Ihumien (Červień) district

Śmiłavičy

Сьмілавічы – мястэчка на рацэ Волме. Насельніцтва на 2018 год – 5496 чалавек. Знаходзяцца за 30 кiлямэтраў на захад ад Ігумену, за 21 кiлямэтара ад чыгуначнай станцыі Рудзенск (лінія Менск – Асіпавічы), на аўтамабільных дарогах Менск – Магілёў, як М4, так і Р69.

Сьмілавічы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Манюшкаў, помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштарны комплекс місіянэраў з касьцёлам Сьвятога Вінцэнта ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Дасьледнік А. Ненадавец у кнізе «Легенды і паданьні Міншчыны» прыводзіць легенду пра паходжаньне тапоніму Сьмілавічы. У ёй у якасьці слова, ад якога ўзьнікла назва, прапаноўваецца тэрмін сьмільга – «несьвядомыя і слабыя духам людзі». Магчыма, тапонім утварыўся ад прозьвішча з гэтай асновай. Паводле іншай вэрсіі, ён можа паходзіць ад славянскага ўласнага імя Сьмілька, або Сьміламір.

Ад пачатку сваёй гісторыі Сьмілавічы ўваходзілі ў склад Бакштанскай воласьці, якая ўпершыню ўпамінаецца пад 1451 годам як уладаньне Кезгайлаў. Па згасаньні гэтага роду ў сярэдзіне XVI стагодьдзя маёнтак перайшоў у супольнае валоданьне Завішаў і Шэметаў.

Першы пісьмовы ўпамін пра Сьмілавічы як сяло Менскага павету Менскага ваяводзтва датуецца 1582 годам. Наступны раз паселішча ўпамінаецца пад 1592 годам, калі паміж жыхарамі некалькіх сёлаў адбылася бойка празь мёд. Прыкладна ў гэты час на ўскрайку сёньняшніх Сьмілавічаў пасяліліся татары. Назва мясцовасьці Татарская Слабада захоўвалася яшчэ ў XIX стагодьдзя.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) войскі Маскоўскай дзяржавы разрабавалі і спустошылі Сьмілавічы.

У Вялікую Паўночную вайну ў 1710 годзе два палкі войска Вялікага Княства Літоўскага кватаравалі ў Сьмілавіцкім маёнтку. Прыкладна да гэтага часу належыць прывілей Крыштапа Станіслава Завішы (памылкова датаваны 1736 годам) мясцовым жыдам, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом).

Сын Крыштапа Станіслава Завішы Ігнаці атрымаў графскі тытул – ён тытуляваўся графам на Бакштах, Бярдычаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты – Сьмілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнаці Завіша ў 1738 годзе памёр без нашчадкаў, а ягоныя маёнткі засталіся ў руках удавы. У 1747 годзе Марцыбела Агінская заснавала ў Сьмілавічах кляштар каталіцкага ордэну місіянэраў і збудавала для яго мураваны касьцёл. На забесьпячэньне кляштару яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтку Сьмілавічы – Бакшты, утвараючы ўласнасьць манахаў-місіянэраў.

У 1791 годзе князь Агінскі прадаў маёнтак Сьмілавічы шляхцічу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтку. Па сьмерці Станіслава Манюшкі пры падзеле бацькоўскіх уладаньняў Сьмілавічы атрымаў ягоны сын Казімер, які значна пераабсталяваў сядзібу і заснаваў у ёй батанічны сад.

У выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сьмілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году сталі цэнтрам воласьці Ігуменскага павету.

У час рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у Сьмілавіцкай воласьці адбылося некалькі сялянскіх выступленьняў. Яны праявіліся ў самавольных парубках лясоў, захопе сенажацяў зямянаў. У жніўні 1914 году група мабілізаваных на фронт у часе руху паштовым трактам з Ігумена ў Менск разграмілі некалькі маёнткаў, у тым ліку і Сьмілавічы. Сялянскія хваляваньні ў Сьмілавіцкай воласьці адбыліся таксама ў верасьні 1917 году.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьмілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Сьмілавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. З восені 1919 да ліпеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі

У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У гэты час у Сьмілавічах і ваколіцах дзейнічалі партызаны.

