Pinsk

Part 05. Butrymovič Palace and Paleśsie Drama Theater

Pinsk. Part 5. Butrymovič Palace and Paleśsie Drama Theater

Палац Бутрымовіча

У 1784–1790 гадох пінскі стараста Матэуш Бутрымовіч, вядомы палітычны дзеяч таго часу, замовіў ў архітэктара К. Шыльдгаўза будаўніцтва палаца недалёка ад ракі. Матэуш Бутрымовіч быў сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, прымаў актыўны ўдзел у меліярацыі балот і будаўніцтве каналаў, якія зрабілі Пінск міжнародным портам.

Першы камень у падмурак будучага палаца заклаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прыбыў у Пінск па запрашэньні гаспадара. Палац будаваўся наступныя 10 гадоў. Ён пабудаваны ў супольнасьцi стыляў клясіцызму і барока. Пазьней палацам валодалі тры знакамітыя палескія роды: Бутрымовічы, Óрды і Скірмунты. Сярод іх былі таленавітыя скульптары, жывапісцы, пісьменнікі, гісторыкі. У XIX стагодьдзі тут жыў і тварыў славуты мастак, музыкант, пэдагог, кампазітар Напалеон Óрда.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны будынак належыў каталіцкай царкве і выкарыстоўваўся ў якасьці рэзідэнцыі біскупа. Нажаль, падчас вайны ў 1915 годзе пры адступленьні расейскіх войскаў Пінск падвергнуўся спешнай татальнай эвакуацыі. У выніку калекцыі Бутрымовічаў былі разрабаваныя альбо вывезеныя ў глыб імпэрыі, дзе іх сьляды згубіліся. Часткова былая раскоша Пінскага палаца была адноўленая ў 1920-я гады яго апошняй гаспадыняй Гартэнзіяй Скірмунт, але пасьля яе сьмерці ў 1933 годзе будынак перайшоў дзяржаве.

Па завяршэньнi Другое сусьветнае вайны ў палацы размясьцілася друкарня, пазьней – кінатэатр «Піянэр». Пасьля праведзенай рэканструкцыі 25 красавіка 2009 года ў будынку былога палаца быў адкрыты новы палац, зараз ужо палац шлюбаў.

Каардынаты: 52.114749, 26.113205

Палескі драматычны тэатар

«Першаадкрывальнікам» сінематографа ў Пінску стаў купецкі сын Давід Лейбавіч Баярскі, які ў пачатку 1911 года набыў ўчастак на скрыжаваньнi вуліцаў Інжынэрнай (зараз – Харужай) і Падоўжна-Школьнай (Каржа) і тут жа прыступіў да будаўніцтва кінатэатра. У лістападзе таго ж года адбылося адкрыцьцё першага ў Пінску кінатэатра «Казіно», які карыстаўся вялікім посьпехам. Жадаючых паглядзець кіно было так шмат, што час ад часу адміністрацыя прыстасоўвала дадатковыя глядзельныя месцы, тым самым парушаючы правілы бяспекі і ўмовы ўтрыманьня глядзельных заляў, за што даводзілася плаціць штраф. Праз два гады ў садзе пры «Казіно» гаспадар адкрыў летні кінатэатар, якi на цяперашні час не захаваўся.

Уладальнікі «Казіно» часта выязджалі за мяжу: клапаціліся, каб іх ўстанова пасьпявала за апошнімі дасягненьнямі тэхнікі і навінкамі пракату. А калі кінематограф «загаварыў», у «Казіно» была ўсталяваная вельмі якасная апаратура, якая дазваляла паказваць высокамастацкія стужкі. Пры гэтым кошты на квіткі часам нават пераўзыходзілі кошт наведваньня кінатэатра ў Варшаве.

У сакавіку 2006 года ў будынку былога кінатэатра адбылося афіцыйнае адкрыцьцё «Палескага драматычнага тэатра».

Каардынаты: 52.114045, 26.107968

Вакол тэатра расстаўлена мноства драўляных скульптураў, якія паказваюць сцэны з жыцьця герояў п’ес.

⟵ Previous part. Part 4
The streets of the city center 1. Lenina, Kamsamolskaja

Next part. Part 6. ⟶
The streets of the city center 2. Horkaha, Karža, Savieckaja, Irkucka-Pinskaj Dyvizii, Kirava