Homiel

Part 01. Palace and park ensemble of Rumiancaŭ and Paskievič

Будаўніцтва палацава-паркавага комплексу было распачата ў 1777 годзе па ўказаньні генэрал-фэльдмаршала Пятра Аляксандравіча Румянцава (1725–1796), якому «вёсачка Гомій» была падараваная Кацярынай II за выдатныя перамогі ў вайне з Турцыяй. Уся далейшая гісторыя Гомеля пацьвердзіла, што гэтая падзея адыграла істотную ролю ў фармаваньні аблічча і архітэктуры горада, яго эканамічным і культурным развіцьці.

На былой тэрыторыі старажытнарадыміцкага дзядзінца, на месцы старога замка магнатаў Чартарыйскіх быў закладзены новы палац. Да яго стварэньня прыцягваліся вядомыя архітэктары свайго часу: Я.М. Аляксееў, К.І. Бланк, Ю.М. Фэльтэн, М.К. Масьцяпанаў. Удала было абранае месца для будаўніцтва – круты бераг ракі Сожу, які адкрываў выдатныя віды на зарэчныя далечыні.

Да сёньняшняга часу не ўдалося з дакладнасьцю ўстанавіць імя дойліда, які стварыў першапачатковы праект будынка. Сучасны беларускі даследчык архітэктуры В.Ф. Марозаў, лічыць, што ім мог быць таленавіты дойлід, аўтар праектаў шматлікіх будынкаў у Санкт-Пецярбургу, у тым ліку і знакамітага Таўрычнага палаца, І.Я. Староў.Да сёньняшняга часу не ўдалося з дакладнасьцю ўстанавіць імя дойліда, які стварыў першапачатковы праект будынка. Сучасны беларускі даследчык архітэктуры В.Ф. Марозаў, лічыць, што ім мог быць таленавіты дойлід, аўтар праектаў шматлікіх будынкаў у Санкт-Пецярбургу, у тым ліку і знакамітага Таўрычнага палаца, І.Я. Староў.

Палац Румянцавых (J. Clark, 1799–1819)

Пасля сьмерці П.А. Румянцава гомельскі палац атрымаў у спадчыну ягоны сын Мікалай Пятровіч Румянцаў, вядомы дзяржаўны дзеяч, канцлер Расейскай дзяржавы, першы старшыня Дзяржаўнага Савета, мецэнат, заступнік навукі і мастацтваў. Яго фундуш у фармаваньне Гомеля як эўрапейскага горада ў пачатку XIX стагодьдзі цяжка пераацаніць.

Пры Н.П. Румянцаве, з 1800 па 1805 год, па праекце вядомага архітэктара Дж. Кларка да цэнтральнай часткі палаца былі прыбудаваныя два двухпавярховыя флігелі. Ужо тады палац пачынаў набываць рысы, ўласьцівыя музэю. У палацы, які захапляў сучасьнікаў сваёй прыгажосьцю і вытанчанасьцю, фармаваліся розныя калекцыі, збіральнікам якіх з’яўляўся сам канцлер.

З 1826 па 1834 гады ўладальнікам Гомельскага палаца быў чалец дзяржаўнага Савета, сенатар, ганаровы чалец Расейскай Акадэміі навук, граф Сяргей Пятровіч Румянцаў, малодшы сын фэльдмаршала П.А. Румянцава-Задунайскага. Пасьля сьмерці брата Мікалая Сяргей Пятровіч атрымаў у спадчыну Гомельскі маёнтак. Пры ім частка праектаў Н. П. Румянцава была згорнутая. У 1827–1829 гадах «мястэчка Гомель са Слабадою Спасавай і вёскай Якубаўкай» былі закладзеныя ў казну, а ў 1834 годзе Гомельскі маёнтак, які ў той час складаўся больш чым з 70 населеных пунктаў, быў прададзены фэльдмаршалу князю І.Ф. Паскевічу.

