Pružany district

Šarašoŭ

Шарашо́ў (Шарашэ́ва) – мястэчка на рацэ Левай Лясной, цэнтар аднайменнага сельсавету. Знаходзіцца за 20 кiлямэтраў на захад ад Пружанаў, за 32 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце – Баранавічы), за 97 кiлямэтраў ад Берасьця.

Насельніцтва на 2018 год складала 1.720 чалавек.

Шарашоў – магдэбурскае мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася драўляная званіца ў стылі барока, драўляная Петрапаўлаўская царква і мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная Прачысьценская царква ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Шарашоў, найбольш імаверна, утварыўся ад мясцовага дыялектнага слова шэраш – «дробны лёд на рацэ ў адлігу». Паводле некаторых зьвестак, у старажытнасьці паселішча мела назву Шаршнёў – ад слова шэршань. Потым, нібы, назва зьмянілася на Шарашоў, а далей – Шарашова. Аднак, гэтая вэрсія ня мае грунту. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва мястэчка ўтварылася ад імя Шэраш (значэньне асновы – шэры), што адпавядае мясцоваму паданьню пра паходжаньне назвы і пра заснаваньне самога паселішча.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча – Шарашоў. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча – Шарашэ́ва, таксама сустракаюцца варыянты Шарашо́ва і Шо́рашава.

Паводле паданьня, на месцы Шарашова не было ніякага жытла, апроч невялікай карчмы пасярод пушчы пры гасьцінцу. Пра карчму хадзіла благая слава, быццам там знаходзяць прытулак лясныя злодзеі – за сьпіртное і дробныя грошы гатовыя нават на забойства. І быццам аднойчы тут спыніўся баярын, уночы на яго напалі злодзеі на чале з гаспадаром карчмы. На дапамогу баярыну прыйшоў пастаялец з шнарам праз твар, і разам ім удалося ўцячы. Невядомага звалі Шэрашам (імя цюрскае паводле паходжаньня), і ён быў галоўным разбойнікам у пушчы. Згодна з паданьнем, пра Шэраша хадзілі чуткі, што менавіта ён скраў каралеўскую карону вялікага князя Вітаўта, якую везьлі ад кракаўскіх ювэліраў, быццам у Шэраша бачылі вялікі дыямэнт з гэтай кароны. Баярын і Шэраш склалі дамову, паводле якой першы абяцаў выпрасіць ад вялікага князя дазвол на будову паселішча ў пушчы, тым часам другі будзе забясьпечваць бясьпеку паселішча. Такім чынам, паводле паданьня, і ўзьнік Шарашоў, першымі яго жыхарамі сталі разбойнікі Шэраша, а потым – рамесьнікі і гандляры. Шэраш абараняў паселішча і нават вяршыў справядлівы суд, ды наогул быў шчодрым чалавекам, за што шарашоўцы паважалі і любілі яго. Празь некаторы час баярына забіў абражаны муж ягонай палюбоўніцы, за што Шэраш забіў і яго. Па гэтым зьнік і сам Шэраш. Паданьне сьцьвярджае, што на гербе Шарашова (нададзены ў 1792 годзе) выяўлены не арханёл Гаўрыіл, а Шэраш.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шарашоў зьмяшчаецца ў грамаце пра яго наданьне камянецкаму намесьніку Мікалаю Насуце Шампарту і датуецца 26 студзеня 1380 году. З XV стагодьдзя Шарашоў уваходзіў у склад Камянецкага павету і знаходзіўся ў валоданьні ваяводы троцкага Яна Забярэзінскага як пасаг праз шлюб з Ганнай Ядвігай Насутаўнай. Па гібелі Забярэзінскага ў пачатку XVI ст. Шарашоў у якасьці пасагу ягонай дачкі перайшоў да старосты берасьцейскага Юрыя Ільлініча. У 1536 годзе ягоны зяць, берасьцейскі войт Ян Абрамовіч прадаў маёмасьць вялікай княгіне Боне Сфорцы, якая надала паселішчу права на самакіраваньне.

Камянiца на Пiнскi Рынке. 1930-1939

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Шарашоў увайшоў у склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Шарашову статус мястэчка, спасылаючыся на папярэднюю грамату Боны Сфорцы. У Інфлянцкую вайну тут знаходзіўся адзін з пунктаў збору войскаў Рэчы Паспалітай у часе паходу супраць Маскоўскай дзяржавы. У канцы XVI ст. мястэчка стала цэнтрам войтаўства Кобрынскага староства. У 1595 годзе Жыгімонт Ваза надаў Шарашову прывілей на таргі і кірмашы. Празь мястэчка праходзіў шлях паміж дзьвюма сталіцамі – Кракавам і Вільняй, а таксама Вялікі галоўны гасьцінец або «вялікая дарога», што ішоў да Любліна.

