Biarezań district

Bahuševičy

Багушэвічы – вёска на рацэ Вусе, яна знаходзяцца за 24 кiлямэтры на паўднёвы захад ад Бярэзані, за 30 кiлямэтрў ад чыгуначнай станцыі Градзянка.

Багушэвічы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Божага Цела, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Багушэвічы як маёнтак датуецца 1 чэрвеня 1501 году. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1568 годзе на Багушэвічы напалі ўзброеныя сяляне Сьвіслацкай воласьці.

У 1644 годзе Рыгор Юры Друцкі-Горскі, выконваючы волю нябожчыцы маці, заснаваў тут касьцёл. Апроч таго, у Багушэвічах існавала прыстань і вадзяны млын, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У розныя часы мястэчка знаходзілася ў валоданьні Завішаў, Ваньковічаў, Сьвентажэцкіх, у XVIII стагодьдзi – цэнтар графства.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Багушэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. У 1862 годзе ў мястэчку адкрылася школа, працавала пошта, дзейнічалі касьцёл, царква, 4 сынагогі.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 23 траўня 1863 году аддзел Ляскоўскага-Сьвентажэцкага ў колькасьці каля 30 чалавек увайшоў у Багушэвічы, дзе прысудзіў да шыбеніцы служку Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) Канапасевіча, які рабіў даносы на паўстанцаў і арганізоўваў контравыпады супраць іх.

Па здушэньні выступленьня расейскія ўлады зьнішчылі тутэйшы палац Сьвентажэцкіх. У 1875 годзе маскоўскі гаспадар Аляксандар II падараваў Багушэвічы Шалгунову. У XIX стагодзьдзі ў мястэчку працавала пажарная каманда. У 1900 годзе адкрылася другаклясная царкоўна-прыходзкая школа. 14 красавіка 1910 году газэта «Наша Ніва» пісала пра чуткі, што праз Багушэвічы пройдзе чыгунка. У 1915 годзе каля мястэчка знайшлі манэтны скарб.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Багушэвічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Багушэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919 годзе яны ўвайшлі ў БССР, дзе 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету. Паводле зьвестак на 1927 год тут было 107 двароў. У 1938 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

Багушэвiцкае гета. «Ужо з верасьня 1941 года пачаліся расстрэлы габрэяў, – пісаў гісторык Якаў Хельмер у артыкуле «Ніколі не забудуся». – Расстрэльвалі па групах: спачатку самых старых, нямоглых, затым мужчынаў. Іх адводзілі ў лес і тамака выконвалі гэтую крывавую акцыю. Пасьля надышла чарга ўсіх астатніх. Вельмі нямногім удалося выратавацца… Усяго было забіта 380 габрэяў. У сьнежні 1941 года немцы і паліцаі замучылі і расстралялі ў яме 8х7х2 мэтраў за кіламетр ад вёскі ва ўрочышчы «Фрыдава паляна» 380 (па іншых дадзеных 400) габрэяў – у большасьці старых, жанчын і дзяцей. Гэтае месца пахаваньня было знойдзенае і дасьледаванае «Камісіяй па ўшанаваньні памяці ахвяраў Халакоста ў Рэспубліцы Беларусь».

Выратавацца ўдалося нямногім. Толькі 18 габрэяў здолелі ўцячы з гета, скарыстаўшыся замяшаньнем аховы, і далучыцца да партызанаў.

25 лістапада 2008 года ў вёсцы Багушэвічы быў адкрыты памятны знак ахвярам Халакосту.

Касьцёл Божага Цела

У мэтах выкананьня рашэньня Берасьцейская уніі, выконваючы распараджэньне караля, уладальнік маёнтка Фёдар Горскі пачаў узьвядзеньне драўлянага каталіцкага касьцёла ў Багушэвічах. Пасьля яго сьмерці ахвяраваньні ўносіла жонка Марына Горская, а завяршыў будаўніцтва іх сын Рыгор Горскі ў 1644 годзе. Гэтую дату можна лічыць днём заснаваньня каталіцкай парафіі ў Багушэвічах.

У пачатку XIX стагодьдзя маёнтак належаў Сьвентаржэцкім, якія пабудавалі тут дваранскую сядзібу і пабудавалі новы нэагатычны храм Божага Цела. Будаўніцтва было завершанае ўлетку 1862 года. Храм уваходзіў у склад сядзібнага комплексу. Сьвентаржэцкія плянавалі выкарыстоўваць яго як сямейны магільны склеп. Па некаторых зьвестках архітэктарам касьцёла з’яўляўся Якуб Кубіцкі.

Па задушэньнi паўстаньня 1863 года Ганна і Чэслаў Сьвентаржэцкія, уладальнікі сядзібы, апынуліся ў ссылцы пад строгім наглядам паліцыі; іх сыну Баляславу прыйшлося хавацца ва ўцёках. Больш за тое, губэрнатар Мураўёў-вешальнік загадаў спаліць радавы маёнтак у Багушэвічах. Ад сядзібна-паркавага комплексу застаўся толькі незвычайны магільны склеп, пабудаваны ў нэагатычным стылі. У iм да паўстаньня Баляслаў Сьвентаржэцкі захоўваў зброю.

У 1863 годзе праваслаўная суполка падала прашэньне аб перадачы касьцёла праваслаўнаму прыходу замест згарэўшай 24 чэрвеня 1862 года парафіяльнай царквы. У чэрвені 1864 года прашэньне было задаволенае. Але ў сувязі з недахопам сродкаў пераўладкаваньне ішло доўга і адкрыцьцё адбылося толькі 30 чэрвеня 1869 гады. Царква была асвечаная ў гонар Данііла-прарока.

У міжваенны час з 29 жніўня 1919 па 10 ліпеня 1920 года ўвесь Ігуменскі павет быў заняты польскімі войскамі. У гэты перыяд Сьвята-Даніілаўская царква ў Багушэвічах была вернутая каталікам згодна з распараджэннем генеральнага камісара ўсходніх зямель.

У часы ганеньняў на царкву савецкага перыяду храм уцалеў. Ён выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэбаў. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у розны час у ім знаходзіўся склад і сельскі клюб.

У позьні савецкі перыяд храм быў закінуты і пуставаў аж да 2000-х гадоў. У 1989 годзе ў будынку касьцёла адбыўся пажар.

У 2000-х гадах пачалася рэстаўрацыя касьцёлу. У цяперашні час гэта дзейны каталіцкі храм.

Каардынаты: 53.714748, 28.820036.

Царква Ўзьвiжаньня Сьвятога Крыжа

Старажытная праваслаўная царква Узьвіжання Крыжа Гасподняга ў Багушэвічах савецкія часы, на жаль, не перажыла. Засталіся толькі старыя малюнкі, па якіх можна зразумець, як царква выглядала ў тыя часы.

Вiдарыс царквы па стану на 1918 год

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі было прынятае рашэньне аб будаўніцтве новай царквы. 11 чэрвеня 2016 года новая драўляная царква была асьвечаная пад тым жа імем.

Каардынаты: 53.711867, 28.823543.