Asipavičy district

Asipavičy

Асі́павічы – места каля ракі Сіняй (прытока Сьвіслачы), адміністрацыйны цэнтар Асіпавіцкага раёну. Места знаходзіцца за 136 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Магілёва, за 3 кiлямэтры на поўдзень ад шашы Менск – Гомель. Чыгуначны вузел 4 кірункаў: на Менск, Гомель, Магілёў і Баранавічы.

Традыцыйная гістарычная назва места – Асі́павічы (адпавядае той жа словаўтваральнай мадэлі, што Алёхнавічы і Радашкавічы). Націск у назве прыпадае на другi склад. Тапонім мае патранамічнае паходжаньне ад імя Восіп і вытворных ад яго прозьвішчаў. Таксама існуе народнае паданьне, якое зьвязвае назву места з асілкам Асіпам, што меў непадалёк ад сёньняшніх Асіпавічаў карчму.

На XVIII стагодзьдзе прыпадае верагодны час узьнікненьня Асіпавічаў. Вёска ўваходзіла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва і знаходзілася непадалёк ад межаў з Рэчыцкім паветам і Слуцкім княствам. У 1777 годзе, паводле тарыфу Слуцкай парафіі, у Асіпавічах было 16 дымоў. Вёска ўваходзіла ў склад фальварку Пратасевічаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Асіпавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце Менскай губэрні. У гэты час вёска была ў валоданьні Дамініка Гераніма Радзівіла, тут існавала карчма. У другой палове 1794 году ў час паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі палкоўнік Стэфан Грабоўскі зьдзейсьніў рэйд у Менскую губэрню з 3-тысячным аддзелам паўстанцаў, які прайшоў у тым ліку і праз Асіпавічы, аднак 4 верасьня быў разьбіты пад Любаньню. На 1805 год у вёсцы было 22 дымы, на 1834 год – 26.

У 1872 годзе за 2 кiлямэтры ад Асіпавічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў. У канцы 1880-х – 1-й палове 1890-х гадоў у Асіпавічах збудавалі 2 лесапільныя заводы і млын, адкрыўся паштовы аддзел. На 1886 год вёска ўваходзіла ў склад Замашанскае воласьці, у ёй было 18 двароў. На 1890 год станцыя Асіпавічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца паводле звароту грузаў пасьля Рудзенску і Бярэзані, а ў 1896 годзе адкрылася вузкакалейка Асіпавічы — Дараганава. Паводле перапісу 1897 году, існавалі тры асобныя населеныя пункты з назвай Асіпавічы: вёска (78 двароў), чыгуначная станцыя (11 двароў) і пасёлак (38 двароў, заезны двор і 4 крамы). У 1899 годзе каля станцыі збудавалі лесапільны завод, праз 5 гадоў — яшчэ адзін, а таксама млын і некалькі жылых будынкаў.

На пачатак ХХ стагодзьдзя ў Асіпавічах было каля 150 будынкаў і 246 двароў, працавалі школа для дзяцей чыгуначнікаў і царкоўна-прыходзкая школа, паштова-тэлеграфны аддзел, з прамысловых прадпрыемстваў — паравознае дэпо, і 2 лесапільныя заводы, 2 млыны, сукнаваляльня, воўнабітная майстэрня, бровар, таксама некалькі дробных кавальскіх, бондарных, каўбасных, гандлёвых і іншых установаў. У 1900 годзе ў Асіпавічах заснавалі шпалапрапітны завод, у 1909 годзе — смалакурня. На 1904 год у Асіпавічах было каля 150 двароў, 4 пляцы, 41 вуліца і завулак, працавалі заезны дом, паштовы аддзел, млын, аптэчная крама, 3 заводы, 13 рамесных майстэрняў (47 рамесьнікаў), лякарня з прыёмным пакоем, акушэркай, фэльчарам. У 1905—1907 гадох тут прайшлі буйныя выступленьня працоўных. У 1909 годзе адкрыўся тэлеграфны пункт. У 1913 годзе пачало дзейнічаць паравознае дэпо. На 1917 год на станцыі было 20 двароў, у вёсцы — 112, прыстанцыйны пасёлак ператварылі ў мястэчка (354 двары).

