Miadzieł district

Miadzieł

Мя́дзел – места паміж азёрамі Мястрам і Баторынам, Адміністрацыйны цэнтар Мядзельскага раёну. Знаходзіцца за 160 кiлямэтраў на паўночны захад ад Менску, за 35 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Княгінін (лінія Маладэчна – Полацак); на аўтамабільнай дарозе Менск — Нарач. Насельніцтва на 2018 год – 6.911 чалавек.

Мядзел – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, а таксама мясцовая Кальварыя.

Мадзела, пазьней Мэдэль (Madelo, Mädel) — імя германскага паходжаньня. Дасьледнікі (найперш Міхась Чарняўскі) на аснове археалягічных раскопак мяркуюць, што ад пачатку паселішча месьцілася на адной з выспаў возера Мядзелу. Відаць, ад яго назвы і ўтварыўся тапонім. Пад уладай Савецкай Расеі ў рэчышчы палітыкі летувізацыі гідронім Мядзел прымеркавалі да летувіскай асновы medis «дрэва». Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Медело, Меднол, Медюль, Мядзела, Мядзіла.

У пісьмовых крыніцах Мядзел упершыню ўпамінаецца ў пачатку XIV стагодьдзя ў лацінамоўным лісьце вялікага князя Гедыміна рыскаму біскупу, у якім ён скардзіцца на агрэсіўныя дзеяньні рыцараў-крыжакоў: «Мы паведамляем Вам, … што мір… цяпер без якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэна, якія ўчынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб ня быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой».

У літаратуры найчасьцей сустракаецца датаваньне гэтага ліста 1324 годам. У апошні час дасьледнікі Мікалай Волкаў і Мікалай Плавінскі сьцьвердзілі, што гэтую крыніцу трэба датаваць 1325 годам.

Археалягічныя дасьледаваньні выявілі, што першапачаткова ў X–XI стагодзьдзях умацаванае драўлянае паселішча знаходзілася на найбольшай высьпе возера Мядзела – высьпе Замку. У канцы XIV – пачатку XV стагодзьдзяў зь нявысьветленых да канца акалічнасьцяў Мадзел перанесьлі на паўночна-ўсходні бераг возера Мястры (за 10 кiлямэтраў ад былога месцазнаходжаньня). Імаверна, прычынай гэтаму стаў мор. Насельнікі, што здолелі выжыць у час эпідэміі, заснавалі новае паселішча з старой назвай ужо на беразе возера Мястры.

Да пачатку XX стагодзьдзя мястэчка Мядзел падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзел. Стары Мядзел упершыню ўпамінаецца ў 1454 годзе (з нагоды будаваньня ў ім касьцёла), а Новы Мядзел – у 1463 годзе. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў абодва мястэчкі ўвайшлі ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводзтва.

Доўгі час Стары Мядзел зьяўляўся ўласнасьцю магнатаў і зямянаў (Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, Дварэцкіх, Козел-Паклеўскіх). У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500–1503) захопнікі разбурылі і разрабавалі паселішча, спалілі касьцёл. У 1543 годзе тут збудавалі капліцу. У 1736 годзе Стары Мадзел атрымаў статус мястэчка. У 1754 годзе ўладар паселішча А. Кошчыц збудаваў мураваны касьцёл і кляштар кармэлітаў. 6 кастрычніка 1762 году жыхары Старога Мядзела атрымалі Магдэбурскае права і дазвол на 4 кірмашы штогод.

Жыхароў Новага Мядзела, «кароннага» мястэчка (зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя — места) называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», то бок вялікакняскімі, дзяржаўнымі. Неаднаразова яны атрымлівалі прывілеі ад уладароў Рэчы Паспалітай на правядзеньне кірмашоў. Таксама мястэчка набыла разнастайныя падатковыя палёгкі. Паводле сьцьверджаньня Аляксея Сапунова, гісторыка XIX стагодьдзя, жыхары Новага Мядзела нават атрымалі ад Жыгімонта Старога з просьбы яго жонкі Боны Сфорца Магдэбурскае права. Такім чынам мяшчане Новага Мядзела самі абіралі войта. Аднак дагэтуль ня знойдзена дакумэнтальных пацьверджаньняў таго, што паселішча мела Магдэбурскае права. Новым Мядзелам, як каралеўскім уладаньнем, кіравалі старосты, адмыслова прызначаныя вялікім князем. Сярод мядзельскіх старостаў з 1590 году быў і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Апошні меў вялікія ўладаньні ў ваколіцах мястэчка. Паводле інвэнтару 1777 году, існавалі Рынак і 7 вуліцаў: Рынкавая, Замкавая, Віленская, Дунілавіцкая, Даўгінаўская, Царкоўная, Варас.

