Łuniniec district

Mikaševičy

Мікашэвічы – места на рацэ Валхве ў складзе Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 12.665 чалавек. Знаходзяцца за 54 кiлямэтры на ўсход ад Лунінцу, за 68 кiлямэтраў на поўдзень ад Салiгорску, за 155 кiлямэтраў на захад ад Мазыра. Чыгуначная станцыя на лініі Лунінец – Каленкавічы. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале.

Першы пісьмовы ўпамін пра Макашэвічы як сяло маёнтку Леніна Слуцкага княства датуецца 1785 годам. У гэты час яны налічвалі 3 двары і знаходзіліся ў валоданьні князёў Радзівілаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мікашэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ленінскай воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні.

У 1880-я гады з пракладкай Палескіх чыгунак у Мікашэвічах пачала працаваць чыгуначная станцыя, неўзабаве паселішча стала мястэчкам. У пачатку XX стагодьдзя зямянін Агаркаў збудаваў у Мікашэвічах фанэрны завод дзеля перапрацоўкі драўніны, які здаў у арэнду Чуднеру; апошні пачаў узводзіць будынкі з чырвонай цэглы (цяперашнія дзіцячы садок, школьныя майстэрні).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мікашэвічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мікашэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мікашэвічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лунінецкім павеце Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Мікашэвічы ўвайшлі ў БССР, дзе ў студзені 1940 году атрымалі афіцыйны статус працоўнага пасёлку і сталі цэнтрам сельсавету Ленінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

З 8 чэрвеня 1950 да 20 студзеня 1960 году Мікашэвічы былі цэнтрам раёну. 25 жніўня 2005 году яны атрымалі афіцыйны статус гораду раённага падпарадкаваньня.

Царква Раства Яна Прадцечы (колiшнi Касьцёл Маці Божай Каралевы)

Касьцёл Маці Божай Каралевы ў Мікашэвічах – помнік архітэктуры нэаготыкi першай паловы XX стагодзьдзя, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Мураваны касьцёл у Мікашэвічах збудавалі ў 1936 годзе. У 1960-я гады савецкія ўлады зачыніні касьцёл.

У 1990-я гады будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. Тады ж у выніку рэканструкцыі над будынкам паставілі шэраг купалоў-цыбулінаў, а таксама вежу, завершаную высокім шатром з цыбулінай.

У наш час у будынку касьцёла дзейнічае царква Сьвятога Яна Прадцечы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Каардынаты: 52.222786, 27.465377.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Падчас рэлігійных ганеньняў, учыненых савецкiмi ўладамi, і касьцёл, які размяшчаўся па вуліцы Ленінскай, і праваслаўны храм, які размяшчаўся па суседстве, былі зачыненыя. У будынку касьцёлу спачатку размяшчаўся Дом культуры, а потым – мэблевая крама.

Праз гады, пасьля доўгіх прашэньняў і хадайніцтваў, касьцёл так і не вярнулі яго паўнапраўным гаспадарам. Але, паводле прынятага рашэньня раённых і гарадзкіх уладаў, будынак адвялі пад праваслаўную царкву. А каталікі, тым часам, актыўна збіралі подпісы. Не маючы свайго храма, праводзілі богаслужэньні ў дамах і на кватэрах у сваіх прыхаджанаў. Парафію зарэгістравалі ў 1999 годзе, а будынак набылі ў 2003 годзе. Улады дазволілі каталікам выкупіць стары струхлелы будынак, дзе некалі месьцiўся дзіцячы сад і складзкія памяшканьні. Перабудова i добраўладкаваньне цягнулшся 15 год. Асьвяцілі новы адрамантаваны касьцёл у 2018 годзе.

Каардынаты: 52.215933, 27.470888. Адрас: вулiца Ленiнская 3а (Пляц Каржа).

Царква хрысьцiянаў Веры Эвангельскай

Каардынаты: 52.217575, 27.470176. Адрас: Вулiца Ленiнская,13

Помнiк Ленiну

Мікашэвічы, як вядома, колiшнi райцэнтар. Магчыма, таму тут ёсьць помнік Леніну, які, па ідэе, не належыць мець гораду, які не з’яўляецца найменьш райцэнтрам.

Каардынаты: 52.215883, 27.471901.

Гранiтны кар’ер

Каардынаты: 52.226565, 27.426609.