У XVII стагодзьдзі ў Шарашове працавалі шынкі, саладоўня, піваварня; разьвівалася смалакурэньне. Значную частку насельніцтва складалі жыды, што жылі тут сваім асабістым аб’яднаньнем – кагалам, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся больш высокай установе – Берасьцейскаму вааду (цэнтральнаму органу аўтаномнага габрэйскага абшчыннага самакіраваньня). У сярэдзіне XVII стагодьдзя паселішча прыйшло ў заняпад у зьвязку зь пераносам сталіцы Рэчы Паспалітай з Кракава ў Варшаву. З гэтай прычыны кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза скасаваў местачковыя прывілеі на кірмашы і таргі. Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1661) з прычыны разбурэньня Шарашова маскоўскімі захопнікамі Вальны сойм Рэчы Паспалітай у 1664 годзе вызваліў яго ад падаткаў на чатырохгадовы тэрмін. У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) мястэчка зноў значна пацярпела.

Шарашоўская сынагога (страчаная). 1910 год

У 1739 годзе Шарашоў стаў цэнтрам нягродавага староства, якое ўваходзіла ў адміністрацыйнае і гаспадарчае кіраваньне каралеўскага скарбу. У XVIII стагодьдзi з дазволу караля мястэчка знаходзілася ў трыманьні графаў Флемінгаў. У 1776 годзе Шарашоў страціў Магдэбурскае права і перайшоў у дзяржаўныя маёнткі. 27 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аднавіў мястэчку правы на самакіраваньне і надаў яму герб: «у срэбным полі арханёл Гаўрыіл зь лілеямі ў руцэ». У гэты час тут было 616 будынкаў і 61 рамесьнік. Да канца XVIII ст. у Шарашове не было мураваных будынкаў. У інвэнтары за 1793 год паведамлялася, што ў мястэчку былі незабрукаваныя вуліцы: Камянецкая, Віленская, Астравецкая, Новая і два Рынкі. Вуліца Ліпавая, на якой разьмяшчаўся дом гаспадара мястэчка, мела драўляны брук, а грэблі – каменны. На мяжы XVIII–XIХ стагодзьдзяў пасярод Рынку збудавалі мураваную ратушу і драўляныя гандлёвыя рады на 16 крамаў.

У Шарашове таксама існаваў невялікі палац мясцовага старосты Адама Казімера Чартарыйскага, які атрымаў мястэчка ў пасаг за Ізабэлай Даротай Балдыні – дачкой Яна Юрыя Флемінга, якую ведалі ў Рэчы Паспалітай як пісьменьніцу і лічылі адной з найпрыгажэйшых жанчын. Іхны сын Адам Ежы Чартарыскі займаў высокія пасады ў Расейскай імпэрыі, быў сябрам Аляксандра I, удзельнічаў у стварэньні аўтаномнага Царства Польскага. У час паўстаньня 1830–1831 гадоў узначаліў Польскі нацыянальны ўрад, за што пасьля здушэньня паўстаньня вымушаны быў эміграваць, а маёмасьць Чартарыскіх (у тым ліку і Шарашоў) была канфіскаваная.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, на мяжы з Прусіяй. Паселішча атрымала статус валаснога мястэчка Пружанскага павету Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году – Гарадзенскай губэрняў. Праз Шарашоў праходзілі гандлёвыя шляхі Берасьце – Горадня і Пружана – Беласток. Тут квітнелі рамяство і гандаль, у тым ліку і дзякуючы кантрабандзе на расейска-прускай граніцы. У пачатку XIХ стагодьдзя у мястэчку заснавалі 3 гарбарныя заводы і 2 суконныя мануфактуры, якія працавалі на мясцовай сыравіне; колькасьць працоўных складала 57 чалавек. У 1845 годзе адкрылася сельская вучэльня, дзейнічалі юдэйская школа і сынагога.

У 2-й палове XIХ стагодьдзя Шарашоў пачаў паступова прыходзіць у заняпад празь зьмяншэньне гандлю і рамёстваў. У 1852–1890 гадох тут існаваў дробны бровар, на якім працавала да 6 чалавек. У 1863 годзе ваколіцы мястэчка сталі месцам фармаваньня першых паўстанцкіх аддзелаў, аднак да канца года расейскія карныя войскі амаль поўнасьцю іх ліквідавалі. На канец XIХ стагодьдзя у Шарашове працавалі 9 дробных прадпрыемстваў; валасная ўправа, пошта, пачатковая народная вучэльня. Дзейнічалі Прачысьценская, Петрапаўлаўская, Мікалаеўская цэрквы, званіца, Траецкі касьцёл і сынагога.

