Lachavičy district

Flerjanova

Флер’яно́ва – вёска за 6 кілямэтраў на поўнач ад цэнтра Ляхавічаў, уваходзiць у склад Навасёлкаўскага сельсавету. Побач размешчаныя вёскі Бажкі, Крэгли, Кавалі і Каранеўшчына. Праз вёску праходзіць мясцовая дарога Навасёлкі – Ляхавічы.

Сядзіба Бохвіцаў

Да 2-й паловы XIX стагодьдзя на гэтым месцы было чыстае поле. Гэтыя землі перайшлі ў спадчыну Яну Отану Бохвіцу ад бацькі Фларыяна, пісьменьніка і філёзафа, жанатага з Паўлінай Маеўскай, роднай сястрой маці Адама Міцкевіча Барбары Маеўскай. Сам Ян Бохвіц маладым афіцэрам расейскай арміі прымаў удзел у Крымскай вайне, а пасьля яе заканчэньня атрымаў шырокую папулярнасьць у сваіх родных мясьцінах як гарачы прыхільнік скасаваньня прыгонніцтва. За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863 году быў кінуты за краты ў Дынабурскую крэпасьць. Пасьля году турмы быў памілаваны, пасьля чаго шчыра ўзяўся за працу па аднаўленьні разбураных уласных сядзіб. Спачатку пабудаваў палац непадалёку ад вёскі Вошкаўцы і назваў яго імем бацькі Фларыянава, а заклаўшы новы палацава-паркавы ансамбль на рэчцы Качарэшцы пад Баранавічамі, назваў яго імем сваёй маці – Паўліпава (цяпер Паўлінава).

У Фларыянаве таксама быў закладзены экспэрымэнтальны сад, у якім вырошчваліся новыя гатункі пладовых дрэваў, што прыносіла гаспадарцы даволі высокія даходы. Пасьля Яна Отана, жанатага з Фэліцыяй Булгак, маёнтак перайшоў да яго сына Тадэвуша, які ажаніўся з Браніславай Цывінскай. Пасьля Тадэвуша Фларыянавам валодаў яго сын Ян Бохвіц, жанаты з Марыяй Гольстэн. Апошнімі гаспадарамі маёнтку да 2-й сусьветнай вайны былі блізкія родзічы Яна Бохвіца.

Палац быў пабудаваны Янам Отанам Бохвіцам каля 1870 годзе. Будынак быў драўляны, узьведзены на высокім падмурку, часткова аднапавярховы, часткова мансардавы. З боку парку існавала вэранда. Палац быў накрыты гладкім гонтавым дахам. Пазьней да палацу з двух бакоў дабудавалі ў стылі нэаготыкі мураваныя прыбудоўкі.

Пасьля заканчэньня будоўлі і рэканструкцыі палац налічваў 19 пакояў (15 на першым паверсе і 4 на другім). На другім паверсе знаходзіўся вялікі салён, аздоблены ў нэагатычным стылі. У палацы не было старадаўняй спадчыннай мэблі, а толькі набытая ў час будаўніцтва палаца. На першым паверсе акрамя бібліятэкі існавала сталовая. На сьценах пакояў першага і другога паверхаў вісела невялікая калекцыя малюнкаў мастакоў Арлоўскага і Фялінскага. Перад І-й сусьветнай вайной частка мастацкіх твораў і літаратуры была перавезена ў Нясьвіскі палац.

Пры будаўніцтве палаца вакол яго быў закладзены ўнікальны парк. Алея вяла да палаца ад уязной брамы, якая ў І-ю сусьветную вайну была разрабавана. Дзьверы брамы як арыгінальная каштоўнасьць былі зьняты і вывезены ў Нямеччыну. Паміж брамай і палацам цягнуўся доўгі газон, абсаджаны жывой агароджай. Пасярэдзіне газона расла вялікая ліпа. Газоны з кветкавымі клюмбамі абкружалі палац з усіх бакоў.

У канцы XIX – пачатку XX стагодзьдзя флер’яноўскі фальварак быў адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносінаў. Пры апошнім яго ўладальніку ў доме быў створаны летні пансіянат, які наведвалі Эліза Ажэшка – добрая знаёмая Тадэвуша Бохвіца, нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры Ўладзіслаў Рэймант, літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі і многія іншыя. «У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, сьпявае мільёнамі галасоў, якія зьвіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза Ажэшка з Флер’янова. – …Я прагну яшчэ раз у жыцьці правесьці лета, карыстаючыся гасьціннасьцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэньні бяздомных». Сёньня ў Флер’янове пра Ажэшку нагадвае стары дуб, пасаджаны пісьменьніцай у 1909 годзе. А таксама закладзены 21 красавіка 2011 году парк са 100 дубкоў. Саджанцы для парку былі ўзрошчаны з жалудоў ад дрэва, пасаджанага Элізай Ажэшка.

У пачатку XX стагодьдзя сядзіба Фларыянава стала важным культурным цэнтрам. Ян Отан Бохвіц сабраў тут багатую бібліятэку, яе наведвалі Рэйтаны з Грушаўкі, Радзівілы зь Нясвіжу.

Каардынаты: 53.092483, 26.268923.