У 1791 годзе Стары і Новы Мядзел увайшлі ў склад Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1842 году – Віленскай губэрні. За часамі вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у красавіку 1831 году аддзел паўстанцаў пад камандаю С. Радзішэўскага на пэўны час вызваліў Новы Мядзел з-пад расейскага панаваньня.

На 1885 год у Старым Мядзеле існавалі царква, юдэйскі малітоўны дом, бровар і карчма, у Новым – 95 двароў, касьцёл, капліца, царква, сынагога, багадзельня, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фэльдчарскі пункт. У пачатку XX стагодзьдзя мястэчкі злучыліся.

За часамі Першай сусьветнай вайны у лютым 1918 году Мядзел занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мядзел абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Мядзельскай воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад БССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мядзел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Дунілавіцкага, з 1926 году Пастаўскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 170 двароў, 2 касьцёлы, царква, мячэт, сынагога, гарбарня, аптэка, млын.

У 1939 годзе Мядзел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Мядзел знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 17 лістапада 1959 году ён атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 20 сьнежня 1998 году Мядзел зноў атрымаў статус места.

Касьцёл мацi Божай Шкаплернай

Комплекс касьцёлу Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў складаецца з касьцёла і плябаніі. Капліца і кляштарны корпус не захаваліся (кляштар збудавалі наноў у 2010-я гады).

Мураваны касьцёл у сталi архітэктуры барока збудавалі ў Старым Мядзеле ў 1754 годзе з фундацыі ўладальніка мястэчка Антона Кошчыца. Разам з касьцёлам збудавалі мураваныя плябанію і кляштарны корпус.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1834 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у будынках якога часова разьмясьцілі манастыр базылянак, пераведзеных зь Менскага Траецкага манастыра.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), тады ж росьпісы на сьценах касьцёла замазалі белай фарбай.

У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі касьцёла і кляштару каталікам. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перадалі ў карыстаньне мясцовай сяльгасхіміі. У гэтым ж час зруйнавалі Мядзельскую Кальварыю.

У 1989 годзе будынак касьцёла перадалі каталікам, а ў парафію вярнуліся айцы кармэліты. У пачатку 2000-х гадоў пачалося аднаўленьне Кальварыі.

Каардынаты: 54.882411, 26.922628.

Iнтэр’ер касьцёлу

Плябанiя

Царква Сьвятой Тройцы

7 жніўня 1559 года кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў грамату на права карыстаньня 2 валокамі зямлі без выплаты чыншу праваслаўнаму сьвятару Максіму Фёдаравічу («поп Мядзельскі святой Тройцы»). У 1715 годзе ў Новым Мядзелі была пабудаваная новая драўляная царква.

Сьвята-Траецкая царква ў Мядзелі была пабудавана ў 1885 годзе. У гады Другой сусьветнай вайны царква моцна пацярпела. У пасляваенныя гады рэстаўрацыя храма не была праведзеная, і стан будынка пагаршаўся. У савецкія гады яно павалілася.

Працы па аднаўленьні храма пачаліся толькі ў 1990 годзе і доўжыліся 16 гадоў. Праект быў распрацаваны Л.Леўчанкам, будаўніцтва вялося на ахвяраваньні прыхаджанаў і сродкі рэлігійнай абшчыны. У 2006 годзе храм быў асьвечаны.

Каардынаты: 54.866521, 26.939739.

Гарадзкi дом культуры

Каардынаты: 54.870249, 26.928155.

Гарадзкi дом культуры. Помнiк Максiму Танку

Максім Танк нарадзіўся 17 верасьня 1912 года ў Заходняй Беларусі на Мядзельшчыне ў вёсцы Пількаўшчына.

Помнік Максіму Танку ў Мядзелі адкрыты 5 сьнежня 2014 года каля Гарадзкога дома культуры на плошчы Шаранговіча. Конкурс на стварэньне эскізных праектаў помніка быў аб’яўлены ў 2012 годзе да 100-годьдзя з дня нараджэньня вялікага паэта. Помнік створаны па праекце скульптараў Івана Міско і Аляксандра Фінскага і архітэктара Армена Сардарава. Паэт намаляваны ў руху: ён як бы імкліва ідзе па брукаванай дарозе. Недалёка ад яго ўсталяваны валун з картушам у выглядзе раскрытай кнігі, на якім выгравіраваны радкі з верша Максіма Танка: «Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму».

Знак на паўнёвым уезьдзе ў места

Каардынаты: 54.865015, 26.933260.