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва ХІХ – пачатку ХХ стагодзьзяў. Знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка, на беразе ракі Волмы. Твор рэтраспэктыўна-гатычнага і нэагатычнага стылявых кірункаў з элемэнтамі мадэрну. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Складаецца з двух палацаў, флігеляў, парку пэйзажнага тыпу з брамай і гаспадарчых пабудоваў.

У XVI стагодзьзi на месцы палацава-паркавага комплексу існаваў замак. У розныя часы маёнтак Сьмілавічы належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У ХVIII стагодзьзi ён перайшоў у валоданьне гетмана вялікага Міхала Казіміра Агінскага (1730–1800). У 1791 годзе маёнтак стаў уладаньнем Манюшкаў.

Палацава-паркавы комплекс сфармаваўся ў XIX – пачатку ХХ стагодзьзя. Будаваньне старога палаца вялося ў пачатку XIX стагодзьзя Станіславам Манюшкам (дзедам вядомага кампазытара) і яго сынамі. Казімер Манюшка заклаў батанічны і пладовы сады. Будаваньне комплексу скончыў Лявон Ваньковіч, жанаты з Паўлінай Манюшкай.

У 1900 годзе да паўночна-ўсходняга крыла корпуса старога палаца зрабілі 2-павярховую прыбудову з драўлянай галерэяй на другім паверсе. У 1900-я гады да старога прыбудавалі новы палац.

Вiдарыс рэзiдэнцыi Манюшкаў у 1910 годзе

За савецкім часам у будынку новага палаца разьмясьціўся сельскагаспадарчы каледж, а старэйшую частку палаца, збудаваную Станіславам Манюшкам, занядбалі.

У 1973 годзе паводле праекта рэканструкцыі (Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут па будаўніцтве ў вёсцы) да ўвахода ў новы корпус прыбудавалі вэстыбюль з гардэробам, з усходняга боку – лесьвічную клетку.

Каардынаты: 53.750217, 28.016728.

Уязная брама

Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў

У 1747 годзе Марцыбіліяна Завішанка з роду Агінскіх фундавала будаўніцтва кляштара ў Смілавічах. Яна размясьціла ксяндзоў з аб’яднаньня місіянэраў пры драўляным касьцёле і вылучыла грошы на ўзвядзеньне мураваных будынкаў. Пабудова новага мураванага комплексу вялася ў 1767–1791 гадох. У 1785 годзе адбылося ўрачыстае асвячэньне новага пабудаванага касьцёла пад тытулам Сьвятога Вінцэнта. Пры кляштары дзейнічалі місіянэрская школа. 29 сьнежня 1866 года па задушэньнi вызваленчага паўстаньня раеійскія ўлады прымусова закрылі касьцёл і 22 студзеня 1867 года перарабілі яго ў царкву Сьвятой Тройцы Маскоўскага патрыярхата. Аднак неўзабаве з-за адсутнасьці фінансаваньня будынак прыйшоў у заняпад.

У свой час кляштар быў увекавечаны знакамітым беларускім і польскім мастаком, кампазітарам і пісьменьнікам Напалеонам Матэвушам Тадэвушам Ордам.

Касьцёл і кляштар місіянэраў. Наапалеон Орда, 1864–1876 годы

Каардынаты: 53.752511,28.008683.

Касьцёл (не позьней за 1918 год)

Мячэт

У 1856 годзе сьмілавіцкія татары атрымалі дазвол на будаваньне мячэту на просьбу мясцовага імама Паўтаржыцкага. Пляц пад будоўлю ахвяравалі «на вечныя часы» мясцовыя зямяне Паўліна і Ерастына Манюшкі.

У 1937 годзе савецкія ўлады зруйнавалі мячэт.

18 кастрычніка 1996 году адбылося адкрыцьцё новага будынка мячэту. Грошы на адбудову мячэту ахвяравала сястра Нурыя з Кувэйту, а таксама мясцовыя магамэтане.

Каардынаты: 53.735055, 28.009616.

Царква Сьвятога Георгiя

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) збудавалі ў 1865 годзе на месцы драўлянай Прачысьценскай царквы Сьвятога Пасаду, вядомай з XVII стагодьдзя.

У 1937 годзе савецкія ўлады ўзарвалі будынак царквы. Да нашага часу захаваліся падмуркі.

У 1990-я гады ў Сьмілавічах збудавалі новую Георгіеўскую царкву.

Каардынаты: 53.752613, 28.011007.

