Biarezań district

Biarezań

Бярэ́зань – места на рацэ Бярэзіне, адміністрацыйны цэнтар Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 101 кiлямэтар ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск – Магілёў. Рачная прыстань.

Бярэзань Любашанская – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Патоцкіх у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя.

Тапонім Бярэзань утварыўся ад назвы ракі Бярэзіны.

Традыцыйная гістарычная назва места – Бярэзань. Доктар філялягічных навук, прафэсар Фёдар Янкоўскі паказвае на тое, што мясцовыя жыхары здаўна звалі паселішча няйнакш як Бярэзань. Гэтая назва ўжывалася ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году (таксама сустракалася форма Беразынь). Цяперашняя афіцыйная назва места – Беразіно. Яна ўтварылася ад расейскай назвы Березино і ёсьць перакручваньнем традыцыйнай назвы, відаць, на манер расейскай вёскі Барадзіно (Маскоўская вобласьць), таксама вядомай падзеямі вайны 1812 году. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Бярэзань фіксуецца як варыянтная форма. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.

У ранейшыя часы, каб пазьбегнуць блытаніны з аднайменным мястэчкам у Харэцкай воласьці (Бярэзань Горная), мела назву Бярэзань Любашанская, Бярэзань Ігуменская або Бярэзань Дольная.

Першы пісьмовы ўпамін пра Бярэзань як мястэчка Любашанскага староства Віленскага ваяводзтва датуецца 7 чэрвеня 1501 году. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У сярэдзіне XVI стагодьдзя Бярэзань знаходзілася ў валоданьні Сапегаў. Адзін з прадстаўнікоў роду Казімер Леў Сапега, на той час маршалак дворны, 24 верасьня 1641 году заснаваў тут драўляны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (будаваньне вялося да 1644 году). За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у 1655 годзе мястэчка на пэўны час трапіла пад маскоўскую акупацыю.

У 1668 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Бярэзані прывілей на штотыднёвы торг і штогадовыя кірмашы. З 1671 году маёнткам валодалі Тышкевічы. У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) 16–17 ліпеня 1708 году каля мястэчка праз раку Бярэзіна перапраўляўся з сваімі войскамі кароль Швэцыі Карл XII.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бярэзань апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ігуменскага павету. Маёнтак перайшоў да Патоцкіх.

Бярэзань на малюнке Курта Заўэрмільха, 1918 год. Biarezań, Spaskaja. C. Sauermilch

У вайну 1812 году мястэчка і яе ваколіцы сталі арэнай баявых дзеяньняў. У 1-й палове XIX стагодьдзя у Бярэзані працавала суконная мануфактура. На 1858 год тут было 459 будынкаў, на 1892 год працавалі бровар, канатная фабрыка, млын. Купцы зь Бярэзані гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі з смалы. Паводле зьвестак перапісу 1897 году, існавалі народная вучэльня, школа, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бярэзань занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бярэзань абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Бярэзань увайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні – ліпені 1920 году мястэчка займалі польскія войскі. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Царква сьвятога Мiкалая-цудатворцы

Старыя цэрквы ў Беразьнi не захаваліся. Для патрэб прыхаджанаў пасьля аднаўленьня незалежнасьці краiны працаваў толькі невялікі храм Праабражэньня Гасподняга. У 1998 годзе пачалося будаўніцтва новага храма, якое стала актыўным толькі пасьля 2000 года. Завяршылася будаўніцтва царквы ў 2007-м годзе.

Каардынаты: 53.830582, 28.992591.

Сядзiба Патоцкiх

Патоцкія былі ўплывовым шлахецкiм родам з Польшчы, у якіх былі таксама валодані ў Беларусі і ва Украіне. На сёньняшнi дзень захаваліся адразу некалькі маёнткаў, якія некалі належылі Патоцкім: сядзіба ў мястэчку Рось, у гарадах Высокае і Беразіно.

Дом у стылі позьняга клясіцызму на правым беразе Бярэзіны ўзьвяла Ганна Патоцкая, каб выкарыстоўваць яго ў якасьці летняй рэзідэнцыі. Дата пабудовы – 1858 год. У другой палове XIX стагодьдзя ў маёнтку бурліла жыцьцё: туды стала з’язджаліся госьці Патоцкіх, уладкоўваліся баляваньні. Усё зьмянілася пасьля рэвалюцыі 1917 гада. Спачатку будынак выкарыстоўвалі як школу, потым у якасьці склада. Патроху ён прыходзіў у запусьценьне. Існавала легенда, што на тэрыторыі маёнтка схаваны скарб, таму на стане сядзібы не лепшым чынам адбіліся і частыя пошукі скарбаў роду Патоцкіх.

За савецкім часам да 1970-х гадоў у будынку палаца разьмяшчалася школа, потым склад. Пазьней ён ніяк не выкарыстоўваўся і прыйшоў у занядбаны стан. Літаральна ў апошнія дзесяцігодьдзі былі разбураныя рэшткі графскіх стайняў з чырвонай цэглы, зьнікла і доўгая каменная лесьвіца, якая вяла прама да ракі.

Каардынаты: 53.836126, 28.999561.