Smargoń district

Vojstam

Войстам – вёска на правым беразе ракі Нарачанкі, знаходзіцца за 20 кiлямэтрах на паўночны ўсход ад Смаргоні. Войстам – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Войстам (пад назвай Ушакова) датуецца 1460 годам, калі Вайдыла і Ядалговічы заснавалі тут касьцёл. Пачынаючы з XVI стагодьдзя паселішча ўпамінаецца пад сучаснай назвай. У розныя часы Войстам знаходзіўся ў валоданьні Зяновічаў, Радзівілаў, Пшазьдзецкіх, Талвошавічаў, Буцьвіловічаў, Рачыевічаў, Яновічаў, Зяновічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.

На мапе Тамаша Макоўскага 1613 году Войстам значыцца як мястэчка. Паводле прывілея караля і вялікага князя Міхала Вішнявецкага ад 1672 году тут пачалі праводзіцца кірмашы. У XVIII стагодьдзi маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Храпавіцкіх, Бужынскіх.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Войстам апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Ашмянскага, з 1842 году Сьвянцянскага павету Віленскай губэрні. У пачатку XIX ст. мястэчка перайшло да Пшазьдзецкіх. У 1860 годзе тут адкрылася земская народная вучэльня.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

Звесткі пра першы касьцёл адносяцца да 1440 года. Галоўным фундатарам войстамскай плябаніі лічыўся Стэфан Андрушкавіч-Ядоўгавіч, які, ня маючы нашчадкаў, у 1491 годзе надзяліў касьцёл зямлёю, халопамі і вёскамі. Потым фундуш памножылі Адам Андрушкавіч, Анджэй Ядоўгавіч, Мацей Андрушка. У сярэдзіне XVI стагодьдзя пры касьцёле дзейнічала альтарыя.

У XVI стагодьдзі касьцёл стаў кальвінскім зборам (па іншых звестках — толькі страціў на карысць рэфарматараў частку зямельных уладаньняў). Але з другой паловы XVII стагодьдзя ў Войстаме зноў адзначаецца дзеючы касьцёл.

Старажытная сьвятыня была знішчаная падчас нашэсьця Масковіі ў 1654–1661 гадох. Адбудаваны храм у 1674 быў кансэкраваны біскупам Мікалаем Слупскім, суфраганам віленскім, цяпер ужо пад тытулам Найсьвяцейшае Тройцы. У XVIII стагодьдзi тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіюма ў Жодзішках.

Апошні драўляны храм, узведзены ў цэнтры мястэчка ў 1744-1745 гадох – гэта была дзвюхвежавая трохнававая базыліка з трансэптам, інтэр’ер якой упрыгожвалі 10 алтароў. Трох’ярусныя чацверыковыя вежы ўвенчваліся барокавымі купаламі, уваход на касьцёльную тэрыторыю, абгароджаную бутавым мурам, пазначала трох’ярусная магутная брама-званіца. Кансэкраваў сьвятыню ў 1851 віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі. Пры касьцёле дзейнічалі школка для дзяцей і шпіталь-прытулак для старых.

Драўляны касцёл згарэў падчас Першае сусьветнае вайны. Функцыю парафіяльнай сьвятыні ўзяла на сябе часовая драўляная капліца, пастаўленая ў заходняй частцы касьцёльнага ўчастка, а ў 1927 годзе пачалі ўзводзіць велічны касьцёл у стылі мадэрн з вонкавай цэглы на высокім цокалі з бутавага каменю. Але хуткае будаўніцтва было не пад сілу невялікай парафіі, а потым Другая сусьветная вайна і наступныя за ёй дзесяцігодьдзі атэізму так і ня далі завяршыць пачатае. Толькі ў 1980-я гады, калі сьвятыню вярнулі парафіянам, будаўніцтва прадоўжылася. Аднак храм атрымаўся не такі, якім ён быў задуманы архітэктарамі. Галоўны фасад так і ня скончаны і, хутчэй, нагадвае часовае рашэньне. У дадатак, у 1991 годзе ў сьвятыні адбыўся пажар, які зьнішчыў завяршэньне галоўнага фасада – дзвюх’ярусную шатровую вежачку, фланкаваную рызалітамі са ступеньчатымі атыкамі.

Каардынаты: 54.573632, 26.617737.

На касьцёльным двары ў 2010-м годзе ўсталяваныя памятныя камяні ў гонар 600-годьдзя Грунвальдскай бітвы, а таксама ў гонар 570-годьдзя існавання Войстамской парафіі. За будынкам храма знаходзіцца памятны крыж ахвярам фашызму і камунізму.