У 1834 годзе ўладальнікам Гомельскага маёнтка стаў буйны расейскі ваеначальнік, удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, які праславіўся падчас руска-турэцкай і руска-пэрсідскіх войнаў, генэрал-фэльдмаршал Іван Фёдаравіч Паскевіч (1782–1856), граф Эрываньскі, святлейшы князь Варшаўскi.

Палац Румянцавых-Паскевiчаў (Марцiн Залескi, 1843–1846)

Пры новым уладальніку працягнулася фармаваньне палацава-паркавага ансамбля. У 1837–1851 гады была рэалiзавана маштабная рэканструкцыя палаца. Работы праводзіліся па праекце і пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара свайго часу Адама Ідзкоўскага. Левы флігель палаца быў перайначаны: былi прыбраныя порцікі іянічнага ордэра,быў надбудаваны трэці паверх, зьмененаф ўнутраная пляніроўка. На месцы правага флігеля была ўзьведзеная вежа, да якой прыбудавалі веранду з балконам. У вежы былі ўладкованыя апартаменты князя, размешчаныя розныя калекцыі, ваенныя трафеі, бібліятэка. Флігель і вежа злучаліся з цэнтральнай часткай галерэямі, да фасада з боку ракі быў прыбудаваны грот з вэрандай.

Адначасова з рэканструкцыяй палаца вакол яго ствараўся парк. З розных рэгіёнаў Расеі і з-за мяжы завозіліся розныя пароды дрэваў і кустоў, у тым ліку і экзатычных, рабілася разбіўка алей. У гэты ж перыяд фарміруюцца рамантычныя куткі парка. Рэчышча старажытнай рачулкі Гамяюк пераўтвараецца ў Лебядзіную сажалку, уладкоўваюцца газоны з кветнікамі, гроты, альтанкі, фантаны, у паркавых алеях усталёўваюцца копіі антычнай скульптуры. Гомельскі парк захапляў сучасьнікаў, а спецыялісты лічылі яго ў той час адным з найлепшых узораў садова-паркавага мастацтва. Пасьля гэтых пераўтварэньняў архітэктурна-паркавы ансамбль у Гомелі стаў адным з выдатных твораў А. Ідзкоўскага і адной з найлепшых сядзіб. Такім чынам, у I палове XIX стагодьдзя фармаваньне архітэктурна-паркавага ансамбля было завершанае.

Традыцыі ўладкаваньня палаца, калекцыянаваньня былі працягнутыя і пры сыне фельдмаршала Фёдары Іванавічу Паскевічу (1823–1903 гады). Па яго жаданьню ў II палове XIX стагодьдзя ў паўночным рызаліце ​​палаца была ўладкованая дамавая царква ў гонар Яна Багаслова і сьятой Лізаветы. У цэнтральнай частцы зьмянілі ганак з боку горада, быў пабудаваны існуючы пандус. У далейшым, аж да пачатку XX стагодьдзя палац захоўваў сваё аблічча без значных зьменаў.

Палац Румянцавых-Паскевiчаў. Напалеон Орда, 1877

У адной з самых цудоўных сядзіб таго часу знаходзіліся не толькі прадметы побыту, характэрныя для старажытных палацавых сядзіб, але і багатыя калекцыі. У 1882 годзе ў кнізе «Маляўнічая Расея» беларускі краязнаўца Адам Кіркор пісаў: «Розныя трафеі двух фэльдмаршалаў, зборы рэдкіх славутасьцяў, дарагія падарункі пануючых асобаў, багаты збор розных прадметаў прыгожых мастацтваў робяць гомельскі замак сапраўдным гісторыка-архэялягiчным музэем.» Пра гэта таксама красамоўна сведчаць захаваныя «Вопісы наяўнасьці гомельскага замка» за 1891 і 1910 гады. Палац, яго багатыя зборы, рэдкія калекцыі пазьней сталі асновай для стварэньня Мастацка-гістарычнага музэя, які быў афіцыйна адчынены 7 лістапада 1919 года.

