Ašmiany district

Baruny

Баруны – вёска  на рацэ Жылянцы. Гэта даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Баруны» ўтварыўся да асновы «бор» і азначае жыхароў бору.

У 1613 годзе мітрапаліт Язэп Руцкі спрыяў адкрыцьцю некалькіх установаў адукацыі, у тым ліку пачатковай школы для манахаў і сьвятароў у Барунах. У гэты час мястэчка ўваходзілася ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1705 годзе Баруны атрымалi Магдэбурскае права.

У 1778–1793 гадох у Барунах вялося будаваньне мураванага манастырскага корпусу, па сканчэньні якога школа пераўтварылася ў 6-клясную.

Касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра й Паўла й манастыр базылянаў

У 1692 годзе намаганьнямі сьвятара Мікалая Песьляка ў Барунах пачалося будаваньне царквы. У 1700 годзе зь мястэчка Вішнева сюды перавезьлі базылянскую школу. Базыляне прывезьлі з сабой цудоўны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву, якая згарэла разам з усім мястэчкам у 1707 годзе.

Пастановай Варшаўскага сойму ў 1710 годзе выдзяляліся сродкі на аднаўленьне пабудоваў, аднак работы спыніліся ў 1711 годзе – з прычыны маравой пошасьці. Новая фундацыя ў 1715 годзе належыць мітрапаліту кіеўскаму і галіцкаму Л. Кішку.

Існую мураваную царкву, належачую унiятам, збудавалі ў 1747–1753 гадох у стылi вiленскага барока паводле праекту архітэктара Аляксандра Асікевіча. Дзеля афармленьня інтэр’еру, якое працягвалася да 1770 году, базыляне запрашалі найлепшых майстроў зь Вільні і Менску. У 1778–1793 гадох будаваўся мураваны манастырскі корпус.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795 года царква і манастыр працягвалі дзейнічаць. У XIX стагодьдзi базылянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, сярод якіх вядомыя пісьменьнікі, сябры Адама Міцкевіча – Антоні Эдвард Адынец і Ігнаці Ходзька.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадох у 1833 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі Маскоўскаму патрыярхату, з 1845 году ў манастыры разьмяшчалася духоўная вучэльня. Манастыр перастаў існаваць самастойна ў 1874 годзе, калі яго прыпісалі да Віленскага манастыра Сьвятога Духа. 22 верасьня 1881 году царкву пераасьвяцілі пад тытулам Покрыва Багародзіцы.

У 1920–1922 гадох у былым манастыры дзейнічала беларуская настаўніцкая сэмінарыя, дырэктарам якой быў вядомы дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі. У 1922 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі пераасьвяцілі царкву пад касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.

Каардынаты: 54.31661, 26.139334.