Białyničy district

Białyničy

Бялынічы – места на рацэ Друці, адміністрацыйны цэнтар Бялыніцкага раёну. Знаходзяцца за 44 кiлямэтры на захад ад Магілёва, на аўтамабільнай дарозе Менск – Магілёў.

Бялынічы – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Бялынічы ўтварыўся ад уласнага прозьвішча Бялыніч.

Упершыню Бялынічы ўпамінаюцца ў XVI стагодьдзi як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва. З 1577 году яны знаходзіліся ў складзе маёнтку Цяцерына, якім валодалі князі Збараскія. Стэфан Збараскі заснаваў тут замак (Белагародак) і мястэчка. Па сьмерці С. Збараскага ў 1591 годзе Бялынічы перайшлі ў распараджэньне Льва Сапегі, апякуна маладой уладальніцы Барбары Збараскай.

Колiшнi касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў

У 1624 годзе канцлер Леў Сапега заснаваў у Бялынічах кляштар кармэлітаў, адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім, кляштар які атрымаў фундушавыя вёскі Вугольшчыну, Царковішча і Цяхціц. Алтар касьцёла аздобілі срэбрам, а абраз Маці Божай, намаляваны невядомым мастаком – каштоўнымі камянямі.

У 1742 годзе першыя драўляныя будынкі кляштару згарэлі, па чым пачалося будаваньне новых мураваных касьцёла (1742–1750 гады) і кляштару (1750–1758 гады). У 1763 годзе, калі ўладальнікамі мястэчка былі князі Агінскія, новазбудаваны касьцёл асьвяцілі пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Касьцёл быў пабудаваны у стылi архітэктуры барока.

У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысьціянамі розных канфэсіяў. Комплекс Бялыніцкага кармэліцкага кляштару складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і мура з брамай. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай» (абраз зьнік у Другую сусьветную вайну з Магілёўскага краязнаўчага музэю).

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1775 годзе да кляштару прыбудавалі 1-павярховае крыло. Па пажары 1858 году касьцёл рэканструявалі (дабудавалі дзьве вежы).

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1867 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а 11 красавіка 1876 году гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1877 годзе сюды перавялі Тупічэўскі мужчынскі манастыр.

У 1930-я гады савецкія ўлады перарабілі будынак касьцёла пад клюб, зруйнавалі бакавыя вежы і купал. Пазьней выкарыстоўвалі яго як склад.

У 1960-я гады савецкія ўлады ўзарвалі касьцёл, а ў 1970-я гады – дашчэнту зьнішчылі кляштарны корпус. Магчыма, захаваліся фрагмэнты падмуркаў.

* * *

З 1627 году Бялынічы сталі цэнтрам маёнтку. У мястэчку знаходзіўся Рынак, вакол якога месьціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад Рынку адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апроч таго, за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад Рынку да «кладовішчаў жыдоўскіх» (юдэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, зь якіх 4 былі ўласнасьцю царквы Сьвятога Ільлі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валокаў ля балота Бушкарова ўтварылася яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час зьмяшчалі 361 двор і маглі лічыцца даволі значным паселішчам. На 1630 год тут налічвалася 513 дымоў.

4 кастрычніка 1634 году згодна з прывілеем караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.

У вайну Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) 24 жніўня 1654 году непадалёк ад Бялынічаў адбылася бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам і маскоўскімі захопнікамі (Бітва пад Шапялевічамі), у якой колькасна большае маскоўскае войска ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў атрымала перамогу над невялікім літоўскім войскам.

У 1685 годзе Ўладзіслаў Язапат Сапега прадаў Бялынічы Кацярыне Радзівілавай.

У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) 14 ліпеня 1708 году непадалёк ад Бялынічаў (каля Галоўчына) адбылася бітва паміж расейцамі і швэдамі, якая скончылася перамогай апошніх.

З 1733 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Агінскіх. Па вялікім пажары 1742 году, у выніку якога згарэў драўляны кляштарны комплекс, пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла ў гонар Унебаўзяцьця Маці Божай, якое завяршылася ў 1760 годзе. 13 красавіка 1756 году Папа Рымскі падпісаў Булу аб каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай. У 2-й палове XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў невялікі кляштар марыявітак, пры якім існаваў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхцянак. Апроч таго, у гэты час працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Беларускай, з 1801 году Магілёўскай губэрні. На 1773 год у мястэчку дзейнічалі тры ўніяцкія царквы (Раства Багародзіцы, Сьвятога Ільлі і Святога Мікалая) і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У 1803–1832 гадох дзеля вяртаньня сабе правоў жыхароў вольнага мястэчка бялынічане накіравалі спачатку ў Магілёўскі павятовы суд, а потым у Сэнат арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбурскае права – фундацыйны (1634 год) і канфірмацыйны (1703 год). Аднак расейскія ўлады назвалі гэтыя дакумэнты «несапраўднымі». Каб адбіць у местачкоўцаў ахвоту бараніць свае законныя правы, найбольш актыўных бялынічанаў залічылі ў прыгонныя, як «летуценьнікаў пра ўяўную вольнасьць» (рас. «возмечтавших о мнимой вольности»), а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сыбір.

У 1864 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Бялынічах народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. У 1876 годзе яны гвалтоўна зачынілі касьцёл і кляштар кармэлітаў і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1880 год у мястэчку было 279 драўляных будынкаў; дзейнічалі 2 царквы, працавалі лякарня, аптэка, бровар, крупадзёрка. У 1909 годзе адкрылася бібліятэка, у 1913 годзе ўтварылася таварыства цьвярозасьці.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бялынічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бялынічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня году Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзу Бялынічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну.

Царква ў гонар абраза Маці Божай Бялыніцкай

Пабудавалі царкву ў 1990 годзе. Знаходзіцца яна якраз на месцы разбуранага касьцёла Найсьвяцешай Панны Марыі.

Каардынаты: 53.994388, 29.708600.

Вулiца Савецкая, 14 – 18

Белпошта

Царква Хрысьціян веры Эвангельскай

Адрас: Вулiца Абаронная, 34. Каардынаты: 54.000361, 29.705730.