Музэй «Прастора Хаіма Суціна»

Хаім Суцін (13 студзеня 1893 – 9 жніўня 1943) – францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжаньня, адзін з найбольш славутых майстроў натурморту.

12 лютага 2008 года ў Цэнтры дзіцячай творчасьці Сьмілавічаў быў адкрыт музэй «Прастора Хаіма Суціна». Музэй займае дзьве залi і складаецца з раздзелаў «На Радзіме» і «Парыскае кафэ». У першай зале адлюстравана дзяцінства Хаіма Суціна, сьвет габрэйскага мястэчка Смілавічы, дзе нарадзіўся сусьветна вядомы мастак, зразуменьне ім асноў выяўленчага мастацтва ў Менску, Вільні, а таксама ад’езд у Парыж. Другая заля музэя прадстаўленая ў стылі парыскага кафэ першай трэці мінулага стагодьдзя. Тут прадстаўлена 67 рэпрадукцый жывапісу і графікі Суціна, яго сучасьнікаў.

Хаiм-Iчэ Суцiн нарадзiўся ў мястэску Сьмiлавiчы Iгуменскага павету Менскай гэбэрнi ў канцы сьнежня 1893 году у сям’i краўца Залмана Майсеевiча (1858 – 5.04.1932) i Сары Хламаўны Суцiных (18.. – 12.09.1938). Хаiм быў дзясятым з адзiнаццацi дзяцей. Сям’я жыла ў галечы. Хата Суцiных была недалёка ад рынкавага пляцу, каля каменнай сынагогi па вулiцы Менскай (сёньня – Рэспублiканская), дзе набожны бацька праводзiў шмат часу. I сынагога, i драўляная хата Суцiных згарэлi ў гады Другой сусьветная вайны. Цяпер на гэтым месцы – сучасныя будынкi. З шасьцi год Суцiн, як i ўсе габрайскiя хлопчыкi, наведваў хедэр, дзе вучыўся ў меламэда Пяцiкнiжжу i малiтвам. Маляваць Суцiн пачаў у раньнім дзяцінстве крэйдай на прыпечку, за што атрымоўваў наганяй ад бацькі і старэйшых братоў. У 10 год бацька аддаў яго для навучаньня ў дом старэйшага сына – краўца Янкеля, але Хаiм ня меў ахвоты да гэтай працы. З дзяцiнста ён маляваў усё, што бачыў. Бацька i старэйшыя браты не ўхвалялi дзiвоцтвы Хаiма, якi зьбягаў з дому ў лясы i палi, цi маляваў пад вербамi над ракой. Аднойчы браты збiлi яго за малюнак – выяву пахаваньня яшчэ жывого бацькi.

Старэйшыя браты i сёстры ў 1900-я гады эмiгравалi у ЗША. Бацькi Суцiна памёрлi ў 1930-я гады i былi пахаваныя на габрэйскiх могiлках у Сьмiлавiчах (помнiкi на iх магiлах дагэтуль ня знойдзеныя). На пачатку вайны родныя Суцiна пасьпелi выяхаць з Сьмiлавiчаў i ня трапiлi ў гета. Да 1970-х гадоў па вулiцы Камсамольскай, 15 жыла пляменьнiца Суцiна Мар’яся Iсакаўна Шапiра, дачка яго старэйшай сястры Фрыды. У Менску i цяпер жывуць нашчадкi малодшай сястры Суцiна Этэлi.

