Miadzieł district

Kabylnik (Narač)

Кабыльнік вёска – на рацэ Малінаўцы, за 4 кiлямэтры ад возера Нарач, цэнтар сельсавету. Насельніцтва на 2010 год складала 2.581 чалавек. Знаходзіцца за 20 кiлямэтраў на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 кiлямэтраў на паўночны захад ад курортнага мястэчка Нарач.

Кабыльнік – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, спалены савецкімі партызанамі ў Другую сусьветную вайну.

Тапонім Кабыльнік, магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога, 12 сьнежня 1522 году набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары, у Людвіка Сьвірскага – «зямлю пустаўскую на імя Трухаўшчыну» (Труханкі) і ў Пятра Сьвірскага «зямлю пустаўскую на імя Якубоўшчыну на Едупе» (Рэдупля). У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва Кабыльнішкі – вёска за 36 кiлямэтраў на захад ад Паставаў, за 7 кiлямэтраў на паўночны захад ад Лы́нтупаў. Назва паходзіць, відаць, ад славянскай асновы кобь – «чары, чараўніцтва». Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні «чараўнік, калдун». Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае «конскае шчаўе».

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Кабельнікі, Кабыльнікі.

У 1964 годзе савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з аднайменных курортным мястэчкам або самім возерам Нараччу. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай.

Паводле некаторых зьвестак, упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor, польск. Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Аднак у наш час дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму знайсьці не атрымалася. Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа. Дасьледнік сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакштаў разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Сьвірскага (сярэдзіна XV стагодьдзя).

У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касьцёл (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам». У 1579 «имением Кабыльникъ и дварцом Жары у Ошмянским павете» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае их «июля 19» у вечнае уладанне «малжонку миламу, Кнежати Стефану Карибутовичу Збаражскому, воеводе Троцкому, Державцэ Смилишскому, Жослинскому, Дорсунишскому». Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.). Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданьне Антонія Сьвентажэцкага.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555–1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.

У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) улетку 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіка Левэнгаўпта ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня). Па друім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе стаў цэнтрам памежнай парафіі Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У час паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завялейскага палку паўстанцаў (генэрал-маёр Ксавэры Зяньковіч, палкоўнік – Чаховіч, падпалкоўнік – Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завялейскага палку ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак па начной атацы войскам генэрала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішак.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году ў мястэчка 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.

На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у красавіку 1863 году каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня зь Сьвянцянаў паводле маршруту Камаі – Кабыльнік – Канстанцінава – Міхалішкі – Кеме́лішкі.

У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльніку і двух аднайменных фальварках налічвалася 33 дамоў. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзейнічалі касьцёл, царква і сынагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. У 1892 годзе адкрылася народная вучэльня. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі – Кабыльнік. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905–1913 гадох у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Кабыльнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі, нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генэрала Аскара фон Гуцьера, у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лы́нтупамі, Паставамі і Мядзельскім возерам. Каля мястэчка дзейнічаў нямецкі вайсковы аэрадром.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР.

У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 году мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 году Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней – міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. На 1931 год у мястэчку дзейнічалі касьцёл, царква і сынагога, працавалі цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц – кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузьні, 2–3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліцаў.

У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году – Маладэчанскай) вобласьці.

У Другую сусьветную вайну ў чэрвені 1941 году Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга Райху. У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф. Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі. У час нападу спалілі палац Сьвентажэцкіх. Савецкія партызаны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 годзе забілі тутэйшага ксяндза Паўловіча.

28 жніўня 1964 году савецкія ўлады перайменавалі паселішча ў Нарач.

Касьцёл сьвятога Андрэя Апостала

Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала – помнік архітэктуры XVIII – пачатку XX стагодзьдзя. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне колішняга мястэчка, на гістарычнай Віленскай вуліцы. Твор архітэктуры нэаготыкі i барока (званіца). Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У 1579 годзе ў Кабыльніку існавалі «касьцёлы закону Рымскага і Грэчаскага».

У 1736 годзе каталiцкi касьцёл рэканструявалі на сродкі Марціна Аскеркі, кашталяна наваградзкага. У гэтыя часы яго апісваюць як будынак «немалых памераў», інтэр’ер якога аздаблялі 6 алтароў. Па пажары 1862 году касьцёл ізноў аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Сьвентаржэцкага». У сьвятыні былі 3 алтары, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам Ісусам у срэбнай з пазалочанымі элемэнтамі шаце.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць.

Стары драўляны касьцёл сьвятога Андрэя Апостала (фотаздамык A. Römer, 1880)

У 1896 годзе драўляны касьцёл згарэў. 2 верасьня 1897 году побач зь месцам, дзе знаходзіўся будынак старога касьцёла, заклалі падмуркі новай мураванай сьвятыні. Галоўны арганізатар будоўлі – ксёндз Ігнацы Расалоўскі. Фундатары – мясцовыя парафіяне. Паводле ўспамінаў Альбіны Маліноўскай з Малой Сырмежы, чырвоную цэглу прывозілі з Паставаў, лес дзеля будоўлі даў пан Скірмунт з Шэметава. Захаваўся абразок з запісам на адвароце, што Ян Койра ахвяраваў 5 даляраў на касьцельную цэглу. Будаваньня касьцёла скончылі 9 верасьня 1901 году. 25 ліпеня 1904 году біскуп Эдвард фон Роп кансэкраваў касьцёл, пабудаваны ў стылi нэаготыкi.

Пра касьцёл за часамі Першай сусьветнай вайны ўзгадваецца ва ўспамінах местачкоўца Маліноўскага: «Спачатку ў 1915 годзе немцы жылі ў касьцёле, дзе палілі печкі. Потым касьцёл пачаў дзейнічаць паводле прызначэньня. Адзін раз у тыдзень маліліся ў касьцёле цывільныя, нашыя людзі, з 11 гадзін немцы каталіцкай, а пазьней лютэранскай веры… 16 сакавіка 1916 году ля касьцёлу з боку могільніка ўпалі дзьве бомбы. Усе шыбы ў касьцёле выпалі, паранілі людзей».

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе мясцовага ксёндза Паўловіч забілі савецкія партызаны. Сьвятар спачыў ля касьцёлу. У 1950-я гады касьцёл спрабавалі зачыніць камуністычныя ўлады, пробашча парафіі ксяндза Пятра Васючонка пасадзілі ў турму, але вернікі праводзілі набажэнствы самі.

22 жніўня 2004 году адзначалася 570-годзьдзе пабудовы першага драўлянага касьцёла і стагодзьдзе кансэкрацыі новага будынка касьцёла. Цэлебраваў галоўную Эўхарыстыю ксёндз кардынал Казімер Сьвёнтэк. У наш час пры касьцёле дзейнічае місія кармэлітаў босых.

Каардынаты: 54.938558, 26.687091.

Iнтэр’ер касьцёлу