Viarenava (Voranava) disrtict

Žyrmuny

Жырму́ны – вёска ля ракі Дзітвы, знаходзяцца за 16 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Вярэнава, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны; на шашы Ліда – Вільня.

Жырмуны – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа, помнікі архітэктуры XVIII стагодзьдзя. За 5 км на поўдзень ад колішняга мястэчка знаходзіцца аднайменная вёска, дзе захаваліся руіны палацава-паркавага комплексу Радзівілаў.

У пісьмовых крыніцах Жырмуны ўпершыню ўпамінаюцца ў XV ст. як маёнтак роду Бутрымаў. У канцы XV–пачатку XVI стагодзьдзяў маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Мантоўтавічаў. У 1513 годзе Жырмуны перайшлі да Юрыя Радзівіла. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. На мапе Тамаша Макоўскага 1613 году Жырмуны значацца як мястэчка. У XVII стагодьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Завішаў.

У пачатку XVIII ст. Жырмуны зноў перайшлі да Радзівілаў. У 1724 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку Магдэбурскае права. У 2-й палове XVIII стагодьдзя тут існавалі школа і шпіталь. У 1788 годзе Караліна Радзівіл заснавала ў мястэчку касьцёл Сьвятога Крыжа.

Касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа

Першы касьцёл у Жырмунах заснавалі ў 1437 годзе з фундацыі тагачаснага ўладальніка маёнтку Войцеха Кучука. У сярэдзіне XVІ стагодьдзя пры касьцёле дзейнічала альтарыя.

У 1624 годзе Ян Завіша, ваявода віцебскі, і яго жонка Ганна з Трызнаў збудавалі новы драўляны касьцёл, кансэкраваны пад тытулам Найсьвяцейшай Панны Марыі. Аднак у вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў акупанты зьнішчылі сьвятыню. У 1667–1673 гадох Алаіз Кунцэвіч збудаваў новы драўляны касьцёл. 20 сакавіка 1667 году Альжбета з Тышкевічаў ахвяравала касьцёлу кроплі крыві Пана Езуса, прывезеныя з Рыму яе братам біскупам віленскім Юрыем ад Папы Урбана VIII. У 1674 годзе сьвятыню кансэкраваў біскуп суфраган Мікалай Слупскі.

У 1788–1789 гадох князь Станіслаў Радзівіл разам з жонкай Каралінай фундавалі будаваньне драўлянага касьцёла, які захаваўся да нашага часу. Новы касьцёл збудавалі на месцы папярэдняга паводле праекту архітэктара Яна Падчашынскага і кансэкравалі пад тытулам Адшуканьня Сьвятога Крыжа. Пры касьцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь.

Сучасны касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа – помнік архітэктуры драўлянага клясыцызму XVIII стагодьдзя.

Каардынаты: 54.020708, 25.220626.