Astraviec district

Varniany

Варняны – вёска ля ракі Газоўкі, яна знаходзiцца ў 14 кiлямэтрах на поўнач ад Астраўцу, за 19 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Варняны – даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны.

Першы пісьмовы ўпамін пра Варняны датуецца 1391 годам. Пад 1397 годам яны ўпамінаюцца ў ліку паселішчаў, якія Ягайла перадаў Віленскаму капітулу.

У канцы XVI стагодьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне старога шляхецкага роду Абрамовічаў (Абрагамавiчаў), з якога выйшлі многія дзяржаўныя і ваенныя дзеячы, удзельнікі грамадзка-палітычнага руху ў Беларусі, Літве і Польшчы.

Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятога Юр’я ў стылі віленскага барока, сядзібна-паркавы комплекс Абрамовічаў і гістарычная местачковая забудова, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Абрамовічаў.

Касьцёл Сьвятога Юр’я

У 1462 годзе ўладальніца маёнтку Марына Сангайлава ахвяравала грошы на пабудову драўлянага касьцёла Божага Цела і плябаніі. У XVI стагодьдзi ваявода менскі і смаленскі Ян Абрамовіч забраў будынак касьцёла пад кальвінскі збор, а таксама пабудаваў школу і бальніцу, якія існавалі да сярэдзіны XVII стагодьдзя. Наступны ўладальнік гарадка, cтарадубскі стараста Самуэль Абрамовіч, які перайшоў у 1654 годзе ў каталіцтва, вярнуў будынак каталікам.

З 1743 годзе пры касьцёле служылі манахі-рохіты.

У сярэдзіне XVIII стагодьдзя ў Варнянах разгарнулася вялікае будаўніцтва. У гэты час быў створаны шырокі ансамбаль галоўнага пляцу памерам каля 5 гэктараў і была закладзеная рэгулярная пляніроўка і забудова мястэчка. Пляц прымыкае да асноўнай вуліцы вёскі, з’яўляючыся адрэзкам шашы на Астравец, і арыентаваны сваёй галоўнай восьсю на парк з вадаёмам. У айчынных і замежных крыніцах пляц заўсёды адлюстроўваўся ў выглядзе расцягнутага прамакутніка. Аднак апошняе натурнае абследаваньне паказала, што сёньня пляц мае форму трапецыі, якая пашыраецца да парку. Яе працягласьць па галоўнай восі больш за 300 мэтраў. Такія вялікія памеры адкрытай прасторы ў цэнтры паселішча ня маюць свайго аналага ў практыцы беларускага горадабудаўніцтва XVIII–XIX стагодьдзяў.

На ўсходнім баку плошчы, на яе галоўнай восі, у 1767–1769 гадах на месцы старога драўлянага быў пабудаваны новы каменны касьцёл святога Юр’я ў формах позьняга (віленскага) барока.

З інвэнтарных рукапісаў вядома, што раней каменная агароджа касьцёла і брама былі ўпрыгожаныя скульптурамі, а інтэр’еры касьцёла прыбраныя маляўнічымі вобразамі.

Па баках касьцёла пад вуглом да яго пастаўлены два кампактных двухпавярховых корпуса, у адным зь якіх была плябанія пабудовы 1770 года, а ў іншым – дом аптэкара. Такое размяшчэньне карпусоў апраўданае, бо яно падпарадкаванае архітэктурна-пляніровачнай ідэі арганізацыі пляца, замыкае яго перспектыву фронтам манумэнтальнай забудовы.

У 1880 і 1909 гадах касьцёл нязначна перабудоўваўся. Пасьля Другое сусветнае вайны ён быў зачынены і прыстасаваны пад клюб, а ў 1990 годзе вернуты каталіцкай царкве, і 11 красавіка 1990 года касьцёл быў паўторна асьвечаны.

Каардынаты: