Slonim

Part 1. Temples

Касьцёл сьвятога Апостала Андрэя

У 1490 годзе па ініцыятыве караля Казіміра Ягелончыка ў Слоніме было пачата будаўніцтва драўлянага каталіцкага храма, які асьвяцілі праз тры гады. У 1593 годзе пры касьцёле пачалі працаваць бальніца і школа, пабудаваныя па фундацыі Льва Сапегі.

Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гадоў касцёл разбурылі, набажэнствы сталі праводзіць ў старой капліцы. У 1770–1775 гадах на месцы былога драўлянага пабудавалі новы мураваны касьцёл у стылі віленскага барока.

Фотаздымак касьцёла 1916 года

Падчас Першае сусьветнае вайны ў 1915 годзе касьцёл атрымаў значныя пашкоджаньні, але ў 1920-я гады помнік аднавілі. Па Другой Сусветнай вайне савецкія ўлады касьцёл зачынілі і сталі выкарыстоўваць у якасьці салянага склада.

Пасля распаду СССР і аднаўленьня каталіцкіх структураў у 1990-м годзе касьцёл вярнулі вернікам, пачалася рэстаўрацыя помніка. У 1993 годзе адноўлены касьцёл нанова асьвяцілі.

Каардынаты: 53.097648, 25.330204.

Вiдарыс касьцёла ўначы

Царква Праабражэньня Гасподняга (колiшнi касьцёл лятэранскіх канонікаў)

У 1635 годзе Пінскі біскуп Яўхім Гарбацкі і Ян Станіслаў Сапега заснавалі ў Слоніме кляштар Латэранскіх канонікаў. Пасьля сьмерці Яна Станіслава ў 1650 годзе волю нябожчыка выканаў ягоны брат, слонімскі стараста, падканцлер Вялікі Літоўскі, стараста Казімір Леў Сапега.

Па трэцiм падзеле Рэчы Паспалітай 1795 года касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць, у 1800 годзе яго нават рэканструявалі. Але па задушэньнi вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і адабралі будынак ў каталікоў.

Первоначальный барочный костёл Божьего Тела, аутентичный вид 1884 года

У 1845 годзе касьцёл прыстасавалі пад царкву Маскоўскага патрыярхату, а кляштар разбурылі, але кляштарны корпус захавалі. Канчаткова ж манастыр разам з касьцёлам быў разбураны ўжо пасьля Другое сусьветнае вайны, цяпер ужо савецкімі ўладамі. Адбылося гэта ў 1950-х гадох.

У 1994–2005 гадох на месцы касьцёла пабудавалі сабор Праабражэньня Гасподняга Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату, які мае частковае падабенства з знішчаным помнікам, што для праваслаўнай царквы вельмі нетыповае рашэньне. Атрымалася не занадта далёка ад арыгінала.

Каардынаты: 53.096379, 25.318018.

Вiдарыс з боку апсыды

Правільнай дарогай ідзяце, таварышы! (с)

Iнтэр’еры царквы

Ўнутранае ўбраньне. Нечакана апынулася, што сьцены ўнутры царквы апынуліся запар залепленыя стылізаванымі шпалерамі. Магчыма, у будучыні сітуацыя зьменіцца да лепшага, але па стане на 2019 год, відаць, не хапае сродкаў.

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак

Кляштар бернардынак быў заснаваны ў 1645 годзе па фундацыі Кацярыны і Аляксандра Юдзіцкiх, а ў перыяд паміж 1664 і 1670 гадамі тут ўзьвялі драўляны касьцёл. У 1670 годзе ён згарэў, але на яго месцы ў 1670 пачалі пабудову новага барочнага касьцёла, зараз ужо каменнага, які асьвяцілі ў 1690 годзе.

Першапачаткова комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, акружанага сьцяной з ўязной брамай-званіцай. Пасьля Другое сусьветнае вайны савецкія ўлады разбурылі кляшторную браму, але нядаўна яна былі рэканструяваная. У цяперашні час касьцёл дзейнічае, а ў памяшканьнях кляштара размяшчаецца медыцынская ўстанова.

