Maładečna district

Maładečna

Маладэ́чна – места на рацэ Вушы. Адміністрацыйны цэнтар Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 95.011 чалавек. Знаходзіцца за 73 кiлямэтры на паўночны захад ад Менску; вузел чыгунак на Менск, Полацак, Вільню, Ліду і аўтамабільных дарог на Менск, Вільню, Нарач. Займае выгаднае геаграфічнае становішча паміж дзьвюма сталіцамі – Менскам і Вільняй. Праз Маладэчна працякае рака Вуша, басэйн ракі Вяльлі.

Маладэчна – места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Маладэчна, відаць, паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая зьнікла ў выніку мэліярацыйных працаў. Таксама існуе меркаваньне, што назва места ўтварылася ад словаў маладзец (у значэньні – ‘дзяцюк, ваяр у княскай дружыне’), малады, малодшы або ад спалучэньня двух даўніх словаў мала і надэчыць, што азначае ‘малазьмяшчальнае месца’.

Ад пачатку XX стагодьдзя у беларускай літаратурнай мове ўсталявалася форма Маладэчна ў адпаведнасьці з гаворкай мясцовых жыхароў. У той жа час назва Маладзечна ёсьць прыкладам уплыву польскае мовы, адкуль перайшла спачатку ў расейскую, а потым і ў афіцыйны правапіс беларускае мовы.

Першы пісьмовы ўпамін пра Маладэчна зьмяшчаецца ў прысяжным лісьце князя ноўгарад-северскага Дзьмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 сьнежня 1388 году. У 1413 годзе паселішча ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва.

У XV стагодзьдзі ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 год – двойчы, а таксама ў 1533 годзе) і быў зруйнаваны ў XVIII стагодьдзi.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Маладэчна ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1567 годзе тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоваў Люблінскай уніі. У канцы ХVI стагодзьдзя Маладэчна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Заслаўскіх, Мсьціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і іншых.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) у 1708 годзе Маладэчна пэўны час займалі швэдзкія войскі. У 1757 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на таргі. У 1758 годзе ўладальнік паселішча Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якім з 1762 году дзейнічаў кляштар трынітарыяў (ліквідаваны расейскімі ўладамі ў 1831 годзе).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793 год) Маладэчна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1847 году Віленскай губэрні. У вайну 1812 году 4 сьнежня каля мястэчка расейскія войскі разьбілі ар’ергард францускай арміі маршала Віктора.

Маладэчна. Краявіды старога места. Ёзэф Мышкоўскi, 1887 год

14 красавіка 1831 году за часамі вызвольнага паўстаньня аддзел Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў вызваліў Маладэчна з-пад расейскага панаваньня. Аднак ужо 22 красавіка 1831 году царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі краю ўлады адкрылі настаўніцкую сэмінарыю, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 годзе будаваньне Лібаўска-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэньню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Маладэчна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Маладэчна абвяшчалася часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў, жыхары Маладэчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а ў самім мястэчку дзейнічаў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Маладэчна ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала самастойнай гмінай у Вялейскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1925 годзе Маладэчна атрымала статус асобнага павету, а ў 1929 годзе – зноў статус места. У 1922–1939 гадах на тэрыторыі фальварку Гелянова (з 1929 году ў складзе места) разьмяшчаўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

У 1929 годзе на паўночным уезьдзе ў гарнізон Гелянова была ўзьведзеная трыюмфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзкага. Адкрыцьцё аркі адбылося падчас урачыстасьцяў, прысьвечаных сьвяткаваньню дзесяцігодзьдзя 86-га пяхотнага палка. У памяшканьнях другога паверха ў ёй была зладжаная капліца сьвятога Францішка. Па нядзелях і ў святочныя дні на плошчы з паўднёвага боку аркі праводзілі малебны, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі гарнізона Войска Польскага, школьнікі і жыхары горада. У савецкі час арка была зьнесена, у астатнім польская архітэктура Гелянова амаль захавалася да нашага часу.

Гелянова. Урачысты парад. 1933 год

Каардынаты: 54.321714, 26.863748.

Гелянова. Брама ў гонар кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзкага (Менская брама). 1937

У 1939 годзе Маладэчна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1944–1960 гадах цэнтар асобнай вобласьці). На 1940 год тут адкрылася пэдагагічная вучэльня, працавалі 2 клюбы, бібліятэка, лякарня, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1946–1947 гадох у Маладэчне дзейнічала суполка Саюзу беларускіх патрыётаў, сярод мэтаў якога была абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў, захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы, і ўрэшце – пабудова сувэрэннай, незалежнай Беларусі. У 1949–1951 гадох тут дзейнічала грамада Саюз супольнай справы, мэтай якой было змаганьне з бальшавікамі.

