Rahačoŭ district

Rahačoŭ

Рагачоў – места на сутоках Дняпра і Друці, адміністрацыйны цэнтар раёну. Места знаходзіцца за 121 кiлямэтар на поўнач ад Гомля.

Рагачоў – места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся замак каралевы Боны, помнік архітэктуры XVI стагодьдзя.

Тапонім Рагачоў утварыўся ад прозьвішча Рагач. Народная этымалёгія зьвязвае назву з разьмяшчэньнем «на рагу» пры ўтоку Друці ў Дняпро, аднак канчатак «-оў» сьведчыць пра патранамічнае паходжаньне назвы. Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапе 1695 году – Rohaczou.

Першы пісьмовы ўпамін пра Рагачоў зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1142 годам, калі паселішча ўваходзіла ў Тураўскае княства. Тагачаснае насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, апрацоўкай жалеза, каляровых мэталаў, косьці, дрэва.

Выгаднае геаграфічнае становішча Рагачова спрыяла разьвіцьцю гандлю і рамёстваў, места было важным пунктам на дняпроўскім водным шляху паміж Смаленскам, Магілёвам і Кіевам. Адзначаліся разьвітыя гандлёвыя дачыненьні з Валыньню.

У канцы ХІІІ стагодзьдзя Рагачоў як уладаньне князя Даўмонта далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV–XVІІІ стагодзьдзях места было цэнтрам староства. З канца XV стагодзьдзя Рагачоў знаходзіўся ў валоданьні князёў Яраславічаў. У 1535 годзе маскоўскія войскі захапілі і разрабавалі места.

У XVІ стагодзьдзі ў Рагачове на месцы старажытнага гарадзішча збудавалі замак і палац, званы ў народзе «замкам каралевы Боны» (у 1654 годзе яго спалілі маскоўскія захопнікі). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў места ўвайшло ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 1566 годзе згадваецца царква Сьвятых Казьмы і Дзям’яна.

У 1730 годзе на паўночнай ускраіне Рагачова пачалося будаваньне слабады, дзе ў 1743 годзе было дазволена збудаваць царкву Сьвятога Міхала Арханёла. На 1765 год места было цэнтрам староства, якое аб’ядноўвала 27 вёсак з 609 дварамі і знаходзілася ў валоданьні Пацаў. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя тут збудавалі драўляны касьцёл Сьвятога Антонія.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Рагачоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні. 16 жніўня 1781 году места атрымала герб: «у залатым полі чорны бараноў рог». У гэты час тут працавала 6 дробных прадпрыемстваў. У 1788 годзе ў Рагачове пачала працаваць паштовая кантора. У 1801 годзе адкрылася павятовая, у 1819 годзе – прыходзкая вучэльні. На 1850 год у месьце было 18 вуліцаў і завулкаў, 375 будынкаў, у тым ліку 6 скарбовых, дзейнічалі 3 царквы, працавалі 2 пошты, 46 крамаў і 23 карчмы.

У 1864 годзе ў Рагачове працавалі 24 мануфактуры, 5 гарбарняў, 5 маслабойняў, 4 цагельні, ганчарны завод, 4 бровары, 5 крупарушак, 132 рамесьнікі. Увесну 1873 году адбылася закладка мескага саду. На 1880 год у Рагачове было каля 560 дамоў, працавалі 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і гарбарныя заводы. У 1884 годзе дзейнічалі лякарня і аптэка. На 1896 год – 948 двароў. У 1900 годзе ў месьце было 1157 жылых дамоў, 210 газавых ліхтароў, працавалі аптэка, бібліятэка, жаночая гімназія, з 1909 году настаўніцкая сэмінарыя, 2 кнігарні, 2 друкарні, 5 канатных фабрык. У 1902 годзе праз Рагачоў прайшла чыгунка Магілёў – Жлобін. На 1913 год у месьце было 50 прадпрыемстваў з 185 працоўнымі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Рагачоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рагачоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзецкай воласьці Рагачоўскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рагачоў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Рагачоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 1938 году ў Гомельскай вобласьці).

