Pinsk district

Kupiacičy

Купяцічы – вёска каля ракі Ясельды, знаходзіцца за 9 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Пінску, 184 кiлямэтры ад Берасьця. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавету.
Насельніцтва на 2010 год – 801 жыхар.

Упершыню вёска згадваецца ў 1182 годзе у сувязі з набыцьцём дзяўчынкай Ганнай цудатворнага крыжа з выявай Багародзіцы, якая стала для праваслаўнага насельніцтва іконай Божай Маці Купяціцкай.

У другой палове XV стагодзьдзя гаспадарскае сяло ў Пінскім княстве, з 1470-х у ліку маёнткаў пінскай княгіні Мар’і Сямёнавай і сына кн. Васіля Сямёнавіча. У 1492 і 1495 гадах паводле дарчых грамат землі і людзей ў сяле атрымалі баяры Пачапоўскія, Любельскія, Федка Цішкавіч, якому насьледавалі Васіль Вядзюшка і яго зяць Міхаіл Барзабагаты. У гэты час згадваецца Багародзіцкая царква, якая атрымала тут дварышча. З 1500 году – уласнасьць князя Ф. І. Яраславіча, ад якога наданьні атрымалі Багародзіцкая царква: дварышча «лес лору», «ез на Ясолде», «штогадовую грашовую даніну». У 1519 годзе дварышча (Якунеўшчыну) атрымаў зямянін Рыгор Зенкавіч. У 1515 годзе тры дварышчы атрымала пінская Фёдараўская праваслаўная царква. У 1524 годзе гэтыя наданьні пацьвердзіў кароль Жыгімонт I Стары. З 1521 году – у Пінскім старостве, у складзе маёнткаў каралевы Боны Сфорцы. У 1522 годзе два дварышчы ў сяле атрымалі баяры пінскія Пархвяновічы.

У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Купяцiчы – сяло, цэнтар Купяціцкага войтаўства ў складзе гаспадарскага двара Ставецкага. З 1560-х – у Пінскім павеце Берасьцейскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўная ўласнасьць, цэнтар войтаўства. У 1568 годзе прывілей на зямельную маёмасьць тут атрымаў Рыгор Война. У 1628–1817 гадох тут існаваў Купяціцкі Ўвядзенскі манастыр.

Па другiм падзеле Рэчы Паспалітай (1793) вёска апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. З 1796 году – у Пінскім павеце Менскай губэрні. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя сяло, цэнтар сельскай грамады. У 1867 годзе пабудавана Мікалаеўская царква, працавала народнае вучылішча. У 1886 годзе – сяло ў Пінкавіцкай воласьці.

У 1921–1939 гадах у складзе міжваеннай Польшчы, ў Купяціцкай гміне Пінскага павету Палескага ваяводзтва. З 1939 году ў Беларускай ССР. У Другую сусьветную вайну ў ліпені 1941 – ліпені 1944 году акупаваная нямецкімі войскамі, якія ў сакавіку 1943 году зьнішчылі 160 двароў, забілі 41 жыхара.

Царква сьвятога Мікалая

Свята-Мікалаеўская царква пабудаваная ў 1867 ці 1892 годзе з дрэва ў стылi Заходнепалескай школа дойлідзтва. У 1630 годзе у гонар з’яўленьня тут цудатворнага абраза «Маці Божая Купяціцкая» Апалонія Война заснавала Сьвята-Увядзенскі мужчынскі манастыр, у якім служыў вядомы беларускі палітычны і царкоўны дзеяч Афанасі Філіповіч пасьля таго, як пакінуў Ду́байскі езуіцкі кляштар у 1636 годзе. У 1663 годзе Ян Дубянецкі ахвяраваў царкве маёнтак і грошы.

Каардынаты: 52.171658, 26.201621.

Памідорныя цяпліцы на прылеглай тэрыторыі