Lida

Part 3. Zamkovaya and Savetskaya streets

Дом-музэй Валянцiна Таўлая

Паміж замкам і возерам ёсьць параўнальна вялікая ядальна-канцэртная пляцоўка для масавых мерапрыемстваў. З боку замка гэта дома №5 і №7 па Замкавай вуліцы. У адным зь іх знаходзіцца грыль-бар, у іншым – дом-музэй Валянціна Таўлая, беларускага паэта, літаратуразнаўцы, заходнебеларускага дзеяча.

Адрас: Вулiца Замкавая, 5…7.

Помнiк князю Гедымiну

На поўнач ад замка ёсьць невялікі трохкутны пляц, на якiм усталяваны помнік заснавальніку гораду і замка, вялікаму князю Гедыміну. Помнік усталявалі 7 верасьня 2019 года, у дзень 696-годдзя з моманту заснаваньня горада. На помніку ёсьць надпіс «Гедымін» і выява герба «Калюмны». Аўтары помніка – скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай.

Каардынаты: 53.888397, 25.302955. Адрас: вулiца Замкавая, 1.

Скульптура «Камандзіраваны»

Крыху на ўсход ад пляцоўкі з помнікам заснавальніку Ліды месьцiцца нічым не характэрная гасцініца савецкага тыпу «Ліда». А цікавае гэта месца тым, што на яго ўваходзе ў 2015 годзе ўсталявалі цікаўную скульптуру пад назвай «камандзіровачныя». Гэтая скульптура, як шмат iншых, была створаная менскім мастаком Уладзімірам Жбанавым, які, на жаль, больш нас ужо нічым не парадуе. Месца ўстаноўкі скульптуры выбрана невыпадкова. «Камандзіраваны» апрануты ў старамодны касьцюм 70-х гадоў, сядзіць на чамадане побач з цэнтральным уваходам у гатэль. У савецкі час свабодных гасцінічных нумароў часцяком бракавала. Вось і госьць Ліды сядзіць у чаканні «цуду», трымаючы ў адной руцэ карту, а другую руку працягвае мінакам у знак прывітаньня. «Камандзіраваны» ужо стаў папулярным персанажам у горадзе, а таксама ён можа дапамагчы вам стаць багацей. Па павер’і, дастаткова толькі наступіць бронзаваму турысту на чаравік. Або пацерці яму нос. А для надзейнасьці лепш зрабіць і тое, і іншае.

Каардынаты: 53.888577, 25.303887. Адрас: вуліца Грунвальдзкая, 1.

Касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа (Фарны касьцёл)

Прывілей на заснаваньне ў Лідзе парафіяльнага касьцёла быў падпісаны каралём Ягайлам 17 ліпеня 1387 года ў Лідзкім замку. Але першы драўляны касьцёл, пабудаваны на падзамчышчы, згарэў у 1392 падчас нападу крыжакаў. Адбудаваную сьвятыню 3 чэрвеня 1397 асвяціў пад падвойным тытулам святога Францішка і Святога Крыжа першы віленскі біскуп Андрэй Васіла. Апекаваліся касцёлам францішканы. У 1406 касьцёл быў зноў спалены пры нападзе на горад смаленскага князя Юрыя Святаслававіча, а ў 1414 ён быў адноўлены і асьвечаны пад трайным тытулам Найсьвяцейшай Панны Марыі, Усіх Сьвятых і Сьвятога Крыжа. У 1466 францішканы пакінулі Ліду.

7 ліпеня 1616 года фундуш лідскай Фары пацвердзіў кароль Жыгімонт I. Падчас «маскоўскага нашэсця» старажытная святыня была знішчана. Апошні драўляны будынак Фары быў асвечаны ў 1674 біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. У 1644 пры касцёле была заснавана альтарыя.

Пры касьцёле дзейнічала парафіяльная школа, а з 1624 года яшчэ і ружанцовае брацэрства. Было таксама два прытулкі: мураваны шпіталь каля касьцёла (пабудаваны ў другой палове XVIII стагодьдзя) і драўляны – пры парафіяльных могілках.

Касьцёл пад тытулам Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа, які дзейнічае і сёньня, быў пабудаваны ў стылі сталага барока біскупам Тамашам Зяньковічам за грошы, ахвяраваныя на гэтую мэту віленскім біскупам Міхалам Зяньковічам, яго дзядзькам. Будаўніцтва пачалося ў 1765 і скончылася ў 1770 годзе. Узьвялі святыню ў самым цэнтры горада, трошкі далей ад таго месца, дзе стаяў драўляны касцёл, на цэнтральнай вуліцы – Віленскай. Стары драўляны касьцёл па загадзе лідскага старасты і падстолія ВКЛ Сцыпіёна быў разабраны на матэрыял для гарадской уніяцкай царквы.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 года) касьцёл працягваў дзейнічаць. Пажар 1821 году пашкодзіў вежы над галоўным фасадам, іх ня сталі адбудоўваць.

Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 13 чэрвеня 1863 году расейскія карнікі расстрялялі ксяндза Барталямэя Фалькоўскага, пробашча парафіі ў Ішчалне.

Комплекс барокавага касьцёла з асобна пабудаванай званіцай быў абнесены мураванай агароджай з барокавай брамай. Званіца знікла яшчэ ў ХІХ стагодьдзя, агароджа знесеная ў пасьляваенны час.

У 1928 касьцёл быў iзноў асвечаны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.

За савецкім часам касьцёл працягваў дзейнічаць.

Каардынаты: 53.889264, 25.303026.

Помнiк Францiшку Скарыне

Архітэктар – Рышард Груша, скульптар твора – Валяр’ян Янушкевіч, які, да слова, з’яўляецца аўтарам яшчэ аднаго помніка ў горадзе, – Адаму Міцкевічу.

Скульптуру размясьцілі ў горадзе ў 1993 годзе ў дзень другой гадавіны аднаўленьня незалежнасьці краіны.

Каардынаты: 53.889767, 25.303163.

Вулiца Савецкая, 8а

Вулiца  Савецкая, 12. Аддзел рамёстваў i традыцыйнай культуры

Катэтральны сабор сьвятога Мiхала Арханёла колiшняга кляштара пiяраў

Кляштар піяраў у Лідзе збудавалі ў 1757–1758 гадох з фундацыі падстолія вялікага літоўскага Ігнація Сцыпіёна дэ Кампа. У 1758 годзе піяры адкрылі дармовую публічную школу.

У 1770 годзе пачалася падрыхтоўка да будаваньня калегіюму. У 1772 годзе пры калегіюме працавалі 8 піярскіх каплянаў. У 1775 годзе Варшаўскі сойм зацьвердзіў Лідзкую піярскую школу.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 года) улады Расейскай імпэрыі арыштавалі пробашча праз казаньне ў абарону Рэчы Паспалітай, у 1799 годзе частку кляштарных будынкаў канфіскавалі пад гарнізонную царкву расейскага войска. У 1797–1825 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831 гадоў) у 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі калегюім і рэарганізавалі яго ў 5-клясную шляхецкую павятовую вучэльню. У 1842 годзе касьцёл пацярпеў ад пажару. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе касьцёл гвалтоўна перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату.

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл і кляштар піярам і адрэстаўравалі комплекс.

Па далучэньні Ліды да БССР 11 кастрычніка 1939 году савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У Другую сусьветную вайну касьцёл зноў дзейнічаў. У 1948 годзе вернікі правялі рамонт касьцёла, аднак неўзабаве савецкія ўлады зноў яго зачынілі. У 1958 годзе ў будынках разьмяшчалася спартовая заля, потым музэй i плянэтарыя. У 1971 годзе савецкія ўлады зруйнавалі мураваную кляштарную браму.

У 1995 годзе будынак касьцёла перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Каардынаты: 53.893782, 25.302999. Адрас: вуліца Савецкая, 20.

Вуліца Савецкая, 26

Скульптура «Леў з ключамi»

Бронзавая скульптура была ўсталяваная ў 2010 годзе і сымбалізуе герб горада. Вырабам фігуры займаўся скульптар Уладзімір Жбанаў. Знаходзiцца скульптура на крыжаваньнi праспэкта Свабоды i вуліцы Ленiнскай.

Каардынаты: 53.890222, 25.297434.

Сонечны гадзiньнiк

Каля кінатэатра «Юбілейны» ў 2008 годзе быў усталяваны сонечны гадзіньнік, высечаны з гранітнага каменя. Гранітны цыферблат трымаецца на трох кітах, як, паводле паданьня, на іх трымаецца Зямля. Аўтар – скульптар Рычард Груша.

Каардынаты: 53.889612, 25.298654.

Царква ў гонар Усiх Сьвятых

Царква Усіх Сьвятых – мураваны праваслаўны храм, знаходзіцца на вуліцы Астроўскага, 5. Храм быў пабудаваны ў 2006 годзе з цэглы.

Каардынаты: 53.883727, 25.301421.

⟵ Previous part. Part 2
Gediminas Castle. Interiors

Next part. Part 4. ⟶
Outskirts