Klecak district

Klecak

Кле́цак – места на рацэ Лані, адміністрацыйны цэнтар Клецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 11 483 чалавекі. Знаходзіцца за 140 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Асіпавічы – Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Нясьвіжам, Баранавічамі, Слуцкам.

Клецак – магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца княства і радзівілаўскай ардынацыі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Фарны касьцёл (рэнэсанс, XVI стагодьдзе) і Вялікая Сынагога (барока, XVIII стягодьдзе), зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Клецак утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» – «бярозавы парасьнік». Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Клѣчьск, Клеческ.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк: Клецак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX – пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Клецак» як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места – Клецк.

Паводле археалягічных зьвестак, неўмацаванае паселішча дрыгавічоў існавала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІ стагодьдзя. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Клецак датуецца 1127 годам у зьвязку з выправай кіеўскіх князёў на Полацкае княства, у якім удзельнічала дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска». У гэты час горад быў сталіцай удзельнага княства.

Клецкі замак

У XI стагодьдзi ў Клецку збудавалі дзядзінец, пазьней, у XII–XIII стагодзьдзях – вакольны горад. У першай палове XIII стагодьдзя дзядзінец узмацнілі. У сярэдзіне XIII стагодьдзя фартыфікацыі вакольнага гораду зруйнавалі. У 1503 году замак спалілі крымскія татары, пазьней яго аднавілі. На тэрыторыі вакольнага гораду ў 1-й палове XVII стагодьдзя разьмяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. У XVII–XVIII стагодьдзях усе фартыфікацыі разбурыліся.

Клецкі замак – помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Клецку. Знаходзіцца паміж цэнтрам места і Клецкім возерам. Існаваў у XIX–VIII стагодзьдзях. Ён складаўся зь дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага гораду (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, умацоўвалася валам, з боку поля – ровам. Мела драўляную сьцяну ў выглядзе складзеных клецяў (адсюль назва гораду).

Ужо ў XIII стагодьдзi Высокі замак меў мураваны склеп і цэйхгаўз з зброяй. Дольны замак складаўся зь землянога вала з драўлянай сьцяной і рова, мостам злучаўся з Высокім замкам.

У 1258 годзе войскі хана Бурундая захапілі і спустошылі Клецак у час іхнай выправы на Наваградзкую зямлю.

У ХIV стагодьдзi Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1398 годам упамінаецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV стагодьдзя) Клецак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў места свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 годзе – князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разьбілі прыхільнікаў Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 году вялікі князь Казімер перадаў места і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.

У 1503 годзе Клецак спалілі крымскія татары. 5 жніўня 1506 году каля места адбылася бітва, у выніку якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Міхалам Глінскім разьбілі татараў. Вялікі князь Аляксандар выдаў Клецку прывілей на адзін кірмаш у год. У 1522–1556 гадох места знаходзілася ў валоданьня вялікай княгіні Боны Сфорца.

У 1550 годзе Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Траецкі (Фарны) касьцёл. На 1552 год у месьце было 137 двароў, дзейнічалі 4 царквы, манастыр і касьцёл. У 1553 годзе тут пачаў дзейнічаць адзін зь першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560–1563 гадох служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў месту прывілей на 2 штогадовыя кірмашы. У 1586 годзе ўтварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. На 1626 год у месьце было 448 двароў, пад 1641 годам упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.

27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Клецку Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі княская карона, пад якой паляўнічы рог». За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецак. Насельніцтва места скарацілася ўдвая. У 1683 годзе маршалак вялікі Станіслаў Казімер Радзівіл заснаваў тут дамініканскі кляштар. У гэты час у месьце было 217 двароў, дзейнічалі драўляныя цэрквы Ўшэсьця і Ўваскрасеньня, працавалі 3 рамесныя цэхі.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе швэдзкі аддзел разьбіў пад Клецкам расейскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў месту прывілей на 2 кірмашы штогод. На 1713 год тут было 152 двары.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Случарэцкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое стала вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 годзе ў Клецку збудавалі харальную сынагогу. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) – гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). 3 траўня 1917 году местачкоўцы ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Клецак занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Клецак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Клецак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясьвіскім павеце. У 1924–1931 гадох у месьце працавала беларуская гімназія.

У 1939 годзе Клецак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 кастрычніка 1941 году нацысты расстралялі каля 4 тысячаў жыдоў. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Фарны касьцёл, помнік архітэктуры рэнэсансу.

29 лістапада 1999 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Клецку.

Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (колiшнi касьцёл і кляштар дамініканаў)

У 1683 годзе скарбнік наваградзкі Юры Казімер Булгак і ягоная жонка Кляра з Галтоўскіх заснавалі ў Клецку кляштар дамініканаў. Таго ж году з фундацыі маршалка літоўскага князя Станіслава Казімера Радзівіла замест драўлянага касьцёла збудавалі мураваны rасьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, асьвячоны 6 чэрвеня 1684 году.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. З 1795 году пры кляштары існавала школа на дзесяць студэнтаў шляхецкага паходжаньня і шпіталь (заснаваны М. Адахоўскім). Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) – гвалтоўна адабралі касьцёл у каталікоў і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Па далучэньні Клецку да БССР у 1939 годзе савецкія ўлады адабралі касьцёл у Маскоўскага патрыярхату і разьмясьцілі ў ім філію мэханічнага завода.

У 1994 годзе будынак касьцёла перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У наш час у будынку касьцёла дзейнічае царква Ўваскрасеньня Хрыстова Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе – адміністрацыйная ўстанова.

11 лістапада 2008 году з ініцыятывы мясцовага сьвятара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII стагодьдзя, колішні касьцёл дамініканаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што ёсьць грубым парушэньнем дзейнага заканадаўства. Нягледзячы на звароты грамадзкасьці ў пракуратуру, неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 сьнежня 2008 году ў Клецку адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы.

Каардынаты: 53.067256, 26.634707.

Касьцёл Сьвятой Тройцы

У 1450 годзе з фундацыі Андрэя Маствіловіча ў Клецку збудавалі Фарны касьцёл. Відаць, першы будынак быў драўляным. У канцы 1550 году Мікалай Радзівіл Чорны перадаў касьцёл пад кальвінскі збор. У 1560–1562 гадох Сымон Будны быў міністрам у зборы. У 2-й палове XVI стагодьдзя за Альбрэхтам Радзівілам касьцёл вярнулі каталікам і перабудавалі яго паводле праекту Я. М. Бэрнардоні. У 1607 годзе яго асьвяціў біскуп віленскі Юры Радзівіл. Касьцёл быў пабудаваны ў стылi архітэктуры рэнэсансу зь вельмі моцнымі гатычнымі рысамі.

У пачатку XVIII стагодьдзя касьцёл перажыў разрабаваньне швэдамі, у касьцёльнай вежы пасьля гэтага засталіся два каменныя ядры ад гармат.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць.

У 1810 годзе касьцёл гарэў, але на сродкі Мікалая Ёзэфа Радзівіла яго аднавілі, у нішы над уваходам паставілі скульптуру Хрыста.

У XX стагодьдзі касьцёл перажыў і Першую сусьветную, і савецка-польскую, і Другую сусветную войны. Падчас першай зь іх дасталася касьцельнаму звону, які быў пашкоджаны артылерысцкім снарадам. У 1937 годзе звон быў пераплаўлены на ліцейнай фабрыцы братоў Фяльчынскіх.

Пасьля Другой сусьветнай вайны храм стаяў згарэлы, але яга было магчыма адрамантаваць. Не вытрымаў храм толькі савецкую вайну з рэлігіяй. Савецкім уладам не патрэбен быў старажытны храм, які нагадвае пра даўнія хрысьціянскія традыцыі Клецка. У пачатку 1950-х гадоў касьцёл пачалі разбураць з дапамогай малатка і кіркі. Але старажытныя сьцены не хацелі паддавацца варварам і ў 1959 годзе храм быў узарваны. Ад касьцёла захавалася толькі частка заходняга мура.

Новы касьцёл Сьвятой Тройцы

Новы Траецкі касьцёл у горадзе пачалi будаваць ў 2000-я гады. 4 сьнежня 1996 года распачаліся набажэнствы ў капліцы, а 24 сьнежня прайшлі ўрачыстая святая Імша і тэатральны паказ у гонар нараджэньня Ісуса Хрыста.

Тады ж была перададзеная ў вечнае карыстаньне зямельная дзяльніца пад будаваньне каталіцкага касьцёла, які ў архітэктурным пляне нагадвае колiшні касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, што існаваў у горадзе амаль цягам 500 гадоў. 30 чэрвеня 2012 года мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касьцёл.

Каардынаты: 53.065548, 26.641833.

Шпіталь

Шпіталь – помнік архітэктуры стылю мадэрн пачатку XX стагодьдзя, пабудаваны ў 1909 годзе з цэглы. Складаецца з трох карпусоў. Будынак шпіталя – Ш-падобны ў пляне аднапавярховы аб’ём, накрыты вальмавым дахам.

У часы Першай сусьветнай вайны тут месьцiўся вайсковы шпіталь. Падчас акупацыі ў быдынку размяшчалася Клецкая тэхнічная школа. Пасьля Другой сусьветнай вайны тут размяшчалася Клецкая сярэдняя школа, Дом піянэраў, раённы ваенны камісарыят.