25 красавіка 1993 году за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам на галоўным пляцы Маладэчна ў прысутнасьці некалькіх тысячаў месьцічаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі (у наш час пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанесьлі ў мескі парк). 18 сакавіка 1997 году ў месьце адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла Сьвятога Язэпа.

Пляц Старое Места

Будаўніцтва чыгункі ў большасьці выпадкаў цягне за сабой развіцьцё, рост і паляпшэнне ўмоваў жыцьця. Але часам развіцьцё ў адным месцы вядзе да заняпаду ў іншым. У выпадку з Маладэчнам станцыя пабудаванай чыгункі апынулася параўнальна далёка ад гістарычнага цэнтра горада і з’явiлася прычынай таго, што стары горад перастаў развівацца і пачаў марнець. Вакзал стаў новым цэнтрам прыцягненьня, цэнтрам цікавасьці месьцiчаў. А гістарычная частка Маладэчна аказалася ізаляванай і стала павольна калі ўжо ня вянуць, то кансервавацца ў часе. Узмацніла ўсе гэтыя працэсы атрыманьне горадам у 1944 годзе статусу абласнога цэнтра. Маладэчанская вобласьць існавала 16 гадоў, але за гэты час недалёка ад вакзала з’явілася Цэнтральная плошча, вакол якой пачала расці новая забудова, з’яўляліся крамы і аб’екты культуры. Паміж «старым» і «новым» горадам адлегласьць не надта вялікая: каля трох кіляметраў уздоўж вуліцы Віленскай, але гэтыя кіляметры сур’ёзна падзялілі развіцьцё і долю «старога і новага» Маладэчна.

Плошча Старое Месца падобная на ўсе рынкавыя пляцы гістарычных эўрапейскіх гарадоў: гэта простакутнік або квадрат, забудаваныя па перыметры і які дае старт радыяльным вуліцам. Ад гістарычнай забудовы ў Маладэчне засталося зусім няшмат, па сутнасьці, гэта толькі праваслаўная царква-мураўёўка Покрыва Прасьвятой Багародзіцы і некалькі асобных будынкаў.

Скульптура «Глашатай»

Скульптура ўяўляе сабой гістарычны персанаж глашатая. Двухметровы бронзавы герольд апрануты ў сярэднявечную вопратку і трымае ў руках грамату, замацаваную пячаткай. На грамату нанесены тэкст на стараславянскай мове з першай згадкай горада ў пісьмовых крыніцах. Менавіта ў гэтым дакуменце, лісьце князя Карыбута князю Ягайлу, датаваным 1388 годам, утрымліваецца першы дакументальны ўпамiн пра места Маладэчна.

Бронзавы глашатайк важыць 500 кіляграмаў, вышыня скульптыры – 2 мэтры. На ім адзеньне XIV стагодьдзя, ён стаіць на бярвеністым пастаменце. Скульптура ўсталяваная ў 2011 годзе, скульптары В. Жбанаў і Я. Філіповіч.

Каардынаты: 54.318677, 26.870316.

Царква Покрыва Багародзіцы

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Маладэчне збудавалі ў 1867–1871 гадох на месцы зруйнаванай царквы Сьвятога Пасаду. Тыповая царква-мураўёўка, якiх у Беларусi дзясяткi ды дзясяткi, знаходзіцца ў цэнтры пляца Старое места. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

У 1970 годзе 14-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музэя БССР на званіцы Пакроўскай царквы выяўлены абраз «Пакроў», створаны ў 1751 годзе. У цяперашні час абраз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэе Рэспублікі Беларусь.

Каардынаты: 54.318505, 26.871269.

Пляц Старое Места, 16. Школа №5

У паўночнай частцы плошчы знаходзіцца школа №5 сталінскай пабудовы так званай «гарадзенскай серыі».

За плотам на тэрыторыі школы знаходзяцца дзве скульптуры навучэнцаў. Скульптуры гіпсавыя ці бетонныя, на жаль, іх стан не выклікае ўпэўненасьці ў тым, што рабілі іх на стагодьдзі. Скульптура дзяўчынкі ўжо сур’ёзна разбураная, хлопчыку пашанцавала крыху больш.