Прачысьценская царква (страчаная)

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Шарашоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарашоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Шарашоў увайшоў у склад Беларускай ССР. У 1919 годзе мястэчка занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Шарашоў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пружанскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Шарашоў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стаў цэнтрам раёну Берасьцейскай вобласьці. У 1940 годзе ў мястэчку дзейнічалі электрастанцыя, млын, лазьня, пошта, тэлеграф, клюб, амбуляторыя, аптэка, 2 школы. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году Шарашоў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы – помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, пабудаваны ў стылi архітэктуры клясыцызму, знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, пры гістарычнай Закасьцёльнай вуліцы. Дзейнічае.

Першы драўляны касьцёл у Шарашове збудавалі ў 1539 годзе з фундацыі Боны Сфорцы. У сярэдзіне XVII стагодьдзя будынак згарэў у пажары, неўзабаве яго адбудавалі з дрэва.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Будынак згарэў у адным з пажараў у мястэчку.

У 1841–1848 годах на сродкі вернікаў і ахвяраваньні мясцовых шляхцічаў вялося будаваньне мураванага касьцёла. Праз тое, што расейскія ўлады падтрымлівалі пабудову толькі храмаў Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), касьцёл у Шарашове стаў адзіным касьцёлам у Пружанскім павеце, збудаваным у тыя часы.

Па Другой сусьветнай вайне ў 1848 годзе бальшавікі адабралі касьцёл пад склад, а касьцельныя каштоўнасьці разрабавалі.

28 ліпеня 1988 году будынак касьцёла вярнулі каталікам, у ім аднавіліся набажэнствы.

Каардынаты: 52.563012, 24.215222.

Скульптуры Пятра й Паўла на галоўным фасадзе

Каплiца перад уваходам у касьцёл

Каплiцы-пахавальнi за апсыдай касьцёла

Iнтэр’ер касьцёла

Званіца Прачысьценскай царквы

Званiца – помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю клясыцызму. Збудаваная без адзінага цьвіка, мае надпіс з часам будаваньня: «Roku 1799 mca iula dnia 27». Гэта 2-ярусная квадратная ў пляне (5,3 × 5,6 мэтраў) пабудова вышынёй 18 мэтраў.

Каардынаты: 52.554575, 24.214112.

Царква сьвятога Мікалая

Царква сьвятога Мікалая – помнік архiтэктуры сынадальнага кірунку эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка). Пабудаваная ў 1872 годзе пад кіраўніцтвам гродзенскага архітэктара Я. М. Фардона. Сродкі на яго ўзвядзенне былі выдзелены з дзяржаўнага бюджэту. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычнай Маставой вуліцы.

Войны дваццатага стагодьдзя не пакінулі разбуральных сьлядоў на помніку архітэктуры. Таму неабходнасьць правесьці первую маштабную рэканструкцыю з’явілася толькі ў 1968 годзе.

Каардынаты: 52.561911, 24.215849.

Прыдарожная каплiца

Царква Святых апосталаў Пятра й Паўла

Царква сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла – помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, знаходзіцца на могілках, на гістарычнай Капліцкай вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю клясыцызму, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купала-цыбуліны.

Калі ў 1760 годзе ў Шарашове збудавалі новую Прачысьценскую царкву, стары будынак 1700 году пабудовы разабралі і перанесьлі на могілкі на ўскрайку мястэчка.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. У 1820–1824 гадох старую царкву перабудавалі і асьвяцілі ў гонар сьвятых апосталаў Пятра і Паўла. Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Ля ўсходняе (алтарнае) сьцяны царквы спачыў заслужаны прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Міхаіл Баброўскі, які быў настаяцелем у мясцовай парафіяльнай царкве.

Улетку 1995 годзе царква загарэлася ад удару маланкі ў суседняе дрэва, аднак агонь не пасьпеў нанесьці значных пашкоджаньняў. Пасьля рамонту паставілі новы прастол, замест купала-бані – маскоўскі купал-цыбуліну, а гістарычны каваны 4-канцовы крыж замянілі на сучасны маскоўскі 8-канцовы.

На 2020 год набажэнствы адбываюцца ў дзень сьвятых Першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, а таксама ў дні паміну спачылых.

Каардынаты: 52.550947, 24.215153.