Ivacevičy district

Cielachany

Целяханы – мястэчка на Агінскім канале, цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзяцца за 45 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Івацэвічаў, за 181 кiлямэтар ад Берасьця, на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы – Пінск. Насельніцтва на 2018 год складала 3.993 чалавекі.

Целяханы —– даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Агінскіх.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Целяханы. На думку навукоўцаў, паселішча мае патранамічную назву, якая ўтварылася ад прозьвішча Целях (сэнсавае значэньне — ‘калода, кругляк’ – цэлае, неапрацаванае бервяно). Паводле мясцовай легенды, назва пайшла ад спалучэньня словаў «Цела хана»: нібыта ў часе вялікай бітвы з татарамі загінуў хан, якога пахавалі зь вялікай пашанай і насыпалі высокі курган. Паселішча, што ўзьнікла каля кургана, пачалі называць Целяханамі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Целяханы датуецца 1554 годам. Паселішча ляжала на даўнім шляху зь Пінску да Слоніму і знаходзілася ў валоданьні княскаму роду Дольскіх (прозьвішча ўтварылася ад паселішча Дольску). У ХVІ стагодзьдзі Целяханы ўвайшлі ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У ХVІІ стагодзьдзі яны атрымалі статус мястэчка і перайшлі да роду Вішнявецкіх.

З 1744 году Целяханы знаходзіліся ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага, які ў 1775–1778 гадох заснаваў тут фаянсавую мануфактуру. Прадпрыемства вырабляла дэкаратыўныя вазы, скульптуру малых формаў, фрызы і карнізы для комінаў. У 1767–1783 гадох з пабудовай Канала Агінскага распачаўся эканамічны рост мястэчка. Тут працавала прыстань, быў добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні, на якіх выраблялі роўнадонныя баркі і паўбаркі рознай зьмяшчальнасьці. У канцы XVIII стагодзьдзя М. К. Агінскі збудаваў у Целяханах шыкоўны палац па-над Агінскім каналам (не зьбярогся), Траецкую царкву (у 1839 годзе гвалтоўна далучаная да Маскоўскага патрыярхату, не захавалася).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Целяханы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку ХІХ стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Пуслоўскіх, якія ў 1817 годзе збудавалі тут касьцёл (зьбярогся часткова). Апроч таго, у мястэчку існавалі дзьве сынагогі, прыстань, мытня.

Неаднаразова (у 1830, 1880 і 1886 гадох) Целяханы цярпелі ад пажараў. У 1837 годзе ў мястэчку пачала працаваць лякарня. У 1895 годзе на былой вуліцы Касьцельнай, на зямлі зямяніна Ф. Пуслоўскага, заснавалі гуту (шклозавод), на якой застасоўваліся найнавейшыя дасягненьні навукі і тэхнікі. Найбольшую славу Целяханская гута прыдбала сабе за вырабы з крышталю і каляровага шкла, іх высокі мастацкі ўзровень і якасьць. Паводле перапісу 1897 году, у Целяханах было 450 будынкаў, валасная ўправа, пошта, лякарня на 10 ложкаў, царква, капліца, тры юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, паравы млын, шмат крамаў (зь іх 20 малочных); пры Агінскім канале было 23 дамы; у маёнтку — 14 будынкаў, бровар; на шкляным заводзе — чатыры баракі; на станцыі — восем двароў; побач зь мястэчкам знаходзілася сяло, насельнікі якога займаліся толькі сельскай гаспадаркай, 90 хатаў, хлебазапасны магазын. У 1909 годзе Целяханы сталі цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Целяханы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Лінія фронту (стаяў да лютага 1919 году) усталявалася ўздоўж Агінскага канала, усе гідратэхнічныя збудаваньні якога былі разбураныя. У гэты пэрыяд немцы збудавалі вузкакалейку з Івацэвічаў да Целяханаў і па ёй вывозілі лес.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Целяханы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Целяханы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У 1939 годзе Целяханы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Пінскай вобласьці (з 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці).

З 1947 года пачала развівацца мэблевая вытворчасьць, а ў канцы 1948 года былі зроблены спробы вырабляць лыжы. У гэтым жа годзе было выпушчана 500 пар спартыўна-бегавых лыж. Першыя часы лыжы вырабляліся прымітыўным спосабам, таму што на прадпрыемстве мелася 4 адзінкі абсталяваньня. Лыжы былі цяжкімі: вырабляліся з суцэльнай драўніны. З кожным годам якасьць лыжаў паляпшалася, удасканальвалася канструкцыя. Акрамя масіўных лыжаў сталі выпускаць 2-х слаёвыя лыжы, а затым і шматслаёвыя. У 1980 годзе двум відам лыж прысвоены Дзяржаўны Знак якасьці. У гэтым жа годзе была асвоеная вытворчасьць дрэваплястыкавых лыж. У канцы 80-х выпуск лыж дасягнуў больш за 400 тысяч пар за год. За час удзелу на Усесаюзных выставах фабрыка мела наступныя ўзнагароды:
– 1979 год г.Пярну – два бронзавыя мэдалі;
– 1982 г.Пярну – пяць мэдалёў (3 бронзавыя + 2 сярэбраныя);
– 1984 год г.Нававятск – 3 мэдалі;
– 1988 год Мукачава – (залаты, сярэбраны, бронзавы мэдалі), дыплом 1 ступені за лыжы «Турыст».

Царква Найсьвяцейшае Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы – помнік гісторыі першай паловы XX стагодзьдзя, знаходзіцца ў цэнтры мястэчка. Дзее. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі, збудаваны ў стылістыцы мураўёвак другой паловы XIX стагодьдзя.

Новую драўляную царкву ў Целяханах збудавалі ў 1934 годзе на месцы старой царквы пабудовы XIX стагодьдзя. Прыклад выкарыстаньня ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы стылістыкі эклектычнай царкоўнай архітэктуры, якую ўлады Расейскай імпэрыі насаджалі ў межах палітыкі маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

Каардынаты: 52.514828, 25.844861.

Дзіцячая школа мастацтваў

Школа месьцiцца ў будынку пачатку мінулага стагодьдзя, які быў пабудаваны падчас міжваеннай Польскай Рэспублікі і называўся «Дом людовы». Гэта быў аналяг савецкага клюба. У сярэдзіне 70-х гадоў будынак аддалі пад дзіцячую музычную школу. Пасьля гэтага будынак перажыў рамонты, пэўнае абнаўленьне, але да 2013 году прыйшоў у заняпад. Да 2019 года ў будынку правялі рамонт і перадалі яго дзіцячай школе мастацтваў.

Каардынаты: 52.513875, 25.843912.

Помнiк Ленiну

Каардынаты: 52.517327, 25.845953.