Вулiца Вiленская

Гістарычная вуліца Віленская злучае два цэнтры горада – стары і новы, падзеленыя чыгункай. Яе працягласьць – крыху менш за 3 кіляметры, яна злучае гістарычны цэнатр горада, плошчу Старое Места, якая знаходзіцца на паўночным усходзе, і цэнтар сённяшнi, які месьцiцца ў раёне Цэнтральнай плошчы.

Вулiца Вiленская, 90…92

Царква Хрысьціянаў веры Эвангельскай «Віфанія»

Пратэстанцкі храм «Віфанія» знаходзіцца каля маста праз чыгунку недалёка ад Пакроўскай царквы. Пабудаваная яна была ў 1990-х гадох.

Адрас: вулiца Вiленская, 159. Каардынаты: 54.31695, 26.86567.

Царква поўнага Эвангельля хрысьціян Веры Эвангельскай

Царква хрысьціян веры Эвангельскай «Поўнага Евангельля» (ЦПЭ) была заснаваная ў Маладэчне 07 ліпеня 1991 года, калі ў мясцовым Доме Культуры Будаўнікоў (цяпер будынак лялечнага тэатра «Батлейка») былў праведзеныя першы набажэнствы.

Будаўніцтва ўласнага малітоўнага дома было распачата ў 2006 годзе, а скончылася ў 2007 годзе.

Адрас: вулiца Вiленская, 14а. Каардынаты: 54.311281, 26.845133.

Цэнтральны пляц

Фантан «Папараць-кветка»

30 жніўня 2011 года на Цэнтральнай плошчы быў адкрыты фантан «Папараць-кветка», у цэнтры якога знаходзіцца скульптурная кампазіцыя Уладзіміра Жбанава. Фантан агароджаны парапетам з чырвонага паліраванага граніту. У цэнтры ўсталяваныя бронзавыя скульптуры аголеных юнака і дзяўчаты ў асяродьдзі папараць-лісця. Сюжэтна фантан звязаны з абрадавым святам Купалле, дзяўчына захапляе юнака на пошукі казачнай папараць-кветкі, якая квітнее раз на год. Атачаюць закаханых бронзавыя купальскія вянкі з якіх б’юць бруі вады вышынёй каля 7 мэтраў. Кампазіцыя сымбалізуе каханьне і старажытнае абрадавае сьвята Купальле.

Некаторыя адыёзныя жыхары горада тут жа сталі патрабаваць прыбраць і зьнішчыць фантан, паколькі палічылі яго парнаграфічным. Адказ ім даў старшыня Менскага аблвыканкама Барыс Батура. Па ягоных словах: «Чаму мы ўсё павінны прадстаўляць у цёмных фарбах – жыць трэба прыгожа! Чаму ў цэнтры горада, не хачу нікога пакрыўдзіць, павінен стаяць толькі помнік Леніну ці яшчэ камусьці, а не такога кшталту кампазіцыя, музычны фантан?» У наш час фантан з’яўляецца ці ледзь самым папулярным месцам цэнтра Маладзечна як у мясцовых жыхароў, так і ў турыстаў.

Гандлёва-эканамічны каледж

У заходняй частцы плошчы знаходзіцца гандлёва-эканамічны каледж. Яго адкрылі 1 верасьня 1959 года ў будынку былога Маладэчанскага Аблспажыўсаюза.

Дзяржаўны полiтэхнiчны каледж

У паўночнай частцы плошчы знаходзіцца дзяржаўны політэхнічны каледж, пабудаваны да 1 верасня 1960 года.

Помнiк Ленiну

Пешаходная улiца Прытыцкага

Цэнтральная пешаходная алея Маладэчна, якая зьвязвае вакзал і галоўную плошчу горада. Працягласьць вуліцы ўсяго 700 мэтраў, але пры гэтым яна вельмі шырокая і ўтульная, яна ідзе ад Цэнтральнага пляца да Лібава-Роменскай вуліцы. Мясцовыя жыхары называюць вуліцу Прытыцкага сваім «Брадвеем». Упрыгожваюць вуліцу ліхтары з каванымі ажурнымі элемэнтамі, а прыкладна пасярэдзіне знаходзiяцца чатырохбаковы гадзіньнік. Таксама на алеі шмат зручных лаваў, на якіх заўсёды можна адпачыць. Тут размяшчаецца мясцовы кінатэатр і мноства кавярняў і рэстаранчыкаў.

