Lubań district

Urečča

Урэчча – мястэчка на рацэ Бярозаўцы, цэнтар сельсавету, насельніцтва на 2018 год – 2961 чалавек. Знаходзіцца за 24 кiлямэтры на паўночны захад ад Любані, за 177 кiлямэтраў ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы – Асіпавічы. Праз Урэчча праходзяць аўтамабільныя дарогі на Слуцак, Любань, Старыя Дарогі.

Урэчча – даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). Галоўнай мясцовай славутасьцю была шкляная мануфактура, заснаваная князямі Радзівіламі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўрэчча як маёнтак Слуцкага княства датуецца 1635 годам, калі тут адкрылася люстраная мануфактура. Да 1600 году гэтая мясьціна знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў, пазьней перайшла да Радзівілаў.

У 1734 годзе Ганна Кацярына Радзівіл заснавала тут Урэцкую шкляную мануфактуру, прадукцыя якой вылучалася высокай мастацкай вартасьцю. У складзе мануфактуры працавалі 2 гуты, шліфавальня, паліравальная, рысавальная і іншыя майстэрні, дзе выраблялі сталовы посуд з каляровага, малочнага шкла і крышталю, жырандолі, кандэлябры, падсьвечнікі, шкло да акуляраў, лупаў, гадзіньнікаў. У ХVІІІ стагодзьдзі ў мястэчку зьявіўся касьцёл, таксама дзейнічалі царква Сьвятога Мікалая і сынагога.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Урэчча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Горкаўскай воласьці Бабруйскага павету. У гэты час мясьціна перайшла ў валоданьне Вітгенштэйнаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ўрэчча занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Урэчча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР.

У 1919–1920 гадох Урэчча займалі польскія войскі. У 1920–1930-я гады ў мястэчку дзейнічалі хата-чытальня зь бібліятэкай, школа працоўнай моладзі, сярэдняя беларуская і 7-гадовая расейская школы. У 1924 годзе Ўрэчча ўвайшло ў склад Слуцкага раёну, 27 верасьня 1938 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 20 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Царква роўнаапостальных сьвятых Кiрылы й Мятода

На тым месцы, дзе сёньня стаіць царква святога Кірылы й Мятода, раней ужо існаваў праваслаўны храм. Аднак у 1930-я гады па ініцыятыве камсамольскіх актывістаў яго зачынiлі, а потым і разабралі. Царкву пачалі аднаўляць толькі пасьля аднаўленне незалежнасці Беларусi. У 2000 годзе яна была асьвечаная.

У архітэктуры царквы адчуваецца ўплыў традыцыяў, што сфармаваліся на Расейскай Поўначы.

Каардынаты: 52.948361, 27.886403.