Maładečna district

Bienica

Беніца – вёска на рацэ Бенічанцы, уваходзіць у склад Лебедзеўскага сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 138 чалавек. Знаходзіцца за 21 кiлямэтар ад Маладэчна, за 16 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пруды; на скрыжаваньні дарог на Маладэчна, Крэва, Смаргонь, Заскавічы.

Беніца – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў: кляштар бэрнардынаў, зруйнаваны расейскімі ўладамі, і палац Коцелаў, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Беніцу як сяло Маркаўскай воласьці Віленскага ваяводзтва датуецца 1507 годам. У 1554 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні роду Астравухаў, у 1576 годзе перайшоў да С. Валовіча. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў сяло і аднайменны маёнтак увайшлі ў склад Ашмянскага павету.

З 1634 году Беніца знаходзілася ў валоданьні роду Коцелаў (Катлоў). Пры двары ўласьнікаў маёнтку жыў і працаваў філёзаф П. Мотвіл, існавалі бібліятэка, архіў, мастацкая галерэя, парк, сад, сажалкі з каналамі. У 1701 годзе Міхал Казімір Коцел, кашталян віцебскі збудаваў у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў, пры якім працавала школа. Па пабудове касьцёла Беніца стала асноўнай рэзыдэнцыяй Коцелаў, якія збудавалі тут сядзібны палац, аранжарэю, заснавалі сад, парк з сыстэмай сажалак і каналаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Беніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ашмянскага павету. У вайну 1812 году тут спыняўся Напалеон у часе ўцёкаў з Масквы. Залю ў палацы, дзе ён жыў, пераўтварылі ў мэмарыяльную. Апроч таго, у розныя часы ў мястэчку спыняліся М. К. Агінскі, Т. Зан, Ян Ходзька, С. Манюшка, В. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Концкі, Г. Пузына, Уладзіслаў Сыракомля, У. Дмахоўскі, Ф. Багушэвіч.

У 1813 годзе ад бязьдзетнага М. Коцела Беніца перайшла да ягонай пляменьніцы, якая была замужам за Казімерам Швыкоўскім. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) расейскія ўлады зачынілі кляштар бэрнардынаў, а касьцёл у 1854 годзе гвалтоўна перарабілі пад царкву. У 1886 годзе побач з касьцёлам збудавалі царкву-мураўёўку пад тытулам Покрыва Багародзіцы.

У Першую сусьветную вайну Беніца знаходзілася ў прыфрантавой зоне. У верасьні 1915 году мястэчка занялі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Беніца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У мястэчку зьявілася беларуская школа. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Беніца ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У сьнежні 1919 году з адступленьнем нямецкіх войск мястэчка занялі бальшавікі, у пачатку ліпеня 1919 году – польскія войскі, пазьней да кастрычніка 1920 году – зноў бальшавікі.

У 1920 годзе Беніца апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе – міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва (з 1 красавіка 1927 году – Маладэчанскага павету). У міжваенны час у мястэчку працавалі піваварня і скураны завод.

У 1939 годзе Беніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 1959 году). У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і царкву і ператварылі іх у склады, а капліцу-пахавальню Коцелаў і Швыкоўскіх – разабралі, у 1987 годзе – зьнішчылі муры палаца Коцелаў.

Касьцёл найсьвяцейшае Тройцы

Барочны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў – помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Беніцы. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка, на Рынку. Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і мура з брамай.

Парафіяльны касьцёл у Беніцы існаваў яшчэ ў 1669 годзе. У 1701 годзе кашталян троцкі Міхал Казімер Коцел фундаваў у мястэчку будаваньне касьцёла і кляштару бэрнардынаў. У 1704 годзе біскуп віленскі Канстантын Бжастоўскі асьвяціў новазбудаваны касьцёл. У 1780 годзе пры кляштары пачала дзейнічаць школа.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Беніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1851 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе – гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1888 годзе расейскія ўлады зруйнавалі будынак кляштару.

У 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам. Па Другой сусьветнай вайне ў 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл.

З савецкіх часоў касьцёл знаходзіцца ў занядбаным стане. У 1988 годзе пачалася рэстаўрацыя помніка, якую аднак ня скончылі да гэтага часу.

Каардынаты: 54.346654, 26.556351.

Царква Покрыва Багародзіцы

Царкву Покрыва Прасьвятой Багародзіцы пабудувалi ў Бенiцы ў 1886 годзе з бутавага каменя. Гэты храм, таксама як і касцёл, быў зачынены савецкімі ўладамі ў 1948 годзе, і дакладна таксама ў далейшым будынак царквы выкарыстоўваўся як склад.

Каардынаты: 54.347241, 26.554572.