Кiнатэатар «Радзіма»

Будынак кінатэатра «Радзіма» быў пабудаваны ў 1952 годзе. У верасьні 2012 года завершаная рэканструкцыя.

Адрас: вулiца Прытыцкага, 19. Каардынаты: 54.309826, 26.838213.

Касьцёл Сьвятога Язэпа

Сучасны каталіцкі храм, пабудаваны ў 1990–1997 гадох. Будынак выкананы ў клясічнай для каталіцкіх храмаў форме – вузкі выцягнуты будынак, галоўны фасад якога ўпрыгожваюць размешчаныя па баках вежы. Незвычайнасьць касьцёла ў тым, што сваімі абрысамі вежы нагадваюць адначасова і зубцы крапасных сьценаў і адзін з элемэнтаў тыповага беларускага арнаменту – пялёстак васілька.

Адрас: вулiца Прытыцкага, 17а. Каардынаты: 54.310501, 26.837426.

Галоўны фасад

Помнiк Яну Паўлу II

Злева ад галоўнага фасаду ўсталяваны помнiк Яну Паўлу II.

Чыгуначная станцыя

У 1873 годзе была адкрытая Лібава-Роменская чыгунка, першы поезд адправіўся 14 студзеня 1873 года. У пачатку XX стагодьдзя Лібава-Роменскую дарогу ў раёне станцыі Маладзечна перасекла лінія Балагое – Сядлец, дадаўшы новыя напрамкі на Горадню i Полацак. Узнікла неабходнасьць будаўніцтва вакзала астраўнога тыпу для сумеснага карыстаньня абедзвюма дарогамі, і ў 1906 годзе быў узьведзены будынак вакзала ў стылі мадэрн, які ў асноўных рысах захаваўся да нашых гадоў.

Чыгуначная станцыя, 1917 год

Пасля заканчэньня Другой сусветнай вайны патрабавалася аднаўленьне вакзала. У 1947 годзе работы па аднаўленьні вакзала былі скончаныч. У 1965 годзе быў праведзены капітальны рамонт вакзала. У 1966 годзе станцыя была электрыфікавана. У 2010 годзе будынак вакзала быў адноўлены.

Каардынаты: 54.315991, 26.839279.

Разыначкай станцыі з’яўляецца скульптура пасажыркі, усталяваная на пероне. У 2011 годзе да «Дажынак-2011» перад уваходам у вакзал з’явілася скульптара аўтара Вадзіма Мацкевіча. Кажуць, што гэта мясцовая жыхарка, якая паступіла ў адну са сталічных ВНУ і вярнулася дадому на вакацыі. Гэта маладая дзяўчына, якая толькі што сышла зь цягніка, а на яе чамадане ўтульна ўладкавалася кацяня.

Паравоз-помнiк

У паўкілмэтры на захад ад Прывакзальнага пляца знаходзіцца паравоз-помнік Эр764-42, усталяваны каля дэпо Маладэчна. Паравоз «Усталяваны ў памяць аб працоўным подзвігу старэйшага пакалення чыгуначнікаў». Выраблены на Дзяржаўным угорскім паравозабудаўнічым заводзе MAVAG у Будапешце ў 1948 годзе. Завадзкі нумар 3177.

Адрас: вулiца Лiбава-Роменская, 30. Каардынаты: 54.314874, 26.830444.

Музычны каледж iмя М.К. Агiнскага

Маладэчанскі дзяржаўны музычны каледж імя Мiхала Клеафаса Агінскага створаны распараджэньнем Савета Міністраў БССР ад 28 чэрвеня 1958 года па прапанове Міністэрства культуры БССР. Музычнае вучылішча было адкрыта 1 верасьня 1958 года, у цяперашні час гэта дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага

Пры каледжы арганізаваны сымфанічны і духавы аркестры, аркестры рускіх і беларускіх народных інструмэнтаў, зьмешаны хор і музычны тэатар. За час працы вучылішча падрыхтавана больш за 5500 спецыялістаў, двое зь іх сталі народнымі і пяцёра – заслужанымі артыстамі Беларусі.

Міхал Клеафас Агінскі (нарадзіўся 25 верасня 1765 года у Гузуве каля Варшавы, памёр 15 кастрычніка 1833 года у Флярэнцыі) – знакаміты кампазітар і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага, удзельнік паўстаньня Касьцюшкі, граф. Аўтар паланэза «Разьвітанне з Радзімай», больш вядомага як паланэз Агінскага. 20 гадоў пражыў у сваім радавым маёнтку Залесьсе за 25 кiлямэтрах ад Маладэчна. Некаторыя гісторыкі лічаць, што свой знакаміты паланэз Агінскі напісаў менавіта ў Залесьсі. У двары музычнага каледжа ў Маладчне ўсталяваны помнік знакамітаму гараджаніну.

