Horadnia

Part 01. Savieckaja Square

Soviet Square. North side

Агульны выгляд паўночнага боку Савецкай плошчы. Неблагi выгляд адкрываецца з домоў, што размешчаныя ўздоўж вуліцы Стэфаны Баторыі. Тут можна ўбачыць колiшнi дом купца Мураўёва, апарт-гатэль Сямашка і іншыя цікавыя будынкі.

Гэта ж паўночная частка плошчы, але ўжо з узроўня зямлі.

Апарт-гатэль «Сямашка»

Доўгі час гэта цікавы будынак побач з домам купца Мураўёва знаходзіўся ў закінутым і паўразбураным стане. Але недзе ў 2018 годзе яго выкупіў адзін з мясцовых бізнэсмэнаў і адкрыў тут гатэль. Жыць тут нятанна, але цалкам камфортна і, мабыць, прэстыжна.

Дом купца Мураўёва

Гісторыя дома купца Мураўёва няпростая. Велізарны для свайго часу будынак узьвялi на парадным пляцы Гораднi яшчэ ў 1890-х. Цікава, што тагачасным гарадзенцам будынак не спадабаўся, яны палічылі яго «жудасным» для цэнтра некалі каралеўскага горада. Будынак вельмі выбіваўся сваім стылем, каларыстыкай і афармленьнем для ансамбля плошчы XVIII стагодьдзя. Асабняк вылучаўся сваім шыкам: вітражы ў вокнах, гербавыя шчыты на фасадных вежках, мастацка аздобленыя балкон і карнізы. Унутры – ляпніна, росьпісы, кованые поручні, кафляныя печы з залацістымі каронкамі. Зрэшты, нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што сям’я Мураўёвых, па словах гісторыка Ігара Трусава, была вядомая спекуляцыямі збожжам і пастаўкамі для царскай арміі.

У савецкі час велічны будынак у стылі мадэрн з шыкоўнымі інтэр’ерамі перадалі абласной бібліятэцы імя Карскага. Інтэр’еры не былі зьнішчаныя ні падчас Першай, ні падчас Другой сусветных войнаў: падчас бамбаваньняў выляталі шкляныя вокны і пацярпела адна з гербавых ляпнінаў, ня больш. Самае цікавае пачалося падчас пераезду бібліятэкі ўжо ў часы “перабудовы”. У 1989 годзе, калі бібліятэку выселілі, будынак фактычна страціў гаспадара. Яго спрабавалі прадаць праз аўкцыён. Кожны чарговы ўласьнік апыняўся банкрутам. Будынак быў разрабаваны яшчэ ў канцы 1980-х, а да канца 1990-х ад інтэр’ераў не засталося абсалютна нічога, пачаліся карупцыйныя скандалы і крымінальныя справы.

З 2005 года ідзе новая млявапраяўная рэстаўрацыя, у выніку якой, як чакаецца, будуць адкрыты гатэль і рэстаран зь відамі на Савецкую плошчу. На першым паверсе плянуюць пакінуць адкрытымі падвальныя скляпеньні. На другім паверсе будзе хол з выхадам на балкон, а таксама гатэльныя нумары. На трэцім – два VIP нумары, на чацвёртым – адзін, з назіральнай пляцоўкай. Унутраны дворык адвядуць пад рэстаран, які будзе праглядацца зьверху, з вокнаў, якія выходзяць на ўнутраны дворык. Пад ім – більярдны клуб. Будзе і навясны зашклёны калідор у асноўны будынак. Флігель таксама плянуецца адвесьці пад гатэль.

Касьцёл Сьвятога Францiшка Ксавэрыя (фарны)

Калі Горадня – самы прыгожы горад краіны, то касцёл Францыска Ксаверыя, ён жа фарны касцёл – відавочна адзін з самых прыгожых храмаў горада. Гэта сапраўдная візітная картка Гораднi. Размешчаны храм у самым цэнтры старога горада, недалёка ад галоўнай сынагогі.

Першая згадка пра будаўніцтва сабора датуецца XVI стагодьдзем, калі Вялікі князь Літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторый ў 1585 годзе ахвяраваў вялікую суму ў дзесяць тысячаў злотых на ўзьвядзеньне будучага самага велічнага храма Гораднi. Касьцёл быў закладзены па праекце італьянскага архітэктара Джавані Марыі Бернардоні на заходнім канцы рынкаваго пляцу, побач з драўлянай на той час фарай Вітаўта.

Аднак пляны Стэфана Баторыя не былі рэалізаваныя. Пасьля сьмерці караля будаўніцтва новага храма ў Горадне было прыпынена амаль на 40 гадоў. Да ідэі ўзьвядзеньня маштабнага каталіцкага касьцёла вярнуліся ў XVII стагодьдзі ўжо езуіты, якія ўгрунтаваліся ў гэты час у Горадні.

