Miadzieł district

Zaśvir

За́сьвір – вёска на ўсходнім беразе возера Сьвіру. Знаходзіцца за 40 кiлямэтраў на захад ад Мядзелу, за 38 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Лы́нтупы (лінія Лы́нтупы – Каралеўшчына); на аўтамабільнай дарозе Альшэ́ва – За́нарач. За́сьвір – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Насельніцтва на 2011 год складала 80 чалавек.

Упершыню За́сьвір згадваецца ў першай палове XVII стагодьдзя як маёнтак Сырмеж (Сірмеж, Сермеж) шляхцічаў Сасіных, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1660-я гады яго набыў М. У. Празьдзецкі, кашталян наваградзкі. У 1683 годзе маёнтак перайшоў да яго зяця К. Зяновіча, пісара вялікага літоўскага. Першы пісьмовы ўпамін пад назвай Засьвір датуецца 1678 годам.

У 1701 і 1703 гадох Крыштаф Зяновіч выпісаў 2 фундацыйныя прывілеі на маёнтак За́сьвір і фальварак Памошаа манахам-кармэлітам. У 1713–1714 гадох тут збудавалі мураваныя касьцёл і кляштар кармэлітаў. У свой час ён лічыўся адным з найбольшых кляштараў кармэлітаў старой абсэрвацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім (колькасьць манахаў даходзіла да 20).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Засьвір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі кляштар кармэлітаў[3]. На 1861 год у Засьвіры было 14 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1865 год у мястэчку існавалі царква і школа. Пазьней статус Засьвіру панізілі да сяла. У 1885 годзе тут дзейнічала царква, працавалі народная вучэльня (у 1892/93 навучальным годзе было 40 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі) і карчма. У 1905 годзе расейскія ўлады скіравалі ў Засьвір салдатаў дзеля здушэньня народных хваляваньняў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Засьвір занялі войскі Нямецкай імпэрыі, непадалёк праходзіла лінія фронту. У будынку кляштару знаходзіўся вайсковы шпіталь. Каля кляштару спачылі нямецкія салдаты.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Засьвір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У кастрычніку 1920 году Засьвір апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе – у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Сьвірскай гміне Сьвянцянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1919 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У лютым 1921 году ў Засьвіры дзейнічала беларуская школа, пазьней зачыненая польскімі ўладамі. На 1931 год ў вёсцы было 25 будынкаў.

У 1939 годзе Засьвір увайшоў у БССР, з 12 кастрычніка 1940 году ў Шэметаўскім сельсавеце Сьвірскага раёну Вялейскай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 году Менскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Кляштар кармэлiтаў. Касьцёл Найсвяцейшае Тройцы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар кармэлітаў – помнік архітэктуры рэнэсансу i барока пачатку XVIII стагодзьдзя. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка. Касьцёл дзейнічае, кляштар існаваў да 1832 году. Комплекс складаецца з касьцёла, кляштарнага корпусу і брамы.

Драўляны кляштар кармэлітаў у Засьвіры фундаваў у 1697 годзе ашмянскі маршалак Крыштап Зяновіч і яго жонка Ядвіга (з Швыкоўскіх). Пад 1705 годам упамінаецца драўляны касьцёл. Мураваны касьцёл збудавалі ў 1713—1714 гадох. Будаваньне мураванага кляштарнага корпуса скончылася ў 1766 годзе.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Засьвір апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар. Касьцёл пачаў дзейнічаць як парафіяльны. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў расейскія ўлады перарабілі касьцёл пад царкву Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл каталікам. Па Другой сусьветнай вайне ў 1946 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, а кляштарны корпус прыстасавалі пад школу. У 1990 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам.

Каардынаты: 54.842254, 26.461224.

Апсыда касьцёла