Каля будынка былога шпіталя ў траўнi 2011 года падчас рамонта целпатрасы работнікамі Клецкай ЖКГ былі знойдзены чалавечыя рэшткі. У выніку даследваньняў выявілася, што пахаваньне з’яўляецца магілай ахвяраў набегаў крымскіх татараў пачатку XVI стагодьдзя.

Каардынаты: 53.068349, 26.629076.

Вайсковыя кашары

Рашэньнем урада Другой Рэчы Паспалітай у 1924 годзе для абароны пагранічнай тэрыторыі ўсходніх ускраінаў было прынятае рашэньне размясьціць па межах воінска-паліцэйскія падраздзяленьні. Адзін з гарнізонаў КАП (Корпуска Аховы Памежжа), які паспяхова змагаўся з актыўнасьцю савецкіх дыверсантаў, размяшчаўся якраз у Клецку.

Клецкія кашары – помнікі архітэктуры стылю «мадэрн», яны будаваліся польскім урадам у 1922–1924 гады спецыяльна для кавалерыйскага гарнізона. Добра ўмацаваныя будынкі былі спраектаваныя Тадэвушам Навакоўскім з элемэнтамі стылю мадэрн, для будаўніцтва выкарыстоўвалі бутавы камень, цэглу і дрэва, узвядзеньнем кіраваў Жыгімонт Выганоўскі. Гарнізон апроч штаба і казарменных пабудоваў уключаў у сябе зброевы пакой, стайню на 200 коней для кавалерыі і склады кормаў. Неўзабаве пасьля пабудовы гарнізоны абсталявалі асобна стаячымі памяшканьнямі для афіцэраў, гаспадарчымі пабудовамі накшталт кухняў, ваннаў, мыйных, пральняў, швэйных майстэрняў і складоў. Таксама ў КАП «Клецак» праходзілі «службу» сабакі для высочваньня і затрыманьня парушальнікаў межаў і злачынцаў у самім Клецку. Дрэсіроўка была важнай часткай падрыхтоўкі вайскоўцаў і паліцыянтаў.

Гарнізон у Клецку быў шматлікім: каля 25 тысячаў салдат і афіцэраў, зь якіх у перыяд з 1924 па 1926 год было сфарміравана 6 брыгад. 24 батальлёны пяхоты і 20 эскадронаў кавалерыі патрулявалі рубяжы. Дзевяты батальлён з часам атрымаў Батальлён КАП «Клецак» пасьля 1929 года. Ён увайшоў у склад брыгады «Новаградак», якая кватаравала ў паўночнай частцы Клецка.

У казармы падавалася электрычнасць з Нясьвіжа, быў праведзены водаправод. Цяпер з усіх казарменных памяшканьняў захавалася ў цэласці адно, другое разбуранае. Ад другога будынка засталіся толькі вароты і правае крыло. Іх спрабавалі рэстаўраваць, але абклалі сілікатнай цэглай і дадалі драўляны ганак да аднаго з будынкаў. Гэта моцна дысануе са стылістыкай 1920-ых гадоў польскай забудовы. Паміж казармамі стаяў штаб батальлёна КАП «Клецак», усе будынкі былі выкананыя ў шэрых танах. Гарнізон наведаў нават прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацій Масьціцкі, застаўся вельмі задаволены. Салдаты і афіцэры гарнізона таксама выявілі сябе героямі падчас баёў супраць Чырвонай Арміі 17 верасьня 1939 гада.

Да 1939 года ў казармах размяшчаўся 9-ы корпус пагранаховы. З 17 верасьня 1939 года па чэрвень 1941 года тут стаялі часткі Чырвонай Арміі. З восені 1941 года па чэрвень 1944 года размяшчаўся лагер ваеннапалонных. 1944–1947 гадох авіяцыйны шпіталь. З сакавіка 1947 па снежань 1996 года знаходзіліся часткі Савецкай Арміі. Пасля заканчэньня Другой сусветнай вайны будынак перапрафілявалі пад жытло і адміністрацыю.

Каардынаты: 53.075186, 26.642271.

Правая кашара

Цэнтральная кашара

Цэнтральная кашара па форме адрозніваецца ад правай і левай. Першапачаткова тут месьцiўся штаб камандаваньня. Нядаўна гэты будынак быў рэканструяваны, сёньня тут размяшчаецца раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі.

Левая кашара

 

Царква Покрыва Прасьвятой Божай Мацi

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Клецку збудавалі ў стылi архітэктуры расейскай эклектыкі ў 1876–1879 гадох з цэглы на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду 1786 году.

Каардынаты: 53.074484, 26.638107.