Maładečna district

Nasiłava

Насілава – вёска ў Цюрлёўскім сельсавеце Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіца адразу на захадзе ад Маладэчна, 82 кiлямэтрах ад Менску. Праз Насілава праходзіць шаша Р106 Маладэчна – Смаргонь, побач разьмешчана вёска Засьценкі.

Хутчэй за ўсё тапонім Насілава мае заходнеславянскае паходжаньне. Аднайменныя вёскі даволі распаўсюджаныя ў Польшчы. Узгадваюцца й крыху іншыя формы назвы Насілава: Nowosilow, Nowosilow, Nowosiłówo, што дае падставы меркаваць пра тое, што тапонім «Насі́лава», як і тапонім «Нава́градак», утварыўся ад дзьвюх асноваў: «новы» і «сяло».

Згодна з прыведзенымі ў кнізе «Ашмянскі павет» (1897) зьвесткамі Чэслава Янкоўскага назва паходзіць ад прозьвішча ўладальніка гэтай мясцовасьці віцебскага ваяводы Юрыя Войцехавіча Насілоўскага (памёр у 1544).

Вёска вядома з XVI стагодзьдзя, але ўжо ў IV–VII стагодзьдзях на заходняй мяжы банцараўскай культуры тут існавала балцкае гарадзішча. У 1529 упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах. У 1544 року ўзгадваецца, як ўласнасьць віцебскага ваяводы Юрыя Насілоўскага. Юры Войцэховіч Насілоўскі быў праўнукам вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Андрэя Саковіча, сын якога, таксама Юры, апынуўся заснавальнікам шляхетнага роду Насілоўскіх. Мелася гарадзішча, а таксама нейкае ўзбудаваньне, магчыма замак ці абарончы пункт.

У Паўночную вайну ў 1708 року швэдзкі кароль Карл XII, перад тым як увайсьці ў Маладэчна, выбраў гэта месца для адпачынку, а салдаты, каб закрыць караля ад вачэй цікаўных жыхароў, абгарадзілі месца валам, для якога насілі пясок шапкамі. Уласнасьць Ляговічаў, якія ў 1765 року пабудаваў тут уніяцкую Праабражэнскую царкву, з 1838 року – праваслаўная, якая была старачана пасьля 1914 года.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Насілава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1800 годзе Насілава ў Вілейскім павеце Менскай губэрні, вёска належала У. Ляговічу. У 1861 року – сяло ў Лебедзеўскай воласьці Вілейскага павету Віленскай губэрні.

У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 року Насілава апынулася пад кайзэраўскай уладай. Згодна зь Берасьцейскім мірам ад 3 сакавіка 1918 года Насілава ўвайшло ў склад Германскай імпэрыі. Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаньнямі, у той час як прамысловасьць, гандаль, асьвета, адукацыя, культурнае жыцьцё й грамадзянская апека былі аддадзены пад кантроль Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 року, дзякуючы гэтаму ў Насілава зьявілася беларуская школа зь беларускай мовай навучаньня.

У сьнежні 1919 року з адступленьнем нямецкіх войск Насілава было занята Чырвонай арміяй, але на землі Беларусі прэтэндавала таксама й адроджаная Польшча, у пачатку ліпеня 1919 року ўжо польскія войскі занялі Насілава. У ліпені 1920 Насілава зноў было занята Чырвонай арміяй, але ў пачатку кастрычніку 1920 року польскія войскі вярнулі гэтыя землі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) вёска апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Палажэньнем ад 4 лютага 1921 року было ўтворанае Наваградзкае ваяводзтва, часткай якога ў складзе Лебедзеўскай гміны Вілейскага павета стала Насілава. 13 красавіка 1922 року выйшла пастанова пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы на правах аўтаноміі, у выніку чаго ў адміністрацыйнам падзеле Польшчы адбыліся зьмены: з Наваградзкага ваяводзтва быў вылучаны Вялейскі павет з Насілавам і далучаны да Зямлі Віленскай.

З 1939 року Насiлава ў складзе БССР. 12 кастрычніка 1940 року з цэнтрам у Насілаве ў складзе Маладэчанскага раёну Вялейскай вобласьці (з 20 верасьня 1944 года – Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 року – Менскай) быў створаны Насілаўскі сельсавет.

Пасьля вайны Насілава актыўна забудоўвалася ў бок Маладэчна, у выніку чаго ў тэрытарыяльным пляне поўнасьцю злучылася з Маладэчнам. Насілаўскі сельсавет быў скасаваны, пасьля чаго Насілава ўвайшло ў склад Цюрлёўскага сельсавету.

Спаса-Праабражэнская царква

Ляговічы, якія ў XVIII стагодьдзi валодалі Насілавам, у 1765 году пабудавалі ў мястэчку ўніяцкую Праабражэнскую царкву. Да 1838 года царква была ўніяцкай. З захопам Расейскай імпэрыі тэрыторіі былога Вялікага Княства Літоўскага, асабліва з 30-х гадох XIX стагодьдзя, пачынаецца татальная русіфікацыя беларусаў. Небясьпечнай перашкодай на шляху расеізацыі беларусаў зьяўлялася менавіта Ўніяцкая царква, якая вылучала іх сярод палякаў і расейцаў. Грэка-каталікі складалі каля 80% беларускіх хрысьціянаў, не было выключэньнем і Насілава. Яшчэ за кіраваньнем Кацярыны II у праваслаўе расейскага ўзору прымусова перавялі блізу паўмільёна беларусаў. Адначасна ішла апрацоўка грэцка-каталіцкіх герархаў, частка якіх у выніку перайшла на службу царызму. Расейская мова ўводзілася ў духоўных сэмінарыях і царкоўных справаздачах. Сьвятары атрымалі загад спраўляць набажэнства паводле службоўнікаў, прысланых з Масквы. З уніяцкіх сьвятыняў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Нязгодных судзілі як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў. У 1838 годзе Насілаўская ўніяцкая Царква Праабражэньня Гасподняга была гвалтоўна перароблена ў праваслаўную. Пратэстуючы супраць гэтай пастановы, частка ўніятаў перашла ў каталіцтва. Новая праваслаўная царква адносілася да Віленскай япархіі.

Падчас ці пасьля Першай сусьветнай вайны, Насілаўская царква была страчаная.

Новая царква Праабражэньня Гасподняга была пабудаваная ў Насiлаве ў 2001 годзе.

Каардынаты: 54.318511, 26.871265.