Barysaŭ district

Łošnica

Ло́шніца – вёска на рацэ Лошыцы, знаходзіцца за 21 кiлямэтар на ўсход ад Барысава, за 5 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Прыяміна. Лошніца – даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Лошніцу як мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяводзтва датуецца 1563 годам.

У 1627 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза сваім прывілеем дазволіў жыхарам Лошніцы праводзіць штосуботу кірмашы. У 1670 годзе ў мястэчку было 43 «дымы», дзейнічала царква Сьвятога Міхала, працавалі карчма і млын. Існавалі вуліцы Барысаўская, Аршанская, Воўкавая, Старазатыльная, Бытчанская і Негнавіцкая.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лошніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. У 1795 годзе тут заснавалі паштовую станцыю. На 1800 год у мястэчку было 105 двароў, дзейнічала царква, працавалі паштовая станцыя і вадзяны млын.

У вайну 1812 году Лошніца стала адным з 11 цэнтраў кантонаў Барысаўкага павету. Пры адступленьні французаў 12 лістапада ў мястэчку спыняўся на ноч Напалеон. Тут ён зрабіў агляд свайго войска.

У сярэдзіне ХІХ стагодьдзя П. Шпілеўскі апісаў Лошніцу як вялікае паселішча, падзеленае ракой Лошыцай на дзьве часткі (у той час значна большая частка мястэчка знаходзілася на правым беразе ракі). Краязнаўца адзначаў вялікую паштовую станцыю і турму для перасыльных.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лошніца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР.

Царква сьвятога Міхала Арханёла

У 1816 годзе ў Лошніцы замест згарэлай у вайну збудавалі новую царкву Сьвятога Міхала Арханёла. Але гэты храм таксама не перажыў сусьветныя войны.

Храм сьвятога Міхала Арханёла пабудаваны па ініцыятыве мясцовых жыхароў – сем’яў Шутко і Глебік. Пачатак будаўніцтва: 1997 год. Па стане на 2020 год будаўніцтва завершанае, ідзе добраўпарадкаваньне тэрыторыі. Пасаджаныя пладовыя і ліставыя дрэвы, кусты. Ідзе ўзвядзеньне гаспадарчых будынкаў.

Каардынаты: 54.277959, 28.758839.