У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 24 лютага 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

* * *

Замак каралевы Боны

Са страчанай спадчыны Рагачова ў першую чаргу неабходна адзначыць замак каралевы Боны цi Рагачоўскі замак – помнік гісторыі і архітэктуры рэнесансу XVI стагодьдзя. Ён знаходзіўся на высокім мысе ў сутоках рэк Дняпра і Друці. Драўляны замак прыйшоў у заняпад у XVIII стагодьдзi, мураваны каралеўскі палац пацярпеў у Другую сусьветную вайну, па якой яго дашчэнту зьнішчылі савецкія ўлады. Да нашага часу на Замкавай Гары захавалася гарадзішча, аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Драўляны замак у Рагачове збудавалі да 1563 году на месцы старажытнага гарадзішча XI стагодьдзi. У XVI стагодьдзi пасярод замка ўзьвялі мураваны палац каралевы і вялікай княгіні Боны. У 1750–1760-я гады замак абнесьлі земляным валам з ровам.

Да пачатку 1770-х гадоў замак прыйшоў у заняпад.

У ХІХ стагодзьдзі палац каралевы Боны выкарыстоўваўся як правіянцкі склад (магазын).

Палац пацярпеў у Другую сусьветную вайну, па якой яго дашчэнту зьнішчылі савецкія ўлады.

Зараз на Замкавай гары ёсьць толькi памятны знакё. Каардынаты: 53.066475, 30.049800.

Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага

Касьцёл і кляштар у Рагачове значацца на мапе другой паловы XVIII стагодьдзя з выявамі мужчынскіх кляштараў Літоўскай правінцыі бэрнардынаў.

У 1783 годзе намаганьнямі іераманаха бэрнандынскага ордэна Звагрыя Янкевіча на сродкі, ахвяраваныя Рагачоўскай шляхтай і мясцовымі жыхарамі-каталікамі, было распачата будаўніцтва драўлянага касцёла. 26 кастрычніка 1783 года дэкан Беліцкі ксёндз Людоўскі асьвяціў пабудаваны касцёл у імя Маці Божай Святой Панны Марыі.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі кляштар бэрнардынаў.

У 1910 годзе на месцы драўлянага намаганьнямі ксяндза Бернатовіча пачалося будаваньне мураванага касьцёла ў стылі нэаготыкі. 6 жніўня 1912 году адбылася яго кансэкрацыя пад тытулам Сьвятога Антонія.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад склад зерня. У канцы 1930-х гадоў у будынку разьмясьцілі цэх арцелі «Чырвоны пекар», у якім выраблялі напоі і марозіва. Улетку 1940 году ў цэху адбыўся пажар, які зьнішчыў інтэр’ер касьцёла. Па пажары з бляхі зрабілі новы касьцельны дах. Востраканечны шпіль над вежай не ўзнаўляўся, далей касьцёл выкарыстоўваўся як склад. У 1944–1948 гадох у будынку знаходзіўся пажарны пост дзеля назіраньня за местам на выпадак пажараў. Пазьней прыкладна да 1978–1980 гадоў у будынку касьцёла знаходзіўся хлебазаваод. У 1950 годзе да яго зрабілі прыбудову з цэглы.

У 1988–1989 гадох група мясцовых краязнаўцаў распачала працу з падрыхтоўкі да рэстаўрацыі будынка касьцёла. Дзеля спрыяньня гэтай справе ў 1989 годзе пры музэі «Народнай славы» ўтварылася краязнаўчае таварыства «Замчышча». У 2000 годзе, калі Рагачоў наведаў кардынал Казімер Сьвёнтак, касьцёл вярнулі каталіцкай парафіі. У 2003 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы.

Каардынаты: 53.073983, 30.047048.

Сьвята-Аляксандра-Неўская царква

У 1886 годзе у Рагачове адкрыўся праваслаўны сабор Аляксандра Неўскага, пабудаваны ў псэўдабізантыйскім стылі. Манументальны пяцікупальны храм меў цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У час Другое сусьветнае вайны храм быў зьнішчаны.

Каардынаты: 53.082735, 30.058376.

Сабор сьвятога Благавернага князя Аляксандра Неўскага

У 1989 годзе быў пабудаваны новы храм, які таксама носіць імя Аляксандра Неўскага.

Каардынаты: 53.080363, 30.047635.

Вулiца Ленiна

Галоўнай вулiцай Рагачова з’яўлялася Быхаўская вуліца, якая ў 1919–1970 гадох мела назву вулiца Цымэрмана, а сёньня гэта вулiца Ленiна.

