Ihumien (Červień) district

Ravaničy

Рава́нічы – вёска на рацэ Вушы, цэнтар сельсавету Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 749 чалавек. Знаходзіцца за 31 кiлямэтар на паўночны ўсход ад Ігумену, за 45 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск – Ворша); на аўтамабільнай дарозе Ігумен – Раваніцкая Слабада.

Раванічы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Антонія і палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў.

Першыя насельнікі гэтай мясцовасьці – дрыгавічы – жылі ў паўзямлянках, зямлянках, равах. Паўзямлянка мела 2–3 драўляныя вянцы, укапаныя на 50–70 сантымэтраў у зямлю, і накрывалася дахам. У яе цэнтры знаходзілася вогнішча, вымашчанае камянямі, альбо печ-каменка. Плошча такога збудаваньня магла складаць больш за 15–16 м². Разьмяшчаліся яны амаль упрытык адно ад аднаго. У сувязі з гэтым можна адзначыць наступныя характарыстыкі тапоніму «Раванічы». Па-першае, продкі выкарысталі множны лік. Значыць, паселішча дрыгавічоў займала вялікую плошчу й мела значную колькасьць насельніцтва. У канчатку слова можна знайсьці ня толькі тыповую ўказку на множны лік, але й на слова «нічы». Значыць вёска ўзьнікла на месцы былых равоў, зямлянак, якія меліся быць пакінутымі – былі нічыя. Літара «н» у слове не выпадковая. З гэтага вынікае, што Раванічы складаюцца з двух словаў – «равы нічыя». Зь цягам часу нашчадкі дрыгавічоў пачалі жыць толькі ў наземных пабудовах. Равы пакінулі, але мясьціны для жыцьця людзей тут былі вельмі прыдатнымі. Таму пазьней зноў выкарысталі гэтую пляцоўку для паселішча. Такім чынам, назва вёскі Раванічы тлумачыцца як паселішча, разьмешчанае на равах – месца жыцьцядзейнасьці дрыгавічоў.

Гісторыя Раванічаў налічвае больш за тысячу гадоў. Яны ўпамінаюцца ў IX стагодьдзi ў «Аповесьці мінулых часоў», а таксама бізантыйскім гісторыкам Канстанцінам Багранародным у 948 годзе. У самой вёсцы захаваліся археалягічныя помнікі той далёкай эпохі – 2 курганныя могільнікі. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Раванічы як сяло ў валоданьні Гаштольдаў датуецца 1535 годам. Паводле інтэнтару 1549 году яны былі цэнтрам воласьці і налічвалі 68 двароў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай Раванічы ўвайшлі ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Паводле падымнага тарыфу 1667 году, маёнтак Раванічы ў памеры 33 дымоў быў у валоданьні Крыштапа Гарабурды, а ў 1690 годзе – Яна і Крыштапа Гарабурдаў. У 1700 годзе яны перайшлі да князя Мікалаю Францішка Агінскага, у 1790 годзе – да Андрэя Слатвінскага, які фундаваў тут касьцёл Сьвятога Антонія.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Раванічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. У 1799 годзе тут збудавалі царкву, працаваў бровар, у 1843 годзе – суконная (40 работнікаў), дывановая і шкляная фабрыкі, у 1863 годзе – народная вучэльня. На 1800 год у Раванічах было 13 двароў, на 1886 год – 4 двары, народная вучэльня, 2 царквы, касьцёл, капліца, суконная фабрыка, шкіпінарны завод, крама; у 1888 годзе працавалі бровар і крухмальны завод (каля 20 работнікаў). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя вёска (28 гаспадарак), сяло (3 двары) і 2 маёнткі (16 двароў, бровар). Да 1917 году тут было 48 двароў, працавала пошта.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Раванічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Раванічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету. На пачатак 1930-х гадоў працавалі бровар, рымарская майстэрня, лесапільня, кавальня, стальмашня.

На 1999 год у Раванічах было 326 двароў, на 2001 год – 324 двары.

Палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх. Сядзiбны дом

Сядзіба ў Раванічах – адзін з найлепшых у Беларусі палацава-паркавых ансамбляў эпохі клясіцызму. У ходзе гісторыі спачатку маёнтак належаў прадстаўнiкам старажытнага роду Масальскіх, ад якіх ён з канца ХVIII стагодзьдзя і да 1917 года адышоў ва ўласнасьць Сахней-Слатвінскіх. Будаўніцтва сядзібы у маляўнічым месцы на беразе поймы ракі Ушы было распачата Антоніем Слатвінскім. Ён жа ў 1799 годзе заклаў тут прызначаны для радавой пахавальні касьцёл у гонар свайго нябеснага патрона – сьвятога Антонія.