У 1909 годзе сям’я вырашыла аддаць 15-гадовага Суцiна вычыцца ў Менск да мужа старэйшай сястры – шаўца. Той здолеў угаварыць бацькоў аддаць хлопчыка вучыцца адпаведна яго схiльнасьцям – да ратушора ў фатаграфiчнае атэлье, дзе атрымаў першыя урокі маляваньня ад мастака Міхаіла Кікоіна. Суцiн жыў у доме сваёй сястры i пачаў наведваць прыватную рысаваьльную школу Якава Маркавiча Кругера – выхаванца Санкт-Пецярбурскай Акадэмii мастацтваў. Да гэтага на працягу дзесяцi гадоў Кругер жыў у Парыжы, дзе вучыўся ў акадэмii Жулiана. Ён выкладаў сваiм вучням толькi асновы малюнку i жывапiсу. Бедных вучыў бясплатна, хаця навучэньне каштавала нятанна – 5 рублёў штомесяц. «Настаўнiкi сварылiся са мной, што я маляваў ня так, як усе. Я мог, але ня так, як iм хацелася i ня так, як гэта рабiлi iншыя… Калi трэба было намаляваць нейкага Апалёна, Вянэру цi Мiнэрву, якую я адчуваў асалоду! Усе яны былi падобныя на старых зь вёскi Сьмiлавiчы!» – расказваў Суцiн у Парыжы аб гадах юнацства мастачцы Марэўне. Вучнямi школы былi гiмназiчныя выкладчыкi, жонкi чыноўнiкаў, сёстры мiласэрнасьцi, гiмназiсты, нават дырэктар прыватнай гiмназii. Гэты былi людзi iншага кола. Суцiн пасябраваў толькi з аднагодкам – сынам банкаўскага служачага Мiхаiлам Кiкоiным. Той нарадзiўся ў Гомелi i вучыўся ў Камерцыйнай вучэльнi ў Менску. Яна сталi сябрамi на ўсё жыцьцё, разам адпачывалi падчас вакацыяў на Балтыцы i ў Сьмiлавiчах, куды быў запрошаны сябрам Кiкоiн. Першы мастацкі дэбют – партрэт мясьніка, сына мясцовага равіна. Раззлаваны дапушчаным аўтарам парушэньнем забароны на выяўленьне, а, галоўнае, той інтэрпрэтацыяй, якую займела яго аблічча ў партрэце, ён жорстка зьбіў Суціна. Той трапіў у шпіталь, а крыўдзіцеля прымусілі заплаціць штраф, які дазволіў маладому мастаку перабрацца ў Вільню ды паступіць у мясцовую мастацкую школу.

Праз некалькi месяцаў занятка ў школе Якава Кругера па рэкамэндацыi сасога Кругера Суцiн i Кiкоiн едуць у Вiльню, у Дзяржаўную Рысавальную школу акадэмiка Пятра Пятровiча Трутнева. Першая спроба паступленьня ў школу ня мела посьпеху. Суцiн вельмi хваляваўся i ня вытрымаў iспытаў па малюнку i кампазiцыi. Ён са слязьмi прасiў пэдагогаў даць яму яшчэ адзiн шанс. Некалькi прыватных урокаў пэдагога школы мастака Iвана Рыбакова далi добры вынiк: Суцiн стаў навучэнцам школы. Яго непасрэдным настаўнiкам быў I. Рыбакоў, выхаванец Санкт-Пецярбурскай акадэмii мастацтваў. Ён вычыў рэалiзму ў акадэмiчным разуменьнi – вывучэньню i дакладнай перадачы натуры. Хутка Суцiн стаў адным зь лепшых вучняў школы. Але яго работы вiленскага перыяду не былi строга акадэмiчныя, ён пiсаў рамантычныя пэйзажы ў манэры фрацускага пейзажыста К. Каро. У Вiльнi Суцiн атрымаў пачатковую гуманiтарную адукацыю, захапiўся Ф. Дастаеўскiм, А. Пушкiным, вершы якога знаў напамяць. Суцiн наведваў тэатры, музэi, мог усю ноч напралёт весьцi размовы пра мастацтва з Кiкоiным i Пiнхусам Крэменем – навучэнцам старэйшага курса, зь якiм пазнаёмiўся у Вiльнi. За 15 капеек яны здымалi пакойчык «з самаварам» у жонкi чыгуначнiка. Па суботах хадзiлi ў сынагогу, пасьля якой багатыя сем’i запрашалi iх на абеды. Такiм чынам ён пазнаёмiўся з сям’ёй доктара Рафелкеса, у дачку якого закахаўся. Iшла нават гаворка пра шлюб, але прыродная сарамлiвасьць Хаiма перашкодзiла зьдзяйсьненьню гэтай задумы: дачка доктара выйшла за другога. Суцiн служыў у багатага адваката Рубiнлiхта, якi напiсаў яму рэкамэндацыйны лiст да старшынi Вiленскага таварыства памяцi М.Антакольскага, якое давала «магчымасьць мастакам-пачаткоўцам удасканальвацца ў iх спецыяльнасьцi». Вiленскiя мэцэнаты па просьбе таварыства сабралi грошы, на якiя Суцiн змог даехаць да Парыжу. Акрамя таго, першыя месяцы ў Парыжы Суцiна фiнансава падтрамлiваў доктар Рафалкес. У мастацкай школе пры падтрымцы Віленскага юдэйскага таварыства заахвочваньня мастацтваў СуцIн правучыўся з  1910 па 1913 гады.