У збор музея ўваходзілі «…выбітныя па багацьці камоды і мэбля, багата інкруставаная», бронзавыя гадзіньнікі і кандэлябры працы лепшых рускіх і заходняэўрапейскіх майстроў, ваенныя трафеі, мініяцюрныя партрэты, найбагатая бібліятэка… Па меркаваньні вядомых мастацтвазнаўцаў, адмыслоўцаў музэйнай справы таго часу, калекцыі і сам палац уяўлялі велізарную «гістарычную і мастацкую цікавасьць». Тут знаходзіліся работы Рауха, Шубіна, Арлоўскага, Сухадольскага, Машкова. Найбагатыя калекцыі нумізматыкі, фарфору, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сталі даступныя ўвазе наведвальнікаў музэя.

Каардынаты: 52.422282, 31.016802.

* * *

Сучасны стан палацава-паркавага комплексу Румянцавых і Паскевічаў

Вiдарыс палаца з боку набярэжнай Сожу

Гармата на пляцоўцы на поўдзень ад палаца

Адной з самых цікавых асаблівасьцяў палацава-паркавага комплексу з’яўляецца ўласна шырокі маляўнічы парк, якi абгульвае натуральныя перапады вышынь. Парк разьмешчаны ў розных узроўнях, паміж якімі зручна перамяшчацца па лесьвічках і невялікім мастках. Парк настолькі добры, што ў выпадку параўнаньня падобных, якія знаходзяцца ў Беларусі, ды, напэўна і ў цэлым у Эўропе, ён мог бы заняць першае месца па арыгінальнасьці і прыгажосьці..

У парку ўсталяваныя некалькі скульптурных кампазіцый знакамітага гомельскага аўтара Вячаслава Далгова. Сярод іх «Ладачнік» і «Прагулка з барзымi».

Скульптурная кампазiцыя «Прагулка з барзымі»

Бронзавая выява фігуры ў цыліндры князя Фёдара Паскевіча, які ідзе на шпацыр са сваімі барзымi сабакамі. Існуе гарадзкая легенда, што прывіды барзых Лорда і Марка, пахаваных у парку, па начах ахоўваюць палац і чакаюць свайго гаспадара.

Сабор Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

Мураваную саборную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Гомлі збудавалі ў 1809–1824 гадох на сродкі графа Румянцава паводле праекту архітэктара Джона Кларка. Закладка сабора адбылася 18 кастрычніка 1809 году протярэем Янам Грыгаровічам, асьвячэньне – 9 траўня 1824 году.

У 1929 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1932 годзе тут разьмясьцілі экспанаты краязнаўчага музэю, у 1935 годзе – аддзел гістарычнага музэю, а ў 1939 годзе – антырэлігійны аддзел. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941 годзе царква зноў пачала дзейнічаць. У 1949–1951 гадох праводзіўся капітальны рамонт будынка царквы. У 1960 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі царкву, у будынку якой у 1962–1988 гадох працаваў плянэтар.

1 жніўня 1988 году пачалося аднаўленьне будынка царквы, у верасьні 1989 году яго перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. 7 студзеня 1990 году ў царкве адбылася першая літургія. У 1991–1992 гадох замест аднаўленьня аўтэнтычнай 1-яруснай званіцы збудавалі новую 2-ярусную.

Каардынаты: 52.424099, 31.017529.

Царква сьвятога Яна Прадцечы (хрысьцільная)

Трохі паўднёвей сабора ў 1995 году ў ахоўнай зоне парка пабудавалі невялікую летнюю хрысьцільную царкву.

Каардынаты: 52.423781, 31.017559.

