Kojdanaŭ district

Kojdanaŭ (Dziaržynsk)

Койданаў (з 1932 году – Дзяржынск) – места на рацэ Няцечцы, адміністрацыйны цэнтар Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 38 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Менску, на чыгуначнай лініі (станцыя Койданава) і аўтамабільнай дарозе Менск – Баранавічы.

Койданаў – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся драўляны касьцёл Сьвятой Ганны ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодьдьдзя, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся кальвінскі збор і замак, помнікі архітэктуры XVI–XVII стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі.

Традыцыйная гістарычная назва места – Койданаў. Гэты тапонім, імаверна, утварыўся ад імя татарскага ваяра Койдана (Кайдана), войскі якога нібыта разьбіў непрыяцель пад легендарным Крутагор’ем у XIII стагодзьдзі. Паводле іншага меркаваньня, назва места паходзіць ад імя татарскага вайскавода, які калісьці жыў у гэтых мясьцінах. Ён наняўся ў канцы XIV – пачатку XV стагодзьдзяў у войска Вялікага Княства Літоўскага і меў тут сваю рэзыдэнцыю.

Форма Койданава (рас. Койданово) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер. 29 ліпеня 1932 году савецкія ўлады перайменавалі Койданаў у «Дзяржынск» у гонар Фэлiкса Дзяржынскага, аднаго з арганізатараў чырвонага тэрору.

З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Койданаў у якасьці афіцыйнай.

Афіцыйнай датай заснаваньня сучаснага Койданава лічыцца 1146 год, калі паселішча ўпамінаецца пад назвай Крутагор’е ў паданьні пра старую Пакроўскую драўляную царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі разглядаюць гэтыя зьвесткі толькі як імаверныя і датуюць першы дакладны пісьмовы ўпамін 1442 годам.

У ХІІ стагодзьдзі Койданаў увайшоў у склад Полацкага, пазьней Менскага княства. Да ХІІІ стагодзьдзя ў паселiшчы завяршылася ўзьвядзеньне драўлянага замка.

У XIV стагодзьдзі Койданаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Гедзімінавічаў, Вярэйскіх, Гаштольдаў, Радзівілаў. У 1439 годзе Міхал Жыгімонтавіч заснаваў тут касьцёл Сьвятой Ганны. У пачатку XVI стагодзьдзя Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (у 1502 і 1503 гадох). У 1542 годзе ён стаў цэнтрам староства, пазьней графства.

У 1550–1831 гадох Койданаў атрымаў вядомасьць значнага асяродку пашырэньня кальвінізму. Каля 1564 году Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 году – мураваны), а таксама плябанію, школу і шпіталь. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1588 годзе Койданаў атрымаў статус мястэчка. У гэты час тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касьцёл, Рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Менская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазьней кірмашы таксама зьбіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка). Паводле зьвестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны Рынак, забудаваны дамамі рамесьнікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў.

Койданаўскі замак (Напалеон Орда 13.07.1876)

11 ліпеня 1655 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі ўшчэнт спустошылі Койданаў. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару: «…мястэчка Койданаў узялі, і каторыя… былі ў тым мястэчку польскія і літоўскія людзі, і тых усіх людзей забілі і тое мястэчка і прадмесьці ўсе выпалілі».

Аднаўленьне Койданава ішло марудна. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя тут збудавалі новы драўляны касьцёл Сьвятой Ганны. На 1791 год у мястэчку было 134 дымы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Койданаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету Віленскай губэрні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы». У вайну 1812 году 15 лістапада войскі Расейскай імпэрыі разьбілі аддзел, сфармаваны зь мясцовых і францускіх жаўнераў. У 1871 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У канцы XIX – пачатку XX стагодзьдзя у Койданаве дзейнічалі кальвінскі збор, касьцёл, царква, сынагога; працавалі народная і меская вучэльні, 2 юдэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; штогод праводзілася 6 кірмашоў.

Замак і кальвінскі збор, каля 1900 году

Каардынаты: 53.690747, 27.128021.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Койданаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Койданаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Койданаў увайшоў у склад Беларускай ССР. У 1920 годзе ў выніку антыбальшавіцкага паўстаньня ўтварылася Койданаўская самастойная рэспубліка. У 1924 годзе мястэчка стала цэнтрам раёну (з 30 чэрвеня 1937 да 15 студзеня 1938 году быў у Менскім раёне).

У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію ў Койданаве. 15 сакавіка 1932 году паселішча атрымала статус места. 29 ліпеня 1932 году бальшавікі зьмянілі назву места на Дзяржынск – ад прозьвішча заснавальніка савецкай карнай сыстэмы Дзяржынскага; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году Койданаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл сьвятой Ганны

Першы касьцёл у Койданаве збудавалі ў 1439 годзе з фундацыі князя Міхала Жыгімонтавіча. Драўляны касьцёл неаднаразова цярпеў ад пажараў.

У 1785 годзе збудавалі драўляны касьцёл з рысамі барока, які захаваўся да нашага часу.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Койданаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1843 годзе пробашчам быў Леапольд Заўшцінскі, вікарыем – Пётар Крушэўскі. На 1883 год парафія налічвала 12.300 чалавек.

У пачатку XX стагодьдзя існавалі філіяльны касьцёл у Вязыні, прыпісныя капліцы ў Станькаве, Гарбузах, Нарэях, Рубілках, Скароднам і Навасёлках.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл, часткова зруйнавалі помнік і прыстасавалі яго пад музычную школу.

У 1990-я гады касьцёл часткова аднавілі і ў 1997 годзе кансэкравалі.

Каардынаты: 53.689414, 27.128448.

Фотаздымкi касьцёла па стане на 2006 год:

Касьцёл Сьвятой Ганны, фотаздымак 1914 года

Царква Покрыва Багародзіцы

Паводле гісторыка архітэктуры Анатоля Кулагіна, мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Койданаве збудавалі ў 1851 годзе на расейскія дзяржаўныя сродкі ў стылi архітэктуры расейскай эклектыкі.

Царква знаходзіцца ў цэнтры места, на рагу гістарычных Станькаўскай і Слуцкай вуліц. Дзейнічае.

Каардынаты: 53.684668, 27.132751.

Вiдарыс царквы ў 2006 годзе:

Выгляд царквы ў 2006 годзе:

Школа мастацтваў

Каардынаты: 53.685588, 27.129692. Адрас: Вулiца Ленiнградзкая, 2.

Гарадзкi дом культуры

Каардынаты: 53.685646, 27.128441. Адрас: вулiца Ленiнградзкая, 4.

Райвыканкам

Каардынаты: 53.685426, 27.131939. Адрас: пляц Дзяржынского, 1

Чыгуначная станцыя

Каардынаты: 53.682846, 27.158768. Адрас: вулiца Вакзальная.

Храм Новапакутнікаў Беларускіх

Каардынаты: 53.668993, 27.110838. Адрас: Вулiца 50 год Перамогi.

Памятны знак на ўезьдзе

Каардынаты: 53.678157, 27.11617.