Адрас: вулiца Вялiкi Гасьцiнец 52. Каардынаты: 54.307786, 26.828781.

Сабор Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы

У 2005 годзе для патрэб праваслаўнай абшчыны ў Маладзэчне быў пабудаваны новы катэдральны сабор, які быў асьвечаны ў гонар Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы.

Каардынаты: 54.297483, 26.848385.

Касьцёл Сьвятога Айца Пiо

Першапачатковы маладэчанскi касьцёл знаходзіўся па вулiцы Замкавай. У 1758 годзе ўладальнікі маёнтка Маладэчна кашталян трокскі Тадэвуш Агінскі і яго жонка Ганна з Радзівілаў заснавалі непадалёку ад свайго замка (цяпер вулiца Віленская) драўляны касьцёл Нараджэньня Найсвяцейшай Панны Марыі. 9 верасьня 1758 года яго кансэкраваў біскуп Томаш Зенковіч, суфраган віленскі.

У 1762 годзе храм быў перададзены манахам-трынітарыям, для якіх Агінскія пабудавалі побач з касьцёлам кляштар. Да канца XVIII стагодьдзя комплекс кляштара, абнесены каменнай агароджай з брамамі, уключаў: драўляны касцёл, 2-павярховы мураваны кляштарны корпус, 2-ярусную драўляную званіцу, два драўляныя флігелі, шпіталь і другія гаспадарчыя пабудовы. Пры кляштары была вялікая бібліятэка.

У 1811 годзе (па другіх зьвестках – у 1809 годзе) з-за цяжкасьцяў з памяшканьнем Віленскі ўніверсітэт вырашыў перанесьці польскамоўную павятовую шляхецкую школу з Бабруйска (былая 3-клясная езуіцкая школа) у Маладэчне. Былі пляны пераносу яе ў Паставы, Глуск або Сьвіслач. Але князь Міхал Агінскі прапанаваў універсітэту перанесьці школу ў Маладэчна, паабяцаўшы размясьціць яе ў будынку кляштара трынітарыяў і выдзеліць дапамогу на набыццё вучэбных дапаможнікаў.

У 1823 годзе касцёл поўнасцю згарэў ад удару маланкі, засталіся толькі падмуркі. Ян Барэйка-Ходзька ў сваёй кнізе «Дыяцэзія Менская каля 1830 года» піша, што на момант напісаньня кнігі айцы-трынітарыі, не маючы магчымасьці адбудаваць касьцёл, з дазволу дыяцэзіяльных уладаў перанесьлі набажэнства ў вялікую мураваную сакрыстыю. Яна замяняла адначасова і парафіяльны касьцёл, якім яны загадвалі.

Аднавіць касьцёл ў пачатковым стане так і не ўдалося.

У лістападзе 1830 года на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якую ў канцы XVIII стагодьдзя падпарадкавала сабе Расейская імперыя, пачалося вызвольная паўстаньне. Пачалося адразу на тэрыторыі сучаснай Польшчы, а ў 1831 годзе працягнулася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, у якое ўваходзіла Беларусь. 14 красавіка атрад Міхала Ходзькі заняў Маладэчна без бою. Моладзь з павятовай школы вітала паўстанцаў і папоўніла іх шэрагі. Кіраўнік школы даў Ходзьцы грашовую дапамогу ў памеры 1.159 срэбраных рублёў. Але ўжо 22 красавіка горад занялі расейскія войскі.

У выніку паўстаньня ў канцы 1831 года або ў 1832 годзе кляштар трынітарыяў у Маладэчне быў зачынены. Былі арыштаваныя настаўнікі школы, а таксама вучні, якія ўдзельнічалі ў паўстаньні. Усе пабудовы зачыненага кляштара трынітарыяў былі перададзеныя павятовай шляхецкай школе (у некаторых крыніцах яна называецца павятовым дваранскім вучылішчам), за выключэннем трох пакояў на першым паверсе, аддадзеных пад плябанію касьцёла. Кіраваньне парафіяй было даручана свецкаму духавенству.

