Kojdanaŭ district

Vołma

Волма – вёска на рацэ Волме, уваходзіць у склад Путчынскага сельсавету Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 30 кiлямэтраў на поўнач ад Койданава, за 16 кiлямэтраў на ўсход ад Івянца, за 15 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Ракава. Насельніцтва вёскi па стане на 2010 год складала 164 чалавекi.

Волма – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Упершыню Волма ўпамінаецца ў другой палове XV стагодьдзя як уладаньне Войцеха Манівіда. У 1472 годзе тут існаваў касьцёл, які адносіўся да Віленскага біскупства. У 1563 годзе Волма знаходзілася ў валоданьні Альбэрта Гаштольда. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1581 годзе Волма атрымала статус мястэчка. На 1620 год тут было 55 двароў. У XVII–XIX стагодзьдзях Волма знаходзілася ў валоданьні Валадковічаў, Філіповічаў, Ваньковічаў. У 1751 годзе ў мястэчку збудавалі новы драўляны касьцёл.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Волма апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскім павеце Менскай губэрні. У пачатку XIX стагодьдзя на паўночнай ускраіне мястэчка, на беразе ракі Валмянкі сфармавалася сядзіба з паркам, што належала Ваньковічам. У 1861–1866 гадох у Волме было 14 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), а ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Волме царкоўнапрыходзкую школу (13 вучняў: 10 хлопчыкаў, 3 дзяўчынкі).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Волму занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Волма абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад БССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Волма апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Волма ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету з 25 сьнежня 1962 году Стаўпецкага, з 6 студзеня 1965 году Валожынскага, з 12 жніўня 1970 году Койданаўскага раёнаў. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Сядзібна-паркавы комплекс Ваньковічаў

На беразе ракі Волма ў паўночнай частцы вёскі знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс, помнік палацава-сядзібнай архітэктуры эпохі клясыцызму і садова-паркавага мастацтва ХІХ стагодьдзя. На тэрыторыі размяшчаюцца: сядзібны дом, флігель, службовы корпус, цагляная капліца (не захавалася да нашых дзён), невялікі пэйзажны парк і закладны камень.

У парку былі высаджаны дзьве алеі. Адна служыла парадным пад’ездам з елкамі, клёнамі і ясенем. На другой алеi ў тры рады растуць елкі.

Пазьней справа ад сядзібнага дома на грэбні тэрасы быў пабудаваны аднапавярховы дом з мансардай, вокны якога дэкараваны сандрыкамі. З гэтага будынка адкрываўся маляўнічы від на парк і вадаём. Па ўспамінах старажылаў Волмы, у гэтым будынку жыў Л. Ваньковіч, калі ў апошнія гады прыязджаў у сядзібу. Першы дом быў прыстасаваны пад жыльлё для парабкаў. На першым паверсе працаваў маслазавод. У сувязі з гэтым у паўднёвым фасадзе былі прабітыя дадатковыя дзьверы.З усходняга боку сядзібы размяшчаецца флігель, прызначаны для памяшканняў сядзібнай кухні. Будынак прамакутны на бутавым цокалі з двухсхільным дахам. Недалёка ад флігеля каля вадаёма стаіць драўляны жылы дом. Уезд у сядзібу ажыццяўляўся праз браму, якая складалася з трох пілонаў. Ва ўсходняй частцы сядзібы размяшчаўся гаспадарчы двор.

Ніжэй, за ракой месьцяцца рэшткі цаглянай капліцы. А з правага боку на мяжы парка знаходзіцца закладны камень.

Каардынаты: 53.875664, 26.969357.

Флiгель

Вадзяны млын

Ва ўсходняй частцы вёскі на беразе возера Волма размешчаны стары вадзяны млын, пабудаваны ў 1929 годзе. Цяпер ён пераабсталяваны для задавальненьня мукамольных патрэб насельніцтва: саламяны дах заменены на шыферны, каменныя жорны заменены на электрычныя механізмы. Гэты млын знакаміты тым, што яго выява была размешчаная ў серыі беларускіх марак «Беларускае драўлянае дойлідзтва».

Каардынаты: 53.866489, 26.967866.

Касьцёл сьвятога Яна Храсьцiцеля

Парафія ў Волме існуе з 1474 году. Стары драўляны касцёл барочнага стылю была пабудаваны ў 1667 годзе, а у 1751 годзе быў перабудаваны. Па задушэньня паўстаньня касьцёл Святога Яна Хрысціцеля быў ператвораны ў праваслаўную царкву, якая дзейнічала да 1910 года. Па Другой сусьветнай вайне касьцёл быў разрабаваны, вежы зьнесеныя, а будынак ператвораны спачатку ў школьную спартовую залю, а потым у зернясховішча. У 1962 годзе стары касьцёл разабралі да падмуркаў.

Новы касьцёл быў пабудаваны ў 2003 годзе, а кансэкраваны ў 2004 годзе. 25 лістапада 2018 года ў выніку пажару згарэла парафіяльная плябанія.

Каардынаты: 53.870526, 26.959383.