Ihumien (Červień) district

Ihumien (Červień)

Ігу́мен (з 1923 году – Чэрвень) – места на рацэ Ігуменцы, адміністрацыйны цэнтар Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 9619 чалавек. Знаходзіцца за 62 кiлямэтры на паўднёвы ўсход ад Менску, за 30 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пухавічы (лінія Менск – Асіпавічы), каля аўтамабільнай дарогі Менск – Магілёў.

Ігумен – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся будынак вязьніцы, помнік гісторыі і архітэктуры XVIII стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляныя касьцёл Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і царква Раства Багародзіцы, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Традыцыйная гістарычная назва места – Ігумен, часам сустракаецца форма Ігумень (польск. Ihumeń). На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэты тапонім мае повязі з назвай манастырскай пасады. Этнограф Павал Шпілеўскі запісаў народнае паданьне, паводле якога паселішча некалі належала праваслаўнаму жаночаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменьняй. Імаверна, назва места першапачаткова гучала як Ігумень – у сэнсе «той, што належыць ігуменьні». Тым часам мовазнаўца Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што тапонім хутчэй за ўсё ўтварыўся ад слова гумно. Гэта пацьвярджаецца адсутнасьцю гістарычных зьвестак пра манастыр у Ігумене, вытворнымі ад кораня гумно ў беларускай геаграфічнай тэрміналёгіі (гумяньнё, падгу́меньне, гу́мнішча – назва поля або ўрочышча), прыкладамі зь беларускай тапанімікі (вёска Гумны пад мястэчкам Крупкамі, сяло Гумня на возеры Гумне ў Полацкім ваяводзтве), а таксама ўпамінам пра Ігуменскую воласьць у сярэдзіне XV стагодьдьзя як districtum Humyen.

У 1923 годзе бальшавікі перайменавалі Ігумен у «Чэрвень» у гонар месяца захопу мястэчка – чэрвеня 1920 году. Гэтая назва не ўнікальная: старажытны горад з такой назвай, сталіца ўдзельнага княства і гістарычнага рэгіёну, існаваў да канца XIII стагодьдзя на мяжы сучасных Польшчы і Ўкраіны, таксама аднайменнае сяло знаходзіцца ў Тарнопальскай вобласьці Ўкраіны.

З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Ігумен у якасьці афіцыйнай.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ігумен датуецца 1387 годам. У 1-й палове XV стагодьдзя ён знаходзіўся ў валоданьні Кезгайлаў. 21 кастрычніка 1430 году (паводле іншых зьвестак, у 1447 годзе) упамінаецца воласьць Гумен (лац. districtum Humyen), якая належала біскупу віленскаму (царкоўнае мястэчка). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1595 годзе ў Ігумене зьбіраліся харугвы Вялікага Княства Літоўскага дзеля змаганьня з казацкімі набегамі Налівайкі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія захопнікі разрабавалі і моцна разбурылі мястэчка. Пад 1669 годам упершыню ўпамінаецца касьцёл. У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) у мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ігумен апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Віленскага біскупства. У 1795 годзе Ігумен атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году месту даравалі герб: «у блакітным полі срэбны кушч грачыхі, над якімі пяць залатых пчол». На 1800 год у Ігумене было 85 двароў, 263 будынкі, дзейнічалі 2 царквы і касьцёл, працавалі 3 прадпрыемствы, 2 карчмы, 10 крамаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) тут дзейнічаў паўстанцкі аддзел на чале з Б. Сьвентаржэцкім. На 1905 год у Ігумене было 664 жылыя дамы, працавалі 6 пачатковых школаў, лякарня, аптэка і аптэчная крама, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, штогод праводзілася 6 кірмашоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ігумен занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ігумен абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места, Пярэжырскай і Ўзьдзенскай воласьцяў Ігуменскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ігумен увайшоў ў склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Менскага раёну. У жніўні 1919 – ліпені 1920 году места займалі польскія войскі. 18 верасьня 1923 году савецкія ўлады перайменавалі Ігумен у Чэрвень (у гонар месяца чэрвень). У 1924 годзе места стала цэнтрам раёну.

У Другую сусьветную вайну 26 чэрвеня 1941 году на выхадзе з Ігумену ва ўрочышчы Цагельні НКВД расстраляла каля трох тысячаў вязьняў Чэрвеньскай перасыльнай турмы – беларусаў, палякаў, летувісаў і іншых. Неўзабаве места акупавалі войскі Трэцяга Райху. 1 лютага 1942 году на ўскрайку Ігумену нацысты расстралялі габрэяў з гета (цяпер на гэтым месцы помнік).

У 1989 годзе грамадзкасьць даведалася пра тое, што Ігумен стаў другімі Курапатамі – вакол места знаходзяцца пахаваньні тысячаў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. 18 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб.

Царква сьвятога Мiкалая

Будаўніцтва храма пачалося ў 1993 годзе. Асноўныя будаўнічыя працы былі скончаныя ў 2003 годзе. 28 сьнежня 2003 года адбылося асьвячэнне храма.

Каардынаты: 53.712484, 28.423806.

Касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа

Каталiцкая парафія ў Iгумене ўпершыню згадваецца ў 1669 годзе. Першы касьцёл быў збудаваны ў 1800 годзе і знішчаны ў 1930-я гады.

Парафія адрадзілася ў 1995 годзе і, дзякуючы ахвярным намаганьням сям’і Радзішэвічаў, было разпачата будаўніцтва касьцёла.

У касцёле дзейнічае галоўная зала, вымуравана вежа і ўсталяваны крыж. У нядзельнай школе займаюцца дзеці: для ўрокаў адведзены асобны пакой.

Координаты: 53.715016, 28.415479.

Помнiк кампазiтару Станiславу Манюшке

Знакамiты кампазытар, дырыгент i пэдагог Стані́слаў Маню́шка нарадзiўся ў 1819 годзе ў вёсцы Убель Ігуменскага павету. Ён славуты тым, што з’яўляўся стваральнікам нацыянальнай клясычнай опэры. Манюшка – клясык беларускай і польскай вакальнай лірыкі.

Аўтар першай беларускамоўнай опэры «Сялянка». Са сталых ягоных опэраў найбольш папулярныя «Галька» (1847), адметная вастрынёй сацыяльна-крытычнага кірунку. У Менску яе ўпершыню паставілі ў 1856 годзе; а праз 120 гадоў (у 1975 годзе) адбылася другая пастаноўка на сцэне Дзяржаўнага тэатра опэры і балету Беларусі. У ліку найбольш значных яго опэраў: «Графіня» (1859), «Вэрбум нобіле» («Слова гонару», 1860), «Парыя» (1869), «Страшны двор» (1865). Апошнюю опэру ў 1952 паставіў Дзяржаўны тэатар опэры і балету Беларусі ў перакладзе на беларускую мову Максіма Танка.

Апроч таго, Стані́слаў Манюшка – аўтар больш як 300 сольных песень (у тым ліку «Паходнай песьні літвінаў» на словы Ўладзіслава Сыракомлі), што ўвайшлі ў 12 «Хатніх сьпеўнікаў», у іх ліку 12 песень, напісаных на вершы Яна Чачота; кантаты «Крымскія санэты» на словы Адама Міцкевіча.

Каардынаты: 53.714869, 28.415699.

Раённы цэнтр культуры й адпачынку

Будынак тыпавога дом культуры знаходзіцца на скрыжаваньні вуліцаў Курла Маркса і Савецкай.

Каардынаты: 53.711813, 28.423391.