Maładečna district

Choŭchła

Хо́ўхла – вёска каля ракі Бярэзіны, уваходзіць у склад Хажоўскага сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 414 чалавек. Знаходзіцца за 23 кiлямэтры на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Маладэчна.

Хоўхла – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя.

Тапонім Хоўхла ўтварыўся ад слова хоўхаліца (хохаліца) — ‘хмызьняк у старыцы’. Традыцыйная гістарычныя назва, ужываная мясцовымі жыхарамі – Хоўхла, за савецкім часам зьмененая на цяперашняе афіцыйнае Хоўхлава.

Першы пісьмовы ўпамін пра Хоўхлу як умацаваны замак датуецца 1437 годам. Далей Хоўхл (рас. – Холъхло) неаднаразова выступае як адзін з цэнтраў гаспадарскіх земляў, зь якіх баярам Вялікага Княства Літоўскага рабіліся зямельныя наданьні. У сярэдзіне XVI стагодьдзя у тутэйшай друкарні адну з сваіх кнігаў надрукаваў Сымон Будны.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Хоўхла ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. З 1780 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Галімскіх.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Хоўхла апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце. У пачатку XIX стагодьдзя паселішча перайшло ў валоданьне Карніцкіх.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Хоўхлу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Хоўхла абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Хоўхла апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у гміне Гарадку Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Хоўхла ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. 28 траўня 2013 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Хоўхлаўскага сельсавету вёску перадалі ў склад Хажоўскага сельсавету.

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі

Першы драўляны касьцёл у Хоўхле ў 1447 годзе заснаваў князь Міхал Жыгімонтавіч. У 1630 годзе фундуш пацьвердзіў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.

У 1738 годзе ў мястэчку збудавалі новы драўляны касьцёл з рысамі барока і клясыцызму. У 1749 годзе пры ім заснавалі брацтва імя Марыі, таксама дзейнічаў шпіталь. Хоўхлаўская парафія, якая ўваходзіла ў склад Менскага дэканату, мела прыпісныя капліцы ў Бяларучах і Чарнёве, на канец XVІІІ ст. налічвалася звыш 1000 вернікаў.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Хоўхла апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1846–1847 гадох Вінцэнт Язьвінскі збудаваў за касьцёлам мураваную капліцу. Адначасна праводзілася рэканструкцыя касьцёла.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Службы сталі праводзіцца ў мураванай капліцы-пахавальне Язьвiнскiх за касьцёлам.

У 1919 годзе касьцёл вярнулі каталікам. Апроч капліцы ў Чарнёве, да Хоўхлаўскай парафіі ў гэты час прыпісваўся філіяльны касьцёл у Яршэвічах. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны колькасьць парафіянаў дасягала 2300 чалавек.

Па вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад калгасны склад. У 1990-я гады касьцёл вярнулі каталікам.

Каардынаты: 54.164073, 26.764972.

Каплiца-пахавальня Язьвiнскiх

Радавая капліца-пахавальня Язьвінскіх была пабудаваная ў 1846 – 1847 гадах.

Каардынаты: 54.164237, 26.765187.

Вiдарыс апсыда касьцёла i каплiца-пахавальня