Biaroza district

Piéski

Пе́скі – вёска за 23 кiлямэтры ад Бярозы, за 15 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Бронная Гара, 5 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Белаазёрск, адміністрацыйны цэнтар Пескаўскага сельсавета.

Вёска ўьзнікла як Нова-Пескі з пашырэннем вёскi Пескі (пазьней Старыя Пескі) у пачатку XIX стагодьдзя ў Слонімскім павеце Гродзенскай губэрні, і з цягам часу стала галоўнай. У 1827 годзе ў ёй была пабудавана драўляная Траецкая царква.

У 1863 годзе жыхары прымалі ўдзел у паўстаньні супраць царызму, 9 мая тут адбыліся сутыкненьні паўстанцаў з войскамі.

З 1915 года вёска акупаваная германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года – войскамі Польшчы. У ліпені 1920 года ўсталяваная савецкая ўлада. З 1921 года ў складзе Польшчы, у 1924 годзе вёска ў Пескаўскай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводзтва. У 1941–1944 гадох Пескi акупаваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 16 сакавіка 1987 года вёска Старыя Пескі далучаная да Новых Пескаў.

Сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх

Сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх у Старых Песках – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры клясыцызму. Сфарміраваны ў канцы XVIII – першай палове XIX стагодьдзя ў вёсцы Старыя Пескі у маёнтку графаў Пуслоўскіх на паўднёвай ускраіне вёскі, на паўнёва-заходнім беразе возера Чорнае.

Пэйзажны парк быў разбіты на схіле да возера, вакол дзвюх сажалак адвольнай маляўнічай канфігурацыі і каналаў, праз якія былі перакінутыя масткі. На выспе адной з сажалак была ўсталяваная альтанка. Сетка алеяў пачыналася ад заходняй брамы і ўключала цэнтральны праход да партэру і два бакавыя шпацырныя маршруты, якія злучаліся каля сажалкі і далей пераходзілі ў сьцежку да возера. Вялікі шпацырны маршрут ідзе ўздоўж берага возера да капліцы і далей па галоўнай алеі ўздоўж заходняй ускраіны парка. У парку расьлі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, сасна веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрапейская, граб, вяз гладкі і іншыя. З заходняга боку знаходзіцца пладовы сад, адмежаваны ад парка прамой букавай алеяй. На паўднёвай ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (захаваліся рэшткі). «Рамантычным» дэкаратыўным элементам парку быў драўляны вятрак – цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаваньне з купальным пакрыцьцём, узьнятае на тэрасу-калянаду і выкананае ў адзіным стылі з асноўнымі будынкамі.

Паўночная брама

Мураваныя брамы выкананыя ў рамантычных формах сярэдневяковай гатычнай архiтэктуры. Паўночная ўяўляе сабой манументальнае збудаваньне з стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні трох’яруснымі вежамі і завершанае зубчастым двух’ярусным парапетам. Аформленая стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастых пад’ёмных кратаў. Па баках прыбудаваныя нізкія вартоўні.

Каардынаты: 52.497413, 25.212617.

Заходняя брама

Заходняя брама (меньшых памераў) таксама вырашаная ў стылі нэаготыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтральным арачным праездам (замураваны) і дзвюма бакавымі вартоўнямі. Кутнія часткі аб’ёмаў крапаваныя лапаткамі з стральчатымі нішамі, завершаныя зубчастым парапетам.

Каардынаты: 52.492027, 25.211886.

Сядзiбны дом

Пасьля пажару 1843 году цудоўны мураваны палац, пабудаваны ў канцы XVIII стагодьдзя з цэглы ў стылі клясыцызму, быў страчаны. Пад жытло ўладальнікаў быў прыстасаваны драўляны будынак стайні.

Каардынаты: 52.492526, 25.213467.

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

Сьвята-Траецкая царква пабудаваная ў 1827 годзе з дрэва. У 1968 годзе адноўленая.

Каардынаты: 52.510108, 25.207091.