Па інвентары 1804 году заможная сядзіба ўключала сядзібны дом, сад, сажалкі, сем агародаў, гадавальнік, аранжарэю. Меўся вялікі гаспадарчы двор: пякарня, сырнiцы, бровар, кавальня, лазьня, стайня і іншыя пабудовы. Будаўніцтва й пашырэньне сядзібы працягнуў сын Антонія Людвіг, каторы ўзначальваў дваранства Менскай губерні. Менавіта пры ім у 1853–1859 гадох быў узьведзены той палац у стылі класіцызм, што мы можам пабачыць сёньня. Таксама Людвіг заклаў вялікія сады, пейзажны парк з сажалкамі ў рачной пойме, мноства службовых і гаспадарчых збудаваньняў. Сама сядзіба займае даволі высокую тэрасу, яе спадзісты схіл спускаецца да ракі Ушы. Палац узьведзены каля грэбня тэрасы. Два флігеля – кухня і жылы дом – прымыкалі да палаца, фармуючы традыцыйны парадны двор з авальным траўнікам.

Пэйзажная частка парку разьмяшчалася за палацам і замыкалася трыма вялікімі сажалкамі, падзеленымi дамбамі на рацэ. Палюбавацца панарамай сядзібы можна было з выспы сажалкі – там пабудавалі маляўнічую альтанку. Iнтэр’еры палаца мелі багатую ляпніну, сталовая – кесоны, кафляныя печы, жырандолі з бронзы. Будуар графіні быў аздоблены на ўсходні манер з выкарыстаньнем персідскіх і турэцкіх дываноў. Мастацкую каштоўнасьць мелі венецыянская мэбля ў кабінеце графа, творы жывапісу, фарфор. Меліся статыстычны архіў, сабраны Л. Слатвінскім, і бібліятэка.

Раванiчы. Сядзiба Слатвiнскiх. Напалеон Орда. 30.06.1864–1876

Пасьля вайны ў лепшых традыцыях саўковага жанру ў сядзібе разьмясьцiлi школу, а затым, дзесьці да сярэдзіны-канца 90-х там знаходзiлася вясковая лякарня. Калі ў Раванічах пабудавалі новую лякарню, будынак палаца застаўся пуставаць і паступова руйнаваўся, сам па сабе i з дапамогай мясцовых. Аднак, асноўныя яго элементы добра захавалiся i, што прыемна, сёньня можна як аглядзець палац звонку, так i палазiць па разбураных пакоях унутры.

На галоўным фасадзе можна разгледзець лічбы «1952», што верагодна адносіцца да часу, калі ў гэтым месцы размяшчалася школа. Па архіўных дадзеных аж да 1971 года.

Пасля эстафету перадалі ўчастковай бальніцы. А з канца XX стагодьдзі пачалося плыўнае запусценне, вынік якога выдатна бачны на фотаздымках.

Некаторыя быдынкi закавалiся значна лепш за палац. Напрыклад будынак спірт-завода функцыянуе і дагэтуль. Нягледзячы на ​​моцны бетонны падмурак, сам будынак у жудасным стане і можа абрынуцца ў любы момант.

Каардынаты: 53.884451, 28.615378.

Касьцёл сьвятога Антонiя (рэшткi)

Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага – помнік архітэктуры канца XVIII стагодьдзя. Знаходзіцца ў паўночнай частцы колішняга мястэчка, на могілках. Твор архітэктуры клясыцызму.

Будававаньне мураванага касьцёла у Раванічах як фамільнай капліцы-пахавальні пачалося ў 1790 годзе з фундацыі Антонія Слатвінскага.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Раванічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, будаваньне працягнулася і скончылася ў 1799 годзе. Касьцёл кансэкравалі як філіяльны пад тытулам Сьвятога Антонія Падуанскага.

У 1937 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. Па Другой сусьветнай вайне будынак выкарыстоўваўся як зернесховішча. У 1990-х гадох касьцёл пацярпеў ад пажару і з таго часу знаходзіцца ў паўзруйнаваным стане.

Каардынаты: 53.885429, 28.608466.