У 1913 годзе, маючы у кішэні некалькі рублёў, Суцін прыехаў у Парыж. Там малады мастак пазнаёміўся з Маркам Шагалам, Фэрнанам Лежэ, Дыегам Рывэрам, Амэдэа Мадыльяні. Першыя гады ў Парыжы, дзеля таго, каб зарабіць на жыцьцё, працаваў землякопам, насільшчыкам на вакзале.

У часы першай сусьветнай вайны уладкаваўся на працу, на завод «Рэно», дзе была наладжана вытворчасьць снарадаў. Затым дзякуючы сродкам сяброў у мэтах паляпшэньня здароўя накіраваўся на поўдзень Францыі, на курорт Керэ, дзе пражыў да 1922 г.

У 1920–1921 гады мастак удзельнічаў у вялікіх выставах «47 з Парнаса» і «Сотня з Парнаса», а ў 1923 годзе – у групавой выставе расейскіх мастакоў «Удар». У канцы 1923 году Суцін пасьпяхова прадаў каля 200 сваіх карцін. З гэтага часу мастак зрабіўся знакамітым і матэрыяльна забясьпечаным. Ён заснаваў уласную студыю на плошчы Клема, адкуль адкрываўся прыгожы від на Сену. Цяжка хворы Амэдэа Мадэльяні перад сьмерцю сказаў: «Не хвалюйцеся, у асобе Суціна я пакідаю вам генія».

У 1925 годзе мастак перажывае моцны творчы крызіс, малюючы здыхлых быкоў і качак у разрэзе. Да 1928 года Суцін вялікую частку часу знаходзіўся у Парыжы. У гэты пэрыяд ён напісаў сэрыю партрэтаў «Слугі»: «Калідорнага» (1927–1928), «Парцье» (1927), «Слугу» (1928). У 1927 парыская галерэя Бінг правяла першую пэрсанальную выставу Х.Суціна.

Творам, напісаным Суцiным пераважна паміж 1920–1929 гадамі, уласьцівыя глыбока індывідуальныя бачаньне сьвету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэньні, ахвяраваньне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцьця ўнутранай сутнасьці прадметаў і зьяў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэсьлена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязьлітасныя псыхалягічныя характарыстыкі («Кандытар», 1922); натурморты (большая частка створаная ў 1924–1927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэньня – «Курыца і таматы» (1924), «Гавяжая туша» (1925); трывожныя пэйзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі («Злавесная вуліца», каля 1921). Часта перарабляў ці зьнішчаў свае раньнія працы і амаль нічога не маляваў пасьля 1930 году.