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Асіпавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 19 лютага да траўня 1918 году вёску займаў польскі корпус Ю. Доўбар-Мусьніцкага, з траўня да 4 сьнежня — нямецкія войскі, пазьней — бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Асіпавічы ўвайшлі ў склад БССР. З 20 жніўня 1919 да 10 ліпеня 1920 году вёску займалі польскія войскі.

У студзені 1922 году Асіпавічы сталі цэнтрам воласьці, з 1924 году – цэнтрам раёну ў Бабруйскай акрузе. 17 ліпеня 1924 году яны атрымалі статус мястэчка.

Сьвята-Крыжаўзьвiжанскi храм

У 1946 годзе на паўднёвы ўсход Асіпавічаў зь вёскі Зборску перанесьлі царкву Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю клясыцызму.

Ад пачатку царква стаяла ў вёсцы Зборску, дзе яе збудавалі ў 1826 годзе з дрэва. У 1946 годзе будынак перавезьлі ў Асіпавічы.

Як сьведчаць жыхары места, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя безь перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленьне савецкае ўлады да праяваў рэлігійнага жыцьця вернікаў.

У 2009–2010 гадох праводзілася рэканструкцыя будынка, у выніку якой над асноўным зрубам і вежай-званіцай паставілі высокія шатры з какошнікамі і купаламі-цыбулінамі.

Каардынаты: 53.296073, 28.644552.

Царква абраза Мацi Божай «Усіх тужлівых Радасьць»

Пабудаваная царква ў 2010 годзе. Храм часовы, у бягучы час вядуцца работы па праектаваньні і ўзьвядзеньні побач больш аб’ёмнага і змяшчальнага.

Каардынаты: 53.321355, 28.650525.

Касьцёл Божай Міласэрнасьці

Каталіцкая парафія ў Асапавічах была заснаваная ў пачатку ХХ стагодьдзя. Але лёс яе, як і многіх іншых, быў нялёгкім: войны, ганеньні. Прыход быў адроджаны толькі ў 90-х гадох, тады ў горадзе была пабудаваная капліца, а ў 1999 годзе пачалося ўзьвядзеньне новага касьцёла.

Новы касьцёл Божай Міласэрнасьці быў пабудаваны ў 2005 годзе. Асьвячэнне касьцёла тытулам Божай Міласэрнасьці адбылося ў 2013 годзе Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

Каардынаты: 53.322307, 28.647665.

Царква Увядзеньня ў храм Прасьвятой Багародзіцы

Пабудаваны храм у 2020 годзе.

Каардынаты: 53.315305, 28.635474.

Паравоз-помнік

У 2002 годзе ў цэнтры Асіпавічаў паставілі помнік у выглядзе раней дзейнага паравоза Эм726-23 з усталяванай перад ім памятнай шыльдай.

Каардынаты: 53.303646, 28.635983.

Iнсталяцыя «Пуцеец»

Трохі на ўсход ад паравоза-помніка, ля ўвахода ў адміністрацыю Асіповіцкай дыстанцыi пуці, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 19, знаходзіцца невялікая цікавая інсталяцыя аўтара Ізмера.

Каардынаты: 53.304360, 28.633823.

Глёбус Асiпавiчаў

На ўезьдзе ў горад з боку трасы Мінск – Гомель адна з камерцыйных фірмаў устанавіла кампазіцыю, якую мясцовыя жыхары памiж сабой называюць «Глёбус Асіпавічаў». Такія «глёбусы» таксама заўважаныя ў Віцебску, Гомелі, магчыма яны прысутнiчаюць і ў іншых местах.