Bieraście (Brest) district

Damačava

Для многіх жыхароў былога Саюза Дамачава асацыюецца выключна як пагранпераход на мяжы з Польшчай. Але ў мястэчка ёсьць даволі багатая гісторыя і шэраг славутасьцяў.

Упершыню Дамачава згадваецца ў XVIII стагодьдзі. Мясцовасьць ўваходзіла ў склад Берасьцейскага павета Берасьцейскага жа ваяводства.

У чэрвені 1861 года адбылося выступленьне сялянаў супраць мясцовага памешчыка, якое было задушана ваеннай сілай. У 1863 годзе адкрыта народнае вучылішча. У XIX стагодьдзі тут дзейнічалі каталіцкая капліца, царква і сынагога. Пракладка чыгункі спрыяла хуткаму эканамічнаму развіцьцю паселішча.

Да 1939 года ў складзе Польшчы Дамачава было буйным культурным і шматканфесійным мястэчкам, можна нават сказаць, курортам, бо ў яго санаторый (чыстая прырода і сасновыя лясы) з’язджалася шмат палякаў з розных куткоў краіны. Пра Дамачава ў той час пісалася нават у варшаўскай прэсе. Да гэтага моманту назіралася ўнікальная сітуацыя, калі ў адным мястэчку жылі ў міры і спакоі людзі розных канфесіяў і нацыяў, прычым даволі шматлікіх, як напрыклад, немцы-лютэране («Галендры»), якія мелі там сваю кірху, габрэі з сынагогай ў самым цэнтры места, каталікі са сваім касьцёлам, вельмі шматлікае пратэстанцкае насельніцтва cа сваiм храмам, таксама ў цэнтры, былі і пратэстанты-баптысты, якія мелі свой малельны дом. Гэтыя адрозьненьні не перашкаджалі людзям жыць і працаваць разам і сумеснымі намаганьнямі спрыяць росквіту роднага места.

Такая сітуацыя захоўвалася да 1939 года, да пераносу дзяржаўнай мяжы БССР. У гэты час большасьць габрэяў і палякаў з’ехала ўглыб Польшчы, не жадаючы ўваходзіць у камуністычную краіну, а бóльшая частка немцаў з’ехала з Дамачава яшчэ падчас першага «перасяленьня» у Сібір, дзе жывуць і дагэтуль. Колькасьць жыхароў у тыя часы значна зменьшылася, у выніку даволі буйны пасёлак згубіў свой статус і быў паніжаны да вёскі.

Пасля распаду СССР Дамачава стала паступова аднаўляцца. Вярнулася да нармальнага дзейнасці праваслаўная царква (якая, хоць і працавала ў савецкія гады, але знаходзілася ў вельмі жорсткіх умовах), быў адноўлены стары касьцёл, у якім у савецкія гады быў кінатэатар.

Царква Сьвятога Апостала Лукі

У 1788 годзе намаганьнямі жыхароў Дамачава і навакольных вёсак тут была пабудавана праваслаўная драўляная царква з капліцай. У 1905 годзе на месцы старога храма пабудавана новая драўляная царква.

Каардынаты: 51.745728, 23.591500

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл у Дамачаве быў пабудаваны ў 1854 годзе ў гонар Беззаганнага Зачацьця Найсвяцейшай Панны Марыі, а ў 1905 годзе ён быў перабудаваны. Касьцёл быў вернуты вернікам толькі ў 1999 годзе. Паўторнае асвячэньне храма праводзіў першы ў гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтак.

Каардынаты: 51.748653, 23.599763