барокавы комплекс кляштару бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Крыжа, помнікі архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама барокавыя комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Яна, касьцёл Сьвятой Кацярыны пры кляштары бэрнардынаў і капліца Сьвятога Ізыдора, помнікі архітэктуры XVI–XVIII стагодзьдзяў зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Большую частку нясьвіскіх збораў Радзівілаў (ювэлірныя вырабы, скульптура, творы малярства, кнігі і інш.) у канцы XVIII – XIX стагодзьдзях разрабавалі і вывезьлі ў Расею, у 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Нясьвіж утварыўся ў выніку супрацьпастаўленьня з адмоўнай часьцінкай не-, дзе аснова «сьвідзь» – сьвідзіна, 'зарасьнік хмызьняку каля ракі або возера'. Гэтая ж аснова ёсьць у назвах ракі Сьцьвігі і возера Сьвідна.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі першы пісьмовы ўпамін пра Нясьвіж датуецца 1446 годам, калі вялікі князь Казімер перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Тым часам традыцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 1223 году – паведамленьня пра князя Юрыя Нясьвіскага, які браў удзел у бітве на Калцы. Магчыма, ягонымі нашчадкамі былі князі нясьвіскія Рыгор і Іван, памянёныя ў 1388 годзе. Аднак факт існаваньня самога паселішча ў гэты час не пацьвярджаецца археалягічнымі зьвесткамі.
• З 1492 году Нясьвіжам валодаў род Кішкаў. У 1513 годзе дачка гетмана вялікага Станіслава Кішкі Ганна пабралася шлюбам з Янам Радзівілам «Барадатым». У 1533 годзе места канчаткова перайшло ў валоданьне Радзівілаў, якія збудавалі тут драўляны замак.
• У XVI стагодьдзi Нясьвіж быў адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячоў таго часу, што жылі тут, набылі шырокую вядомасьць – Сымон Будны, Лаўрэн Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Салямон Рысінскі, Даніла Набароўскі і інш. пісьменьнікі, паэты, філёзафы. У 1547 годзе Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымаў тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі, у выніку чаго места стала цэнтрам княства. У 1562 годзе ён заснаваў тут друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на старабеларускай мове.
• 7 траўня 1583 году ў Нясьвіжы пачалося будаваньне замка, у 1584 годзе тут заснавалі езуіцкі калегіюм, у 1591 годзе – кляштар бэнэдыктынак. У 1593 годзе завяршылася будаваньне касьцёла Божага Цела пры кляштары езуітаў. У 1598 годзе пачаў дзеяць кляштар бэрнардынаў.
• 23 красавіка 1586 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Нясьвіжу Магдэбурскае права і герб «у правай частцы герба, залатога колеру, палова чорнага арла; у левай – дзесяць касых вырубаў – залатога, блакітнага й чырвонага колераў», а па вяртаньні з вандроўкі ў Сырыю, Палестыну і Эгіпет Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» заснаваў Нясьвіскую ардынацыю.
• Да канца XVI стагодьдзiя Радзівілы ператварылі Нясьвіж ў фартэцыю. Места рэарганізавалі паводле заходнеэўрапейскіх прынцыпаў: прастакутны плян з 2 мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазьней зьявілася яшчэ некалькі брамаў), у цэнтры – прастакутны Рынак з ратушай; места атачалі ўмацаваны вал і роў. За Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Вушы ўтварылася прадмесьце Новае Места (у 1626 годзе тут збудавалі езуіцкую капліцу Сьвятога Ізыдора), а ў 1625 годзе на паўночна-заходнім баку ад Старога Места – прадмесьце Казімер.

Nesvisium. Гравюра Т. Макоўскага, 1604 год

• Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Нясьвіжу ліцьвінамі: «…литвин Ивашко Иванов з женою с Роинкою да с сыном с Микулайком да с сестрою з девкою Агафьицею. А сказал, что он родом литвин, католицкие веры из города Несвижа, мещанский сын, а жена де за ним литовка же тово ж города Несвижа» (1631 год). У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1638 годам значыцца Johannes Otteski, Nieswitzio-Littwanus, а пад 1643 годам – Johannes Zelenievieczky, Neszvicensis Litvanus.
• У 1625 годзе Нясьвіж зьведаў вялізны мор, што паспрыяла адкрыцьцю тут у 1627 годзе аптэкі, у 1651 годзе мор паўтарыўся. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) двойчы ў 1654 і 1659 гадох места руйнавалі казакі і маскоўскія войскі, аднак замак здолеў вытрымаць аблогі. У 1672 годзе ў Нясьвіжы заснавалі дамініканскі кляштар. На 1673 год у месьце было 366 дымоў. У 1681 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі сваім прывілеем заснаваў Нясьвіскі кірмаш. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) у 1706 годзе места разрабавалі швэдзкія войскі.
• Адбудова Нясьвіжу вялася ў 1720-я гады, калі вакол муроў узьвялі новыя валы. У 1724 годзе Радзівілы ўтварылі ў замку капэлу, а ў 1740 годзе з ініцыятывы Ф. У. Радзівіл, пачаў дзеяць прыдворны тэатар. У 1740-я гады М. К. Радзівіл «Рыбанька» заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазьней пераведзеная ў Слуцак), у 1747 годзе – кадэцкі корпус, а ў 1752 годзе – дывановую і суконную мануфактуры. У прадмесьці Альба, дзе з канца XVI стагодьдзя знаходзілася замеская рэзыдэнцыя, Радзівілы ўзьвялі мураваны палац «Эрмітаж», іншыя пабудовы, уладкавалі набярэжныя каналаў.
• У XVIІІ стагодьдзi Нясьвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзеялі кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флёцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатар Радзівілаў. У 1750–1791 гадох у месьце працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» збудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».