Царква сьвятога Яна Прадцечы (хрысьцільная) i Сабор Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла

Капліца-пахавальня Паскевічаў

Капліца-пахавальня сям’і князёў Паскевічаў, пабудаваная ў 1870–1789 гадах у так званым «русейкім стылі» з выкарыстаньнем матываў маскоўскай архітэктуры XVII стагодьдзя. Яна ўяўляе сабой складанае архітэктурнае збудаваньне, у наземную частку якога ўваходзіць капліца – квадратнае ў пляне цаглянае збудаваньне, накрытае высокім васьмігранным шатром з цыбульнай глаўкай. Аналягічныя глаўкі вянчаюць яго куты і склеп для пахаваньняў (пахавальня), якая аформленая невялікім наземным аб’ёмам-уваходам, адкуль лесьвіца вядзе ў падземны тунэль.

Узьвядзеньне фамільнага склепа было зроблена па ініцыятыве і на сродкі Фёдара Іванавіча Паскевіча, які валодаў Гомельскім маёнткам з 1856 па 1903 гады. Яго з’яўленьне зьвязана, у першую чаргу, з імкненьнем сына ўвекавечыць на тэрыторыі Гомельскага маёнтка памяць бацькі – выбітнага палкаводца, які ўваходзіў у кагорту самых яркіх палкаводцаў Расейскай імпэрыі XIX стагодьдзя. У сваю чаргу, Фёдар Іванавіч увекавечыў сваё імя шэрагам дабрачынных справаў, за якія ў 1888 годзе быў удастоены званьня Ганаровага грамадзяніна горада Гомеля.

Ва ўбраньні капліцы выкарыстаныя характэрныя для старажытнарасейкага дойлідзтва разны камень і мастацкі мэтал, чырвоная неглазаваная тэракота і шматколерная маёліка, смальтавая мазаіка і насьценны роспіс.

Першапачатковы праект фасада капліцы і план, распрацаваны акадэмікам архітэктуры А.І. Чарвінскім, датуецца 1866 годзе. У Магілёўскую губернскую будаўнічую камісію былі прадстаўлены чарцяжы архітэктара Ж. Майблюма, дасланыя ў 1869 годзе з Пецярбурга ў Гомельскі маёнтак. Канчатковы праект быў зацверджаны 21 сьнежня 1869 архітэктарам імпэратарскага двара І.У. Манігеці. Будаўніцтва пачалося вясной 1870 года і працягвалася да 1889 года.

У магільным склепе знаходзяцца пахаваньні 8 прадстаўнікоў сям’і Паскевічаў, у тым ліку генэрал-фэльдмаршал Іван Фёдаравіч Паскевіч, ягоная жонка Лізавета Аляксееўна Паскевіч, народжаная Грыбаедава, бацька фэльдмаршала Фёдар Рыгоравіч Паскевіч і ягоная маці Ганна Ёсіпаўна Паскевіч, дачкi Анастасiя Янаўна Лаюанава-Растоўская i Ганна Янаўна Валконская, праўнучка Аляксандра Мікалаеўна Балашава і сын Фёдар Янавіч Паскевіч.

Пасьля рэвалюцыі 1917 года з магільнага склепа зьніклі прадметы культавага прызначэньня. Самы сур’ёзны ўрон нанесены помніку ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У 1945–1949 гадох былі зробленыя абмеры і фотафіксацыя з мэтай вызначэньня нанесенай шкоды. У 1953 годзе капліца-пахавальня была ўзятая пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры рэспубліканскага значэньня. У 1969–1976 гадох была праведзеная яго рэстаўрацыя, пасьля чаго аб’ект паступіў на баланс музэя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У 1980-я гады былі пазалочаныя купалы, крыжы і імітацыі джгутоў на шатровым даху капліцы. Наступны этап рэстаўрацыі капліцы і магільнага склепа праходзіў з 2008 па 2019 гады..

Каардынаты: 52.423781, 31.017559.

Недалёка ад капліцы-пахавальні знаходзіцца пешаходны мост на левы бераг Сожа. З гэтага моста адкрываюцца неблагiя віды на гарадзкія пляжы, на затоку, дзе знаходзіцца рамонтны завод.