Езуіцкая місія з’явілася ў Горадне толькі ў 1623 годзе, а праз трынаццаць гадоў яе статус быў павышаны да рэзідэнцыі. У 1654 годзе кароль Ян Казімір ўжо маліўся ў касьцёле езуітаў. Падчас вайны з Расеяй 1654–1667 гадоў Горадню занялі маскоўскія войскі, езуіты схаваліся ў блізкіх лясах, а іх будынкі былі спаленыя. Толькі ў 1656 годзе Горадня была вызваленая войскамі гетмана Паўла Сапегі. Праз год езуіты вярнуліся ў рэзідэнцыю, а яшчэ праз пяць гадоў аднавілі дзейнасьць сваіх школаў.

Пачынаючы з 1673 года, ў Горадне пачаў зьбірацца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай, роля калегіума значна ўзрасла. Падчас соймаў езуіты праводзілі адмысловыя набажэнствы, чыталі пропаведзі, паказвалі спэктаклі школьнага тэатра, а таксама здавалі памяшканьні для амбасадараў, прымаса і сенатараў. У хуткім часе было прынятае рашэньне аб пачатку будаўніцтва храма ў гонар аднаго з самых пасьпяховых місіянэраў, якія здолелі скарыць многія краіны Афрыкі і Азіі – Ігната Лаёлы і Францішка Ксавэрыя. Завяршэньне будаўніцтва і ўрачыстае адкрыцьцё адбылося ў 1705 годзе. Ганаровае асвячэньне храма прайшло 6 сьнежня 1705 года біскупам Хэлмінскiм Тэадорам Патоцкім ў прысутнасьці саюзнікаў у вайне супраць Швэцыі – караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і расейскага імпэратара Пятра I.

Тэрыторыя вакол касьцёла паступова забудоўвалася і, у канчатковым выніку, ператварылася ў цэлы езуіцкі квартал, які уключаў таксама гаспадарчыя пабудовы, аптэку, езуіцкі калегіум і бібліятэку.

З пачатку існаваньня і да 1773 года касьцёл належаў езуіцкаму калегіуму, з 1797 гады стаў фарным. З 13 красавіка 1991 года храм стаў належаць новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. 15 сьнежня 1990 году папа Ян Павел II надаў храму тытул малой базылікі.

Каардынаты: 53.678230, 23.831178

У кожнага свой крыж.

Скульптура апосталаў на ўваходным партале.

Касьцёл пабудаваны ў стылі барока. Сучасны касьцёл апраўляюць 2 вежы-званіцы. Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на гадзіньнікавы мэханізм, убудаваны ў адну зь вежаў. Гэты гадзіннiк лічыцца найстарэйшымі ў Эўропе. Цікавы і сам мэханізм ягонай працы: яго прыводзіць у дзеяньне велічэзны камень, што апускаецца з вышыні пятнаццаці мэтраў. Першапачаткова гадзіньнiк быў ўсталяваны на вежы гарадзкой ратушы, дзе праводзіліся паседжаньнi магістрата, захоўваўся архіў, размяшчалася канцылярыя і гарадзкая казна. Пасьля зьнішчэння ратушы падчас ваенных дзеяньняў ў XVIII стагодьдзі гадзiньнiк быў перанесеныяна вежу касьцёла. Пасьля рэстаўрацыі 1987 года гадзiньнiк зноў ідзе.

Скульптуры ў верхняй частцы фасада касьцёла.

Манастырскія эмблемы і флюгеры на верхавінках званіц.

Iнтэр’еры касьцёла.

Памятны знак на месцы Фары Вiтаўта

Пра гісторыю фары Вітаўта быў аповяд ў галоўным гарадзенскім анонсе. Што тычыцца сёньняшняга стану справаў, то можна адзначыць, што месца пад аднаўленьне сьвятыні свабоднае, фатаграфіі, па якіх можна аднавіць самы стары касцёл места як звонку, так і ўнутры, відавочна есьць, грошы таксама знойдуцца. Справа за малым: дазволам уладаў. А пакуль у цэнтры плошчы ёсьць толькі памятны знак на месцы страчанай рэліквіі…

А так храм выглядаў на фатаграфіі 1935 года. Фара Вітаўта – уверсе зьлева.

Палац культуры тэкстыльшчыкаў

Ня ўсе кляштарныя карпусы езуіцкага калегіума былі зьнішчаныя. Некаторыя зь іх ацалелі, адзін з карпусоў савецкія ўлады перабудавалі пад палац культуры тэкстыльшчыкаў. Атрымалася хутчэй жудасна, чым добра. Позьнясавецi клясіцызм выглядае на адкрытай плошчы зусім несумяшчальна са старадаўняй поўначчу плошчы і касьцёлам Францішка Ксавэрыя.

Каардынаты: 53.6780016, 23.828413

Next part. Part 02. ⟶
Nabiarežnaja, Zamkavaja, Vialikaja Trajeckaja streets