Miadzieł district

Šemietava

Шэ́метава (Шамято́ва) – вёска за 10 кiлямэтраў на ўсход ад пасёлку Сьвір і за кiлямэтраў на паўднёвы захад ад цэнтру Мядзела. Каля вёскі працякае рака Вялікі Перакоп (Малінаўка), якая ўпадае ў возера Сьвір. На поўдзень ад вёскі праходзіць аўтадарога Занарач – Сьвір – Лынтупы.

Фальварак Шэ́мэтава належаў заможнаму роду Шэметаў гербу «Лебедзь». Пасьля Шэ́метава перайшло ва ўласнасьць ашмянскага падкаморага Адама Боскага гербу «Ясеньчык». Ён ня меў дзяцей, і па сьмерці маёнтак перайшоў да ягонай сястры Кацярыне Каспаравай Швыкоўскай. У 1638 року ейная дачка Соф’я Янава Стаброўская прадала Шэметава Пятру-Паўлу і Ганьне з Кіевічаў Пшазьдзецкім гербу «Рох ІІІ». Ад іх Шэметава перайшло да сына наваградзкага кашталяна Мікалая Ўладыслава, а пасьля да ягонай дачкі Сусаны Крыштафавай Зяновічавай, ваяводзіне менскай. Пазьней ва ўладаньні Сулістроўскіх, Скірмунтаў.

У 1861 року ў маёнтку Шамятоўшчына налічвалася 282 крапасных душаў мужчынскай стаці і 64 двары, 960 дзесяцінаў. У 1862 збудаваная вінакурня з паравым рухавіком. У 1864 адкрытая народная вучэльня. Дзейнічалі лазьня, пральня, цагляны завод, маслазавод, вадзяны млын, 4 рыбныя сажалкі.

Зь верасьня 1915 року Шэметава — на нямецкім боку фронту; з кастрычніка таго ж году ў сядзібе Шамятоўшчына разьмясьціўся штаб нямецкай 75-й рэзэрвовай дывізіі генэрал-лейтэнанта фон Зэйдвіца.

За польскім часам Скірмунты займаліся прамысловым гадаваньнем рыбы. Дзеля гэтага збудавалі вялікую сыстэму штучных сажалак. На землях апошняга ўладальніка Шэметава Баляслава Скірмунта была нават мэліярацыя. У аранжарэі вырошчвалі экзатычную садавіну: апэльсіны, абрыкосы, вінаград.

Пасьля прыходу савецкіх уладаў маёнтак і зямля адабраныя ва ўласьніка. Гелена Скірмунт з маці здолелі зьехаць у Польшчу.

У навагоднюю ноч 1942 року партызаны аддзелу Фёдара Маркава спалілі сядзібу, забіўшы 19 мірных жыхароў, сярод іншых Габрыелу Скірмунт, ейную дачку Лідзію Габрыелу Карыбут-Дашкевіч, князя Юзэфа Друцкага-Любецкага.

Па Другой сусьветнай вайне Шэ́метава – вёска ў складзе Сырмескага сельсавету. 23 траўня 2013 року ўвайшла ў склад Занарацкага сельсавету.

Касьцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогi

У 1697 годзе ўладальнік Шэметава Крыштаф Дэспат-Зяновіч пабудаваў у маёнтку капліцу. 1 ліпеня 1697 года Крыштаф запрасіў у маёнтак Шэметава манахаў з ордэна босых кармэлітаў, якія пабудавалі ў Засьвіры кляштар.

У 1714 годзе Крыштаф Дэспат-Зяновіч пабудаваў другую капліцу ў сваім двары Шэметашчызна на ўзгорку на правым беразе ракі Вялікі Перакоп. Каля гэтай невялікай драўлянай капліцы былі размешчаныя пахаваньні ўладальнікаў Шаметава, у тым ліку Сулістроўскіх. У 1816 годзе побач са старой капліцай Казімір Сулістроўскі ўзьвёў каменную, усярэдзіне якой зладзіў фамільны склеп. 11 мая 1828 года сьвірскі прэлат ксёндз Андрэй Сянкевіч асьвяціў яе ў імя Сьвятога Казіміра. Некаторы час у Шэметаве адначасова існавалі дзьве капліцы.

У 1810 годзе мьнскі губэрнатар Казімір Сулістроўскі завяршыў будаўніцтва вялікага драўлянага касьцёла, які меў тры алтары. У тым жа годзе яго асьвяціў дэкан завялейскі сьвірскі прэлат ксёндз Антоній Багеньскі ў імя Ушэсьця Гасподняга. Ён размяшчаўся там жа, дзе і першая капліца.

У 1832 годзе, па здушэнтнi вызвольнага паўстаньня, царскі ўрад ліквідаваў прыход у Шэметаве разам з манастыром кармэлiта басых у Засьвіры. Драўляны касьцёл быў перададзены ўніятам. Яны яго разабралі і перавезлі ў вёску Саснова, што размяшчалася на беразе возера Мядзел.

У 1902 годзе Баляслаў Скірмунт, уладальнік сядзібы Шэметава, значна перабудаваў і пашырыў каменную капліцу ў маёнтку, пабудаваную ў 1816 годзе. Былі дабудаваныя нэфы, дзе зараз знаходзіцца прэсбітэрый і алтарная частка, а за алтарнай часткай – рызьніца. 30 ліпеня 1904 года новы касьцёл, пабудаваны ў стылі клясіцызму, быў асьвечаны віленскім біскупам Эдвардам фон Ропам. У 1904 годзе былі таксама пабудаваны плябанія і каменны дом для касьцёльнай прыслугі. Для патрэб плябаніі і касьцёла пан Скірмунт вылучыў 34 дзесяціны (37 гэктараў) зямлі і прызначыў ксяндзам утрыманьне ў 300 рублёў.

У пасляваенны час касьцёл не быў зачынены, бо ў гады вайны мясцовыя жыхары выратавалі параненага савецкага лётчыка і, паводле паданьня, менавіта ён абараніў касьцёл ад закрыцьця, паколькі займаў вялікую пасаду.

Каардынаты: 54.818546, 26.561607.

Сядзiба Скiрмунтаў «Шэмятоўшчына»

Ад сядзібнага дома Скірмунтаў у цяперашні час засталіся толькі падставы калёнаў. Сядзіба была пабудаваная арыентыровачна ў 1770–1780 гадох Алаізам Сулістроўскім з лістоўніцы ў барочных формах. У пачатку XIX стагодьдзя дом быў перабудаваны ў стылі клясіцызму. Да шырокіх фасадаў прыбудавалі порцікі. Сядзібны дом быў знішчаны ў час пажару 1943 году.

Вінакураны завод у маёнтку будаваўся Баляславам Скірмунтам у пачатку XX стагодьдзя. Ад будынка захаваліся руіны бакавога цаглянага фасада і цокальнага паверха з бутавага каменя. Сярод іншых будынкаў падобнага роду завод вылучаўся сваім дэкаратыўным аздабленьнем: паўкруглыя вокны, парэбрык, вежкі.

Рэшткi внаiкурнi

Каардынаты: 54.817585, 26.560695.

Замалёўка