Рамонтная затока

Часам на гэтым мосьце можна ўбачыць незвычайных пэрсанажаў.

Набярэжная. Харэ Крышна

Перайшоўшы на супрацьлеглы ад парку бераг Сожа, можна паглядзець на палацава-паркавы комплекс з іншага ракурсу.

Краявiды зь левага берага Сажу

Духоўнае вучылiшча

У 1781 годзе ў Гомелі была заснаваная Духоўная гімназія. У канцы XVIII стагодьдзя дырэктарам і выкладчыкам гімназіі быў выхаванец Магілёўскай Духоўнай сэмінарыі Фёдар Галадкоўзкі. Пэўнага бюджэту ў школы не было. Настаўнік атрымліваў спачатку поплатак ад вучняў, а затым заробак ад магілёўскай семінарыі ў памеры 25-50 рублёў у год і ад уладальніка Гомеля графа Румянцава – 50 рублёў. У 1804 годзе Духоўная гімназія была пераўтворана ў Духоўнае вучылішча, а яе дырэктар – у наглядчыка. У 1810 годзе вучылішчу быў вызначаны бюджэт ад казны ў памеры 1200 рублёў у год і выдзеленая аднаразовая дапамога на ўладкаванне ў памеры 1360 рублёў.

Граф Мікалай Пятровіч Румянцаў, вядомы сваім укладам у развіцьцё адукацыі і навукі, які пабудаваў за свой кошт шмат будынкаў у Гомелі, пачаў будаваць і будынак для Духоўнага вучылішча. Але дабудаваць будынак, які знаходзіўся на скрыжаваньнi вулiцаў Румянцаўскай і Кірмашовай (сучасныя Савецкая і Працоўная), граф не пасьпеў, бо памёр 3 студзеня 1826 года. Па каштарысе архітэктара Івана Д’ячкова на яго дабудаваньне патрабавалася яшчэ значная па тых часах сума ў 15.000 рублёў. У 1828 годзе протаіерэй Іаан Грыгаровіч у сваім лісьце прасіў Магілёўскага біскупа Паўла паўплываць на Сяргея Румянцава, брата і спадкаемцу Мікалая, каб той ахвяраваў большую частку гэтай сумы. Яшчэ некалькі гадоў у будынку працягваліся працы. Але ў гэты час Сяргей Пятровіч вырашыў прадаць маёнтак Гомель у казну. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, сярод дакументаў аб продажы маёнтка, ёсьць сьпіс найважнейшых мураваных будынкаў мястэчка Гомель. Сярод іх згадваюцца і «два будынкі для дваранскай і духоўнай вучэльні, абодва ў два паверхі».

У выніку продажу Гомеля будынак Духоўнага вучылішча, як і многія іншыя будынкі, пабудаваныя пры Румянцавых, аказаліся ва ўласнасьці ваеннага ведамства. І толькі ў 1839 годзе будынак быў выключаны з ваеннага ведамства і перададзены для размяшчэньня ў ім Духоўнага вучылішча. Будынак быў пабудаваны ў стылі клясіцызму, спраектаваны моцна і надзейна. Фасадам з калёнамі ён выходзіў на вуліцу Базарную (сёньня Працоўная), правай сьцяной на вулiцу Румянцаўскую. Першы паверх займалі кватэры настаўнікаў, сталовая, буфэт, пакой для вучняў, другі – клясы і бібліятэка.

14 студзеня 1866 года ў Духоўным вучылішчы была «зноў уладкавана і асвечана» дамавая царква ў гонар Узнясеньня Гасподняга. Па дакументах таго ж часу Духоўнае вучылішча і прыналежная яму тэрыторыя складалі 240 квадратных сажняў, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ваенна-інжынэрнага ведамства.

Каардынаты: 52.427818, 31.019478.

 

Next Part. Part 2. ⟶
Lenin Square