Krupki district

Chudaŭcy

Худаўцы – вёска за 7 кіляметраў на паўночны ўсход ад райцэнтра, горада Крупкі. Непадалёку ад вёскі працякае невялікая рака Стражніца, прыток ракі Бобр. Праз Худаўцы праходзіць аўтадарога Крупкі – Халопенічы. Да 13 сакавіка 2008 году Худаўцы – цэнтар Крупскага сельсавету. 13 сакавіка 2008 году цэнтар сельсавету перанесены ў вёску Ротань.

Насельніцтва вёскі па стану на 2009 год складала 342 чалавекі.

Царква Раства Багародзiцы

Драўляная праваслаўная царква Раства Багародзіцы была пабудавана ў Хадаўцах у 1894 годзе. Некалькімі гадамі раней імпэратар Аляксандр III і яго сям’я патрапілі ў чыгуначную катастрофу. Цягнік сышоў з рэек, загінулі каля 20 чалавек, але царская сям’я не пацярпела. У памяць аб гэтай падзеі было пабудавана шмат цэркваў, адна зь іх – у Худаўцах.

Сьвятыня ацалела падчас вайны. Кажуць, немцы аднойчы хацелі забраць сабе залаты крыж з купала царквы, вырвалі і скінулі яго, але ён цудоўным чынам некуды знік, і на зямлі яго не знайшлі. Храм закрываўся прыкладна на 10 гадоў падчас антырэлігійнай барацьбы, але пазьней быў вернуты вернікам і адрамантаваны.

Каардынаты: 54.382327, 29.180103.