Vaŭkavysk district

Mścibaŭ

Мсцібаў (Мсцібава) – даўняе беларускае мястэчка, якое сфармавалася ў XII–XIII стагодьдзях.

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Мсцібаў істотна пацярпеў: з 543 ягоных будынкаў тут засталося толькі 230.

У 1744 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку Магдэбурскае права. У 1792 годзе каля Мсцібава адбылася бітва войска Вялікага княства Літоўскага з кааліцыяй расейскіх войскаў і аддзелаў Тарговіцкай канфедэрацыі.

Касьцёл сьвятога Яна Хрысьцiцеля

Галоўнай славутасьцю Мсцібава з’яўляецца касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля, які пабудавалі ў 1910–1922 гадах. Касьцёл з’яўляецца помнiкам архітэктуры нэаготыкі і нэараманскага стылю.

Маюцца звесткі, што парафіяльны касьцёл Ваўкавыскага дэканата быў заснаваны тут у 1485 годзе, паводле іншых крыніцаў, касьцёл у Мсцібаве заснаваны па фундацыі каралевы Боны Сфорцы, а асьвечаны пад тытулам сьвятога Яна Хрысьціцеля.

У 1529 годзе Станіслаў Алендзкі фундаваў пры касьцёле алтарыю.

Старажытны драў­ляны касьцёл быў спалены шведскімі войскамі ў 1700 годзе падчас Паўночнае вайны. Сьвятыню адбудавалі з дрэва ў 1715 на сродкі тагачаснага мсцібаўскага старасты Казіміра Агінскага. У 1770 касьцёл быў рэканструяваны. У другой палове XVIII стагодьдзi пры мсцібаўскім замку адзначаецца дзейсны кляштар мар’явітак.

У 1849 сьвятыню пашкодзіла моцная бура, у 1877 касьцёл быў адноўлены намаганьнямі коштам паноў Ельскіх і Талочкаў, а таксама іншых парафіян. Драўляны касьцёл уяўляў сабой велічную святыню 48,5 локцяў даўжынёй і 19 локцяў шырынёй.

Новы касьцёл з чырвонай вонкавай цэглы ў эклектычным стылі з рысамі мадэрну і нэаготыкі пачалі будаваць 26 ліпеня 1910 года, а скончылі ў 1922 годзе. Будаўніцтва вялося на сродкі парафіянаў. Новазбудаваная сьвятыня была кансэкраваная пад гістарычным тытулам сьвятога Яна Хрысьціцеля віленскім біскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім 22 траўня 1932 года.

Перад храмам стаіць званіца з жоўтай цэглы, пабудаваная ў чэрвені 1900 года. Выкананая ў выглядзе трыумфальнае аркі з падвешаным над ёй звонам. Змешчаны там звон «сьвяты Ян Хрысьціцель» быў адліты па фундацыі ксёндза Бурака.

Каардынаты: 53.113469, 24.259271.