Kojdanaŭ district

Śviataja (Dziaržynskaja) hara

Сьвятая Гара (з 1958 году – Дзяржынская) – найвышэйшы пункт Менскага ўзвышша і Беларусі. Вышыня над узроўнем мора – 345 мэтраў, бачная вышыня 40–50 м.

Знаходзіцца ля вёскі Скірмантава, за 20 кiлямэтраў на поўнач ад Койданава і за 30 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Менску.

Гару складаюць марэны, пакрытыя суглінкамі і супяскамі, якія сфармаваліся падчас паазерскага зьледзяненьня. Ля падножжа гары пачынаюцца рэкі, што належаць да басэйнаў Нёмана і Дняпра. Гэта Пціч, Іслач, Сула, Вуса. Паўднёва-заходнія схілы стромкасьцю да 5º, паўночныя і ўсходнія схілы спадзістыя – да 2º, разараныя. 15 % тэрыторыі на паўночным захадзе пад маладым лесам.

Назва гары, відаць, паходзіць з дахрысьціянскіх часоў, калі на ёй знаходзілася паганскае капішча. Паводле мясцовага паданьня, разьмешчаная на гары вёска Скірмунтава атрымала сваю назву ў гонар беларускага асілка «Скірмуня», што здабыў перамогу ў бітве з татарамі.

У першай палове XX стагодьдьдзя па прыходзе савецкай улады тэрыторыя гары апынулася ў складзе мэханізаванага двара саўгасу «Камсамолец». У часы сталінскіх рэпрэсіяў, якія праводзілі супрацоўнікі НКУС пад лёзунгамі барацьбы з шпіёнамі-здраднікамі і варожымі элемэнтамі, у пагранічнай зоне (за шэсьць кілямэтраў ад граніцы міжваеннай Польскай Рэспублікі) многіх жыхароў вёскі Скірмунтава выслалі на Салаўкі і ў Сыбір, ніхто зь іх не вярнуўся. У Другую сусьветную вайну 30 ліпеня 1943 году нацысцкія карнікі ўшчэнт спалілі вёску разам з 140 мірнымі жыхарамі.

У 1958 годзе бальшавікі перайменавалі Сьвятую гару ў «Дзяржынскую» ў гонар савецкага партыйнага дзеяча, аднаго з арганізатараў «чырвонага тэрору» – Фэлікса Дзяржынскага.

У канцы XX ст. на вяршыні гары паставілі памятны знак «Гара Дзяржынская. Вышэйшая кропка Беларусі. Вышыня 345 мэтраў над узроўнем мора». У пачатку XXI ст. тэрыторыю гары добраўпарадкавалі.

Каардынаты: 53.848652, 27.065504.

Даўнейшы вiдарыс манумэнта. 2006 год