Horadnia disrtict

Indura

Індура – вёска на аднайменнай рацэ, яна знаходзіцца за 25 кiляммэтраў на поўдзень ад Горадні, на аўтамабільнай дарозе Горадня – Вялікая Бераставіца. Індура – даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны).

Упершыню Індура ўпамінаецца ў пачатку XVI стагодзьдзя як двор маршалка Яна Давойнавіча, які ў 1522 годзе фундаваў тут драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, папярэдне ў 1525 годзе заснаваўшы мястэчка.

У другой палове XVI–XVII стагодзьдзяў маёнткам валодалі Кішкі, Радзівілы, Пацы, Валовічы, Ісайкоўскія, Млечкі, у XVIII ст. – Агінскія, Салагубы, Масальскія.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

У 1522 годзе маршалак ВКЛ Ян Давойна фундаваў у Індуры першы драўляны касьцёл пад тытулам Найсвяцейшае Тройцы, а ў 1546 годзе ізноў ахвяраваў сродкі на аднаўленьне і забеспячэньне сьвятыні. У 1815 годзе парафіянае пабудавалі ў цэнтры вёскі новы мураваны касьцёл, які замяніў стыра драўляны. У 1854 годзе сьвятыню пад гістарычным тытулам Найсвяцейшае Тройцы ўрачыста кансэкраваў віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі.

У пачатку ХХ стагодьдзя касьцёл быў значна рэканструяваны ў эклектычным стылі з рысамі нэабарока і нэаклясіцызму паводле праекта гарадзенскага губэрнскага архітэктара В. А. Срокі. У 1901–1904 гадох да паўночнага і паўднёвага фасадаў былi прыбудаваныя вежы, з усходняга боку зробленая прыбудова, якая ўключае трансэпт, апсэду і сакрысьціі. Пры перабудове выкарыстаныя элемэнты стылізатарскіх плыняў пачатку XX стагодьдзя.

Пры савецкай уладзе касьцёл дзейнічаў, тут нават працавалі айцы езуіты – адзіны выпадак у БССР. У 2000 годзе езуіцкі асяродак у Індуры атрымаў статус місіі. З 2009 года у парафіі працуюць дыяцэзіяльныя ксяндзы.

Каардынаты: 53.458577, 23.887548.

Калі мы прыехалі ў Індуру, касьцёл быў зачынены. Абыйшоўшы яго вакол, мы зьбіраліся было вярнуцца да машыны, каб працягнуць наш шлях, але тут да касьцёлу прыйшоў настаяцель з хлопчыкам. Хто быў гэты хлопчык, нам не сказалі, а сам я спытаць не наважыўся. Ды гэта на самой справе і не важна, значна важней было тое, што было ў руках у хлопца. А гэта быў неверагодных памераў ключ ад адной з дзвярэй касьцёла, з дапамогай якога ён адкрыў замок і, мы ўвайшлі ў касьцёл.

Амаль што Залаты Ключык

Iнтэр’еры Траецкага касьцёла

Внутренняя территория костёла

Царква сьвятога Аляксандра Неўскага

Аляксандра-Неўская царква ў Iндуры была пабудаваная ў 1881 годзе з цэглы на ахвяраваньні мясцовага памешчыка А. І. Казлоўскага.

Каардынаты: 53.462819, 23.884844.

Iнтэр’ер царквы

Сынагога

Індурская сынагога ўзьведзеная ў 1885 годзе. У той час у вёсцы жыло больш за дзьве тысячы габрэяў і дзейнічала дзевяць сынагог. Цагляная сынагога з’яўлялася найвышэйшым месцам у вёсцы, фасад будынка быў накіраваны ў бок Іерусаліма.

У пасьляваенны час будынак былой сынагогі аддалі калгасу, які прыстасаваў яго пад склад для ўгнаеньняў. За гэты час было зьмененае зьнешняе аблічча сынагогі, з’явілася некалькі драўляных прыбудоў, інтэр’ер быў амаль цалкам зьнішчаны.

У наш час будынак пакінуты ў запусьценні. Зьнешні пласт тынкоўкі да цяперашняга часу страчаны, што сур’ёзна зьмяніла аблічча сынагогі, якая сёньня стала нагадваць руіны.

Каардынаты: 53.460493, 23.882089.