Ščučyn district

Ražanka

Ража́нка – старажытнае мястэчка гістарычнай Лідшчыны (частка Віленшчыны), былая сталіца графства.

Упершыню Ража́нка ўпамінаецца ў XVI стагодьдзi, калі яна ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні г.зв. гетманскай галіны роду Пацаў (называліся «графамі на Ражанцы», пачынальнік галіны – Павал Пац).

Міхал Казімер Пац, гетман вялікі, перадаў Ражанку ў заставу Халецкім, якія ў 1685 годзе адмовіліся ад яе на карысьць Яна Крыштапа Паца. Апошні прадстаўнік галіны роду Юзэф Пац пакінуў мястэчка свайму далёкаму сваяку Людвіку Міхалу Пацу (прадстаўнік старэйшай сэнатарскай галіны роду).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ража́нка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1804 у мястэчку існавала прыходзкая вучэльня. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 расейскія ўлады канфіскавалі маёнтак у Пацаў.

У 1907 годзе з адкрыцьцём чыгункі Ліда – Масты – Ваўкавыск пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.

Да нашых дзён у вёсцы захаваўся касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла, помнік архітэктуры XVII–XIX стагоддзяў. Сярод страчанай спадчыны – палацава-паркавы комплекс шляхецкага роду Пацаў.

Касьцёл сьвятых апосталаў Пятра й Паўла

Каталіцкая парафія ў Ражанцы была заснаваная ў другой палове XVII стагодьдзя. Аднак вакол даты ўзьвядзення будынка каталіцкага храма ідуць спрэчкі. Згодна з большасьцю крыніцаў, храм пабудаваны ў 1674 годзе, аднак шэраг даследчыкаў вылучае гіпотэзу аб больш раньнім будаўніцтве храма, у канцы XVI стагодьдзя, і мяркуе, што храм быў першапачаткова пабудаваны як кальвінскі збор і толькі потым перайшоў да каталікоў. Каталіцкія крыніцы гіпотэзу аб пратэстанцкім паходжаньні касьцёла абвяргаюць: «зьвесткі аб нібыта пратэстанцкім паходжаньні храма пацьвердзіць не ўдалося». У любым выпадку вядома, што 17 чэрвеня 1674 года храм быў асьвечаны як каталіцкі ў імя апосталаў Пятра й Паўла.

У 1827 годзе касьцёл быў капітальна перабудаваны на замову графа Людвіга Паца па праекце архітэктара Генрыка Марконі. Перабудова прывяла да таго, што храм набыў нэагатычны выгляд, у яго архітэктуры добра прасочваюцца рысы «ангельскай нэаготыкі», якая з’явілася ў Англіі ў другой палове XVIII стагодьдзя. Шэраг даследнікаў мяркуе, што гэтая перабудова была фактычна будаўніцтвам новага храма і прапануе лічыць датай пабудовы храма менавiта 1827 год.

У 1924–1925 гадох прайшла чарговая рэканструкцыя храма, але на вонкавае аблічча яна не паўплывала.

Храм быў зачынены ў 1960 годзе і пераабсталяваны пад краму. У 1989 годзе касьцёл быў вернуты Каталіцкай царкве, пасьля гадавога рамонту зноўку асьвечаны ў 1990 годзе.

Каардынаты: 53.536990, 24.732451.

Царква сьвятога Мiкалая (былая сынагога)

У 1990-х гадох была зарэгістраваная рэлігійнага грамада ў гонар Сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы. У 1996 годзе было вырашана будаваць храм. Будынак пабудаваны ў пачатку XX стагодьдзя і з’яўляўся былой сынагогай, якая была пераабсталяваная ў пасьляваенны час у сельскі клюб.

Каардынаты: 53.533681, 24.727924.