1928. Творы Суцiна выстаўляюцца ў Парыжы i Нью-Ёрку.
1930. Суцiн пачынае рэгулярна прыязджаць у госьцi да Кастэнаў, у якiх зьбiраецца мастацкая элiта Францыi.
1932. Памiрае Збароўскi, якi пад канец жыцьця зьбяднеў, нягледзячы на некаторы фiнансавы посьпех у вынiку продажу карцiн Суцiна i iншых мастакоў.
1935–1936. У Чыкага i Нью-Ёрку праводзяцца тры пэрсанальныя выставы Суцiна. Яго творы набываюць амэрыканскiя музэi.
1937–1939. Суцiн знаёмiцца з Гердай Мiкаэлiс – бежэнкай зь Нямеччыны. Яна пасяляюцца на вiле ў Сiўры-сэр-Сёрэн, дзе iх суседзi – скульптар Ханна Арлова, пiсьменьнiк Генры Мiлер. Творы Суцiна экспануюцца ў Лёндане, Нью-Ёрку, Таледа, Клiўлендзе.
1939. Пачатак II Сусьветнай вайны. Мастак атрымоўвае шэраг прапановаў паехаць у ЗША, аднак застаеццася ў Францыі, нягледзячы на тое, што яго ў любы момант маглі арыштаваць як габрэя. Суцiну i Гердзе забаронена выезджаць за межы гарадка Сiўры-сэр-Сёрэн, у якiм яны жылi. Суцiн здолеў вырвацца з Сiўры-сэр-Сёрэн i прыехаць у Парыж толькi праз некалькi месяцаў.
1940. Гердзе ўдаецца вярнуцца ў Парыж толькi ў красавiку 1940 году. Пасьля акупацыi Францыi яе дэпартуюць разам зь iншымi грамадзянам Германii, якiя пражываюць у Парыжы ў лагеры ў Гарсэ, што ў Пiрэнэях. Яна атрымлiвае дазвол пражываць у Каркасоне на неакупаванай тэрыторыi. У лiстападзе Суцiн знаёмiцца с Мары-Берт Аранш.
1941. Урад Вiшы ратыфiкуе закон, якi прадпiсвае адпраўку габрэяў у канцэнтрацыйныя лагеры. Суцiн i Мары-Берт пачынаюць часта мяняць месца жыхарства, хаваючыся ад нацыстаў. У 1941 годзе пасьля непрацяглай адсутнасьці Суцін зноў вяртаецца ў Парыж, дзе піша пэйзаж «Шампіньі», «Вялікае дрэва» (1942), «Сьвіней» (1942) – яго любімы нацюрморт, на якім выяўлены сьвіныя тушы на блюдзе.
1943. Пачынаецца абвастрэньне язвавай хваробы Суцiна. Пасьля парады ўрачоў Суцiн i Аранш накiроўюцца ў Парыж, выбiраючы аб’язны шлях, каб пазбегуць сустрэч зь немцамi. Праз двое сутак у парыская клiнiцы Суцiну робяць апэрыцыю. Ён прыходзiць у прытомнасьць, аднак 9 жнiўня, праз 2 днi пасьля нясвоечасова праведзенай апэрацыi, памiрае. За яго труною, паводле паданьня, ішоў усяго адзін чалавек, але ім быў Паблё Пікаса. Па iншых крынiцах, на яго пахаваньнi на манпарнаскiх могiлках прысутнiчаюць Пiкасо, Както, Макс Жакоб.
1944. На першым пасьляваенным салёне, перайменаваным у салён Вызваленьня, праводзiцца цэромоныя памяцi Суцiна.
1945. У Французскай галерэi праводзiцца рэтраспэктыўная выстава работ Суцiна, а ў Бостане – выстава «Шагал i Суцiн».
1952. Работы Суцiна абраныя для прадстаўленьня Францыi на Венэцыянскiм Бiёнале.
1958. У Нью-Ёрку праводзiцца выстава «Суцiн i яго кола ў Парыжы».
1959–1983. Пэрсанальныя выставы Суцiна праводзяцца ў Лёндане, Парыжы, Нью-Ёрку, Токiа, Еруселiме, Мюнхене.
1985. Голас Радзiмы ўпершынью публiкуе аркуш пра Суцiна.
1990. На аукцыёне ў Францыi работы Суцiна пачынаюць прадавацца па цане ад 8,5 да 12,5 мiльёнаў франкаў.
2007. Карцiны Суцiна выстаўлены ў буйнейшых музэях Францыi: Нацыянальным музэi сучаснага мастацтва (Цэнтар iмя Ж. Пампiду), Музэi сучаснага мастацтва горада Парыжу, Аранжары, а таксама ў Музэi сучаснага мастацтва (Нью-Ёрк), галерэi Тэйт (Лёндан), Музэi Пецi-Палэ (Жэнева).

З-за таго, што мастак ня меў прамых нашчадкаў (афіцыйна Суцін ня быў жанаты і ня меў дзяцей), яго творчая спадчына перайшла ў рукі прыватных асоб і дзяржавы. Упершыню карціна Суціна зьявілася ў Беларусі у 2012, калі Белгазпрамбанк набыў яго «Вялікія лугі ў Шартры» для сваёй карпаратыўнай калекцыі. Пазьней калекцыю папоўнілі «Ева» ды «Заснулая з кнігай, «Мадлен Кастэн». Пры гэтым карціну «Ева» набылі на аўкцыёне амэрыканскага брокера «Сотбі» (Нью-Ёрк) за 1,86 млн даляраў.

Каардынаты: 53.755047, 28.009081.

Цэнтар дзіцячай творчасьці, у якiм знаходзiцца музэй

Заля 1. «На Радзіме» («Шлях да поспеху. Сьмілавічы – Менск – Вільня»)

Заля 2. «Парыскае кафэ»