У 1860 годзе вучылішча было ператворана ў 5-класную прагімназію. З-за таго, што яе вучні прымалі актыўны ўдзел у чарговым вызвольным паўстаньні 1863–1864 гадоў, польскую прагімназію зачынілі 1 ліпеня 1863 годзе. У 1864 годзе на яе базе была ўтвораная рускамоўная настаўніцкая семінарыя. У 1865 годзе быў таксама зачынены касцёл, а яго будынак перабудавалі ў царкву.

Настаўніцкая семінарыя была створаная пры падтрымцы генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва для падрыхтоўкі настаўнікаў для царкоўных школ з мэтай развіцця на гэтай тэрыторыі праваслаўя і рускай культуры. Сюды прымалі толькі праваслаўных. Пасля паўстання 1863-64 гадоў расійскія ўлады вырашылі адчыніць шэраг такіх семінарый, маладзечанская была першай.

У канцы Першай сусьветнай вайны Маладэчна было занятае немцамі. Падчас кароткай нямецкай акупацыі ў лютым – верасьні 1918 года дзякуючы намаганьням ксяндза Андрэя Цікоты, які толькі скончыў Пецябургскую духоўную акадэмію, касьцёл быў вернуты каталікам. Андрэй Цікота быў пробашчам у Маладзечне на працягу аднаго года. Ён служыў тут у 1918–1919 гадох. У 1919-м стаў прафэсарам духоўнай сэмінарыі ў Менску. Пазьней ксёндз Андрэй Цікота стаў вядомым рэлігійным і беларускім нацыянальным дзеячам, генэралам Ордэна марыянаў, Апостальскім адміністратарам для каталікаў бізантыйскага абраду ў Маньчжурыі ў Кітаі. Загінуў у савецкіх лагерах. Зараз ідзе працэс яго беатыфікацыі. А першым месцам яго служэньня як святара было Маладэчна. Менавіта Цiкота аднавіў дзейнасьць парафіяльнай школы пры касьцёле ў Маладэчне. Таксама Цiкота па блаславеньні біскупа Эдварда Ропа карыстаўся ў душпастырскай дзейнасьці беларускай мовай. Пазней ён стаў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.

У 1919 годзе будынак касцёла пры былым кляштары вернуты каталікам. Пасьля рэстаўрацыі касьцёл быў асвячоны пад тытулам святога Казіміра. У былым кляштарным корпусе размясцілася гімназія.

Пасля заняцьця Маладэчна 17 верасня 1919 года Чырвонай арміяй да нападу Германіі ў 1941 годзе савецкія ўлады пачалі рэпрэсіі супраць каталікаў з-за іх польскага паходжаньня. Сьвятару было забаронена перамяшчацца па горадзе ў духоўным адзеньні, былі забраныя метрыкі хрышчэньняў і шлюбаў. Падчас нямецкай акупацыі пробашч, па ўспамінах парафіянаў, удзельнічаў у абароне габрэйскага насельніцтва.

У 40-я гады савецкія ўлады рэпрэсавалі шмат католікаў. У НКУС, які знаходзіўся ў будынку цяперашняга музыкальнага каледжа, трымалі ў зьняволенні і дапытвалі ксяндзоў Лазоўскага, Пупіна, Голяка. Апошняга забілі ва ўзросце 67 гадоў падчас следства.

Новая гісторыя парафіі св. Казіміра пачалася ў 2003 годзе, калі кардынал Казімір Свёнтак прызначыў айца-капуцына Тадэвуша Кавальскага пробашчам аднайменнай новастворанай парафіі ў Маладэчне, і быў атрыманы дазвол на будаўніцтва касьцёла. У гэтым годзе перад скверам на перакрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Міра быў пастаўлены крыж, пасля з’явілася вялікая вайсковая палатка, у якой адпраўляліся Святыя Імшы. На Божае Нараджэнне ў 2004 годзе адбылася першая Імша ў пабудаванай цаглянай капліцы. А роўна праз год, зноў на Раство, былі закладзеныя падушкі пад фундамэнт новага касьцёла сьвятога Казіміра.

Сёньня касьцёл носіць імя сьвятога Айца Піо. Пачалі будаваць касьцёл у 2005 годзе, па стане на лета 2021 года заканчваліся работы па акультурваньні тэрыторыі.

Каардынаты: 54.300043, 26.860518.

Знак на ўезьдзе ў горад

Пры ўездзе ў горад з боку Менска знаходзіцца стэла з выявай герба Маладэчна.

Каардынаты: 54.294787, 26.924407.

Агульная мапа славутасьцей Маладэчна