Каардынаты: 53.094811, 25.318458.

Iнтэр’еры касьцёла

Вялiкая сынагога

У даваенны час Слонім, як вядома, быў буйным габрэйскім мястэчкам, адсюль родам была нават вядомая хасідзкая дынастыя. Зразумела, у такiм важным горадзе не магло ня быць манумэнтальнай Галоўнай Сынагогі. Такая існуе ў Слоніме з даўніх часоў, бо пабудавалі яе ў 1642–1648 гадох.

Пабудавалі Вялікую Сінагогу ў Слоніме ў 1642 годзе ў стылі барока ў гістарычным цэнтры горада ў сістэме яго абарончых збудаваньняў. Гэта магутная пабудова была абнесеная па перыметры побач пазьнейшых нізкіх пабудоваў. Доўгі час сынагога з’яўлялася галоўным аб’ектам старадаўняга пляцу, да якой сьцякаліся гарадзкія вуліцы.

У 1881 году сынагога моцна пацярпела ад вялікага пажару. Адразу ж пасьля гэтага на ахвяраваньні вернікаў дзейнасьць сынагогі была адноўленая, хоць мясцовыя ўлады дазволу на гэта не давалі.

Вялiкая сынагога ў пачатку XX стагодьдзя

Пасьля Другое сусьветнай вайны бальшавікі прыстасавалі будынак пад склады.

У 2001 годзе сынагогу вярнулі Юдэйскаму рэлігійнаму аб’яднаньню ў Беларусі. Але мабыць, габрэяў у горадзе не засталося, а ў тых нешматлікіх, хто яшчэ не выехаў, на аднаўленне сродкаў, на жаль, няма. Сёньня сынагога знаходзіцца на рэстаўрацыі, якая, зрэшты, за апошнія гадоў пяць практычна ні на ёту ня зрушылася. І гэта вялікая праблема, як для вернікаў, так і для турыстаў, паколькі з-за таго, што тэрыторыя абнесеная высокім плотам, разгледзець што-небудзь даволі праблематычна.

Каардынаты: 53.093666, 25.317743.

Сабор сьвятой жываначальнай Тройцы (колішні касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы кляштара бэрнардынаў)

У 1630 годзе ў Слоніме з фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў заклалі драўляны касьцёл пры кляштары бэрнардынаў. На яго месцы ў 1639–1645 гадох збудавалі мураваную сьвятыню, асьвечаную ў 1671 годзе. У 1668 і 1750 гадох да апсыды касьцёла прыбудавалі дзьве бакавыя капліцы. У 1749 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус (захаваўся надпіс «1749» на кутнім камені падмурка).

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў i прымусова перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату, а ў будынку кляштара размясьцілі інтэрнат Слонімскага духоўнага вучылішча.

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам і адрэстаўравалі яго. Кляштарны корпус выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.

Па далучэньні Слоніма да БССР (1939 год) савецкія ўлады перадалі касьцёл Маскоўскаму патрыярхату. У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал-баня. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік архітэктуры віленскага барока.

У 2012 годзе ў мас-мэдыя шырока асьвятлалася аднаўленьне аўтэнтычнага купала-бані. Аднак 27 кастрычніка 2015 году мясцовы бацюшка Дзьмітры Сёмуха замяніў адноўлены купал на пазалочаную цыбуліну вялікага памеру, якая зьнявечыла гістарычнае аблічча помніка архітэктуры. Таго ж году кіраўнік Беларускага экзархату Павал (Панамароў) уручыў Дзьмітрыю Сёмуху царкоўны ордэн.

Каардынаты: 53.092005, 25.320717.

Падысьці да апсыднай часткі можна толькі, абышоўшы ўвесь квартал з поўдня. Усюды агароды, ушчыльную падысьці дастаткова праблематычна, тым больш, калі ня ведаеш таемных праходаў. Таму від на апсыду толькі з боку тых самых агародаў, якія ідуць да самай Шчары.

Iнтэр’еры сабора

Next Part. Part 2. ⟶
Residential development of the center