Stolin district

Davyd-Haradok

Давыд-Гарадок – места на рацэ Гарыні, цэнтар гарсавету Столінскага раёну. Насельніцтва на 2018 год складала 5.851 чалавек. Знаходзіцца за 32 кiлямэтры на паўночны ўсход ад Століну, за 39 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Гарынь (лінія Лунінец – Сарны). Рачная прыстань.

Давыд-Гарадок – магдэбурскае места гістарычнай Піншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

У аснове тапоніму Давыд-Гарадок уласнае імя ягонага заснавальніка. Лічыцца, што ім быў яцьвяскі князь, які прыняў хрысьціянства і па хрышчэньні пачаў звацца Давыдам. Таксама існуе меркаваньне, што Давыд-Гарадок заснаваў князь уладзімер-валынскі Давыд Ігаравіч, у гонар якога горад нібыта атрымаў назву. Згодна зь мясцовай легендай Давыд-Гарадок узьвёў нейкі тураўскі князь, які ў хрышчэньні ўзяў імя Давыд. Назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду). Першая назва места – Гарадок, пазьней Гарадок Давыдаў.

Афіцыйна Давыд-Гарадок (Гарадок) вядзе сваю гісторыю ад 1100 году. Тым часам паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў першы пісьмовы ўпамін пра яго датуецца 1382 годам. Археалягічныя зьвесткі сьведчаць, што паселішча ўзьнікла ў XII стагодьдзi. Яно месьцілася на насыпной гары з правага (усходняга) берагу ракі Гарынь. У XIV – пачатку XVІІІ стагодзьдзяў тут існаваў драўляны замак. У канцы XIV стагодьдзя Давыд-Гарадок стаў сталіцай княства. У 1503 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла непадалёк ад места крымскіх татараў.

У 1509 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у склад Пінскага княства. З 1522 году местам валодала вялікая княгіня Бона Сфорца. У 1558 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яго ваяводу віленскаму Мікалаю Радзівілу Чорнаму. На 1559 год тут дзеялі 4 царквы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва, а з 1586 году – Клецкай ардынацыі.

У XVII–XVIII стагодзьдзях Давыд-Гарадок быў значным асяродкам гандлю. Паводле ўскосных зьвестак, паселішча мела Магдэбурскае права. На 1653 год тут было 29 рамесьнікаў 17 прафэсіяў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) 26 верасьня 1655 году маскоўскія захопнікі пад камандаю Д. Валконскага на рачных суднах, што выйшлі з Кіева, разьбілі аддзел шляхты (400 чалавек) і мяшчанаў (300 чалавек) і на кароткі час захапілі Давыд-Гарадок, які спалілі. Пазьней места зноў трапіла пад акупацыю. У пачатку 1660 году літоўскія войскі на чале з С. Аскеркам і Д. Мурашкам вызвалілі Давыд-Гарадок.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795–1796 гадох быў цэнтрам павету. У 1796 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка Мазырскага павету, якое 22 студзеня таго ж году атрымала герб: «у чорным полі срэбная рака з прыстаньню і залатым суднам з таварамі». На 1890 год у Давыд-Гарадку дзеялі 2 царквы, касьцёл, 3 юдэйскія малітоўныя дамы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Давыд-Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Давыд-Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Столінскага павету Палескага ваяводзтва

У 1939 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам раёну (з 1961 году ў Столінскім раёне). У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Пляц Давыда

Помнiк князю Давыду

Дом культуры

Адрас: вулiца Савецкая, 26.

Кафэ «Палесьсе»

Адрас: вулiца Лучнiкоўская, 5.

Пляц Давыда. Гарвыканкам

Адрас: вулiца Юрчанкi, 11.

Помнiк Ленiну

Выгляд выканкаму з вонкавага боку

 Царква Казанскай іконы Маці Божай

Мураваную Казанскую царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Давыд-Гарадку збудавалі ў 1913 годзе на месцы драўлянай Прачысьценскай царквы 1844 году. Казанская царква – прыклад маскоўска-яраслаўскага кірунку эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі.

Каардынаты: 52.054183, 27.213848. Адрас: вулiца Юхневiча.

Палiклiнiка

Адрас: вулiца Савецкая, 30.

Царква Сьвятога Юрыя (Георгiя)

Царква Сьвятога Юрыя – помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, знаходзіцца на старажытных могілках, на гістарычнай Альшанскай вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Утварае адзіны ансамбль з 4-яруснай званіцай, накрытай шатровым дахам.

Драўляную могілкавую царкву ў Давыд-Гарадку збудавалі ў XVII стагодьдзi ў традыцыях Усходнепалескай школы дойлідзтва. У 1663 годзе Іван Дубянецкі пакінуў ёй у спадчыну маёнтак. Царква ўпамінаецца ў інвэнтары 1675 году. У 1724–1726 гадох яе перабудавалі. У 1734 годзе інтэр’ер аздаблялі тры разьбяры – Буяк Лявон, Ян, Сямён. У 1751 годзе невядомы майстар стварыў драўляны разны іканастас у стылі барока.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзейнічаць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

За савецкім часам царкву зачынілі. У 1990-я гады будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярахту.

Каардынаты: 52.056018, 27.228912. Адрас: вулiца Юхневiча.

Рака Гарынь

Знак на ўезьдзе ў места