Панарама места з боку замка. S. Holc, 1869–1882

• Двойчы ў 1764 і 1768 гадох расейскія войскі акупавалі Нясьвіж у выніку палітычнага супрацьстаяньня Кацярыны II і Караля Станіслава Радзівіла. А ў 1772 годзе расейскія акупанты канфіскавалі гістарычныя і мастацкія каштоўнасьці замка, бібліятэку (10 тыс. кніжак) вывезьлі ў Пецярбург і разьмеркавалі ў Акадэмію навук. У 1773 годзе з утварэньнем Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы адкрылася павятовая падакруговая школа. У 1792 годзе расейскія войскі зноў акупавалі места.
• У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 годзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні (з 1796 году пазаштатнае места Слуцкага павету). У вайну 1812 году места як уладаньне Дамініка Радзівіла, які з аддзелам дзеяў у складзе войскаў Напалеона, занялі царскія войскі. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы – у Маскву, іншыя старажытнасьці – у розныя расейскія музэі і зборы. У 1813 годзе зь сьмерцю Д. Радзівіла спынілася ў мужчынскім пакаленьні тутэйшая галіна роду.
• У вайну 1812 году асноўныя пабудовы сядзiбна паркавага комплексу ў Альбе былі разбураныя.

Палац у Альбе. 1882


• У аповесьці 1840 году беларускамоўны селянін, які прыехаў зь Нясьвіжу «ад нашага князя Радзівіла», называе сябе ліцьвінам («ja Lićwin»). У гэтай жа аповесьці адзначаецца, што іншыя народы пазнаюць ліцьвінаў паводле іх «сьпеўнай мовы».
• Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1835 годзе расейскія ўлады закрылі дамініканскую школу. У 1875 годзе ў яе будынках адкрылася Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Нясьвіжы дзеялі 2 касьцёлы, царква, сынагога, 7 юдэйскіх малітоўных дамоў.

Панарама места. Напалеон Орда. 26.07.1876

• За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Нясьвіж занялі нямецкія войскі.
• 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нясьвіж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, а жыхары Нясьвіжу атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР і накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР. 6 жніўня 1919 году Нясьвіж занялі польскія войскі, у ліпені 1920 году – бальшавікі. З кастрычніка 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Нясьвіж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час адкрыліся беларуская гімназія, мескі музэй у будынку ратушы, дзе захоўваліся старажытныя пэргамэнтныя дакумэнты, залатыя ключы ад мескіх брамаў і інш. У кастрычніку 1926 году тут адбылася сустрэча маршала Юзэфа Пілсудзкага з буйнымі зямянамі.
• У 1939 годзе Нясьвіж увайшоў у БССР, ад гэтага часу радзівілаўская ардынацыя спыніла сваё існаваньне. У 1940 годзе места стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2–4 ліпеня 1944 году Нясьвіж знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1944 годзе савецкая ўлада пераўтварыла колішні замак Радзівілаў у санаторыю.
• У 2006–2011 гадох праводзілася рэканструкцыя замка Радзівілаў, якую беларускія архітэктары крытыкуюць за недастатковую навуковасьць і прафэсіяналізм, вынікам чаго стаўся разбуральны характар «рэстаўрацыйных» працаў.

Part 1. The City Niaśviž (Nyasvizh)

Касьцёл Цела Божага (Фарны) Касьцёл Цела Божага і калегюім езуітаў – помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя, знаходзіцца ў цэнтры Старога Места, на гістарычным Фарным пляцы. Твор архітэктуры...

Part 2. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Architecture

Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў або Нясьвіскі замак – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI–XVIII стагодзьдзяў, старажытная рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне места, на...

Part 3. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Interiors

У інтэр’ерах палаца кафляныя і фаянсавыя печы, аздобленыя стукавай ляпнінкай, і каміны з мэталічнымі геральдычнымі выявамі. Сьцены аздабляюцца дубовымі разнымі панэлямі, палатнянымі і скуранымі шпалерамі...

Part 4. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Park

Першыя крокі па стварэньні нясвіскіх паркаў былі зробленыя ў часы Мікалая Крыштапа Радзівіла «Сiроткi». Ужо тады каля замка быў разбітыя невялікі "Iтальянскі сад". У часы...

Part 5. Bonus. Castle before restoration + Niaśviž (Nyasvizh) in winter

Як вядома, у ноч з 24 на 25 сьнежня 2002 года з-за неахайнасьці будаўнікоў і рэстаўратараў здарыўся чарговы пажар: загарэўся цэнтральны корпус палаца. Агонь знішчыў...

Part 1. The City Niaśviž (Nyasvizh)

Касьцёл Цела Божага (Фарны) Касьцёл Цела Божага і калегюім езуітаў – помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя, знаходзіцца ў цэнтры Старога Места, на гістарычным Фарным пляцы. Твор архітэктуры...

Continue reading

Part 2. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Architecture

Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў або Нясьвіскі замак – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI–XVIII стагодзьдзяў, старажытная рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне места, на...

Continue reading

Part 3. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Interiors

У інтэр’ерах палаца кафляныя і фаянсавыя печы, аздобленыя стукавай ляпнінкай, і каміны з мэталічнымі геральдычнымі выявамі. Сьцены аздабляюцца дубовымі разнымі панэлямі, палатнянымі і скуранымі шпалерамі...

Continue reading

Part 4. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Park

Першыя крокі па стварэньні нясвіскіх паркаў былі зробленыя ў часы Мікалая Крыштапа Радзівіла «Сiроткi». Ужо тады каля замка быў разбітыя невялікі "Iтальянскі сад". У часы...

Continue reading