Lida district

Dzikuški

Вёска Дзíкушкi (нацiск – на першы склад) размешчаная на трасе Р141, якая злучае пасёлак Беліца і горад Шчучын.

Перш мястэчка называлася Бiiкушкi і ўпершыню было згаданае ў 1506 годзе ў прывілеі Жыгімонта Старога. На працягу некалькіх стагодьдзяў землямі валодалі Гагiны, Цішкевічы, Скумiн-Тышкевічы, Вішнявецкія, Ржавускiя. У канцы XVIII стагодьдзя фальварак набыў Рафаіл Фелицианович Грабоўскі. Пры Грабоўскіх ў паселішчы была пабудавана мураваная царква, з’явіліся карчма, стайня.

Сядзiба Грабоўскiх

Грабоўскі пабудаваў першы сядзібны комплекс з жытловлымi дамамі і гаспадарчымі пабудовамі. Дом быў аднапавярховы, прамакутнай формы, да ўваходу вяла прасторная алея.

У 1920 году маёнтак набыў Мінейка. Ён дабудаваў паўкруглы франтон з калёнамі, прывезенымі з Вільні, перад уваходам у будынак. Над калянадай размяшчаўся балкон, малады чалавек наймаў мясцовых жыхароў для працы ў сьвіране, на стайні, для выкананьня сельскагаспадарчых заданьняў, па раніцах ён раздаваў з балкона даручэньнi, вечарам кантраляваў іх выкананьне і расплачваўся.

Пасля Другое сусьветнай вайны ў будынку сядзібы размяшчалася праўленьне саўгаса. Пазней там арганізавалі клюб, дзе праводзілі забаўляльныя мерапрыемствы, вясельлi, банкеты. Сёнmня некалі выдатны будынак уяўляе сабой руіны. Ні аб якім аднаўленmні, мяркуючы па ўсім, гаворкі ня йдзе.

Каардынаты: 53.627025, 25.027421.

Царква Праабражэньня Гасподняга

Лічыцца, што ў 1442 годзе прыход у Дзікушках ужо існаваў. Газэта «Литовские епархиальные ведомости» пісала, што Скуміны пабудавалі тут царкву ў 1598 годзе. Аднак паводле адных дакументаў Дзікушская царква фундацыі Скумінаў-Тышкевічаў, паводле іншых – фундацыя Мялешкаў. Магчыма справа ў тым, што гэта была ўжо другая драўляная царква на гэтым месцы: першую фундавалі Скуміны-Тышкевічы, а другую – Мялешкі.

У першай палове XIX стагодьдзя драўляная царква прыйшла ў заняпад. У 1825 годзе сьвятар Баброўскі, канонік Берасьцейскага капітула, паведамляў: «Дзікушская царква з-за сваёй старасьці пагражае разваліцца, а таму лепей было б яе апячатаць», і таму было вырашана «зьвярнуцца да яснавяльможнага пана калятара ці да ўладальніка маёнтка, на зямлі якога знаходзіцца царква, каб замест старой… пачаў мураваць у Дзікушках новую царкву».

Пасля скасаваньня уніі ў Дзікушскі прыход Літоўскай епархіі, на месца, дзе раней працаваў сьвятар Канеўскі, будучы мітрапаліт Язэп Сямашка ўладкаваў свайго бацьку, таксама Язапа Сямашку, які страціў месца святара ў Кіеўскай губерні. Пасьля таго, як Сямашка-бацька прыняў праваслаўе, ён быў высьвечаны ў 1840 голще у Жыровіцах на цiтул саборнага протаіерэя і ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам. Сямашка-бацька разам з жонкай пераехаў на Лідчыну, у Дзікушках яны пражылі 15 гадоў. Сын-мітрапаліт наведваў іх адзін-два разы ў год.

Мураваная Праабражэнская царква, пра неабходнасьць якой пісалася яшчэ ў 1825 годзе, была пабудаваная мясцовым абшарнікам Рафаілам Грабоўскім у стылi ампiр як уніяцкая, асьвечаная яна была ў 1840 годзе. Гэтая царква адразу пасля заканчэння будаўнічых работ была часова пакрытая саломай. 26 красавіка 1842 годзе загарэлася карчма, размешчаная каля царквы. Пажар хутка перакінуўся на саламяны дах храма, у якім якраз ішло набажэнства. Усе драўляныя часткі царквы згарэлі, выратавалі толькі царкоўнае начыньне. На ўзнаўленьне і ўпрыгожаньне Дзікушскай царквы настаяцель Сямашка зрабіў значныя ахвяраваньні. Ён набыў 130 пудоў ліставога жалеза і пабудаваў новы бляшаны дах, збудаваў мураваную званіцу і мураваную агароджу вакол царквы. Акрамя таго, быў уладкаваны іканастас, на двух ярусах якога стаялі абразы апосталаў, прарокаў, Спаса, Тайнай вячэры, а абраз Бога Айца быў прымацаваны да столі над прастолам.

Яшчэ ў канцы ХІХ стагодьдзi у царкоўнай рызніцы захоўвалася рукапіснае з кінавару Эвангельле. Дата напісаньня ў самім рукапісе не ўказаная, але на срэбнай дошчачцы вокладкі пастаўлены 1587 год.

Каардынаты: 53.631390, 25.042029.