Miadzieł district

Kryvičy

Крывічы́ – мястэчка на рацэ Сэрвачы, цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзяцца за 39 кiлямэтраў ад Мядзелу, за 3 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Крывічы (лінія Маладэчна – Полацак). Насельніцтва на 2018 год – 1196 чалавек. Крывічы – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Мяркуюць, што старажытнае паселішча існавала на гэтым месцы яшчэ ў XII стагодьдзя як калёнія смаленскіх крывічоў. Першы пісьмовы ўпамін пра Крывічы як шляхецкую ўласнасьць зьмяшчаецца ў актах Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага і датуецца 1493 годам. Паводле рэвізіі Полацкага ваяводзтва, на 1552 год вёска знаходзілася ў валоданьні Корсакаў і налічвала 8 дымоў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Крывічы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Каля 1640 году ў Крывічах збудавалі царкву Сьвятой Тройцы. У 1659 годзе ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай царкву разрабавалі маскоўскія войскі. У 1684 годзе з дазволу караля і вялікага князя Яна Сабескага маёнтак перайшоў да нашчадкаў роду Кішкаў на задавальненьне крэдытораў у зьвязку зь сьмерцю Януша Кішкі – апошняга з роду. Гэта быў першы выпадак эксдывізіі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пазьней часткі маёнтку належалі Ўкольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім.

У 1770 годзе ўладальнік Крывічоў Андрэй Укольскі, цівун і падкаморы троцкі, дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў фундуш кляштару на землі ў навакольлі. 23 сьнежня 1776 году ў адпаведнасьці з прывілеем караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Крывічы атрымалі статус мястэчка. У 1777 годзе тут збудавалі мураваны касьцёл.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крывічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ў 1832 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар трынітарыяў. На 1860 год у мястэчку было 55 двароў.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя Крывічы знаходзіліся ў валоданьні Швыкоўскіх, маёнтак налічваў 37 двароў і 642 дзесяціны зямлі. У 1884 годзе ў Крывічах заснавалі вінакурню. На 1886 год у мястэчку існавалі валасная ўправа, царква, капліца, касьцёл, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя двары, карчма, школа, народная вучэльня (у 1896/1897 навучальным годзе навучалася 46 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі); двойчы на год праводзіліся кірмашы (на Сёмуху і 6 жніўня). У пачатку XX стагодьдзя адкрылася чыгуначная станцыя. На 1904 год існавалі мястэчка Крывічы і аднайменны маёнтак, уладаньне Госкай, працявала лячэбніца.

У Першую сусьветную вайну ў Крывічах разьмяшчаліся армейскія склады для групы расейскіх войскаў пад камандаю генэрала Балуева, якая ўдзельнічала ў Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году Крывічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крывічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Крывічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (92 двары), фальварак (2 двары), асада (2 двары) і станцыя. У мястэчку дзейнічаў касьцёл, працавалі ўправа гміны, паліцэйскі пастарунак, 4 млыны, лякарня, пошта і аптэка; штосераду праводзіліся таргі. У чэрвені 1923 году група партызанаў у складзе 29 чалавек учыніла ўзброены налёт на паліцэйскі гарнізон. 18 траўня 1924 году аддзел у складзе каля 40 чалавек пад камандаю Ваўпшасава разграміў памяшканьне пастарунка.

У 1939 годзе Крывічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну і сельсавету Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году – Маладэчанскай) вобласьці. У Другую сусьветную вайну 28 красавіка 1942 году нацысты спалілі 470 жыхароў мястэчка, яшчэ 130 расстралялі 13 верасьня 1942 году. Агулам за гады акупацыі войскамі Нямеччыны ў Крывічах і раёне загінулі 2189 чалавек.

Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў

Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў – помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Крывічах. Кляштар – помнiк архітэктуры барока з рысамі віленскага барока, існаваў да 1832 году. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, дзейнічае. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Комплекс складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса, брамы і агароджы.

Манахі-трынітарыі прыбылі ў мястэчка Крывічы з Галіцыі па закрыцьці іхных кляштараў уладамі Аўстра-Вугоршчыны. У 1776–1777 гадох, з фундацыі 1770 году цівуна і падкаморыя троцкага Андрэя Ўладзіслава Ўкольскага і яго жонкі Тэрэзы з Войнаў, тут збудавалі драўляны касьцёл, разьлічаны на шэсьць манахаў. У 1796 годзе на гэтым месцы скончылася будаваньне мураванага касьцёла, кансэкраванага біскупам жамойцкім Калумна-Цяцішэўскім.

У 1942 годзе ад пажару згарэў дах касьцёла, вежа і гаспадарчыя пабудовы. На працягу году вернікі адрамантавалі касьцёл.

За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.

Каардынаты: 54.707412, 27.291612.

Касьцёльная брама

Дом каля касьцёлу па вулiцы 17 Верасьня, 60

Царква сьвятой Тройцы

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Крывічах збудавалі ў 1887 годзе на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду. Царква – помнік твор архітэктуры расейскай эклектыкі (мураўёўка). Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1990-я гады будынак царквы перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Каардынаты: 54.713304, 27.290461.