Дом купца Беленькага

У канцы XIX – пачатку XX стагодьдзя на сродкі купца Беленькага, які быў гільдзейскім купцом ды гандляваў дарагімі тканінамі і іншымі дарагімі таварамі, быў пабудаваны жылы дом. Купец славіўся ў горадзе ня толькі набожнасьцю, але і камерцыйнай сумленнасьцю.

У 1950 годзе адбылася рэканструкцыя, была зьмененая унутраная плянiроўка дома.

Каардынаты: 53.072932, 30.050594. Адрас: Вулiца Ленiна, 34.

Вулiца Ленiна, 60

Вулiца Ленiна, 62

Былая Земская ўправа

Будынак Земскай управы быў пабудаваны ў 1914 годзе з цэглы ў стылi «мадэрн». У савецкія часы тут быў Палац працы, пазьней на першым паверсе – цэнтральная гарадзкая бібліятэка імя У.І.Леніна, на другім – цэнтар пазашкольнай працы і піянерская арганізацыя.

Адрас: Вулiца Ленiна, 60

Вулiца Луначарскага, 12

Вулiца Савецкая, 74. ЗАГС.

Вулiца Iнтэрнацыянальная, 9. Kолiшнi кiнатэатар «Перамога».

Былое рэальнае вучылішча

Буднак быў пабудаваны ў 1903–1907 гадох з цэглы на сродкі мецэнатаў Іолшыных. Помнік архітэктуры з выкарыстаннем элементаў нэаклясіцізму.

У першыя дні Вялiкае Айчынные вайны вучылiшча было спаленае. Адноўлена ў 1950-я гады. Сёньня тут месьцiцца сярэдняя школа №2.

Каардынаты: 53.079387, 30.046492. Вулiца Цымермана, 36.

Гарадзкi парк. Манумэнт «Журботная маці».

Каардынаты: 53.079788, 30.052338.

Гарадзкi парк. Ля Кургана Славы.

Гарадзкi парк.

Ваенная тэхнiка.

Машына 1В119 «Рэастат». Перасовачны пункт разведкі і кіраваньня агнём артылерыі. Сканструяваны на базе БТР-Д. Эксплуатуецца з 1982 года.

2С9 «Нона-З». 120-мм самаходная артылерыйская гармата. Эксплуатуецца з 1974 года.

БМП-2 (індэкс ГБТУ-Аб’ект 675). Гусенічная баявая машына пяхоты. Створаная ў выніку мадыфікацыі БМП-1. Эксплуатуецца з 1977 года.

УР-77 «Метэарыт». Ўстаноўка размініраваньня. Створаная на базе самаходнай гаўбіцы 2С1 “Гвазьдзіка”. Эксплуатуецца з 1978 года.

ІСУ-125 «Зверабой». Самаходна-артылерыйская ўстаноўка на базе танка ІС. Прынятая на ўзбраеньне ў лістападзе 1943 года. Шырока прымянялася летам 1944 у аперацыі «Багратыён».

Танк Т-72. Асноўны баявы танк СССР. Эксплуатуецца з 1974 года.

ПУ-12 (індэкс ГРАУ-9С-482). Рухомы пункт кіраваньня падраздзяленьняў СПА. Размяшчаецца на базе БТР-60ПБ. Эксплуатуецца з 1976 года.

Баявая машына 9П148. Баявая машына супрацьтанкавага комплексу “Конкурс”. Створаная на базе БРДМ-2. Эксплуатуецца з 1974 года.

Стадыён i Дом кнiгi.

Малочнакансервавы камбінат.

Помнік згушчонцы

Помнік згушчонцы быў урачыста ўсталяваны ў лістападзе 2013 года насупраць адміністрацыйнага будынка прадпрыемства «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат», побач з шашой Бабруйск – Крычаў. Аўтар – мастак-манумэнталіст, супрацоўнік Беларускае дзяржаўнае акадэміі мастацтваў Глеб Отчык, які выйграў конкурс эскізаў. «Мазаіка ў шкле – гэта першы аб’ект у Беларусі, да гэтага ў экстэр’еры гэтая тэхніка нідзе не выкарыстоўвалася. Гэта ручная праца, кожнае шкельца наразалася і падбіралася ўручную, таму стварэньне кампазіцыі было вельмі працаёмкім працэсам», – распавёў Глеб Отчык.

Да пастамэнта прымацаваная прамакутная таблічка з надпісам: «Тут закладзенае пасланьне для нашчадкаў. Адчынiць да 100-годдзя камбіната 23.11.2013».

Каардынаты: 53.068689, 30.020517.