Miensk district

Astrašycki Haradok

Астрашыцкі Гарадок – вёска на рацэ Ўсяжы, цэнтар сельсавету Менскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 год складала 2.302 чалавекі. Вёска знаходзіцца за 24 кiлямэтры на поўнач ад Менску, за 15 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Калодзішчы, на шашы Менск – Лагойск.

Астрашыцкі Гарадок – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася капліца Сьвятой Ганны, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Тышкевічаў.

Тапонім Астрашыцкі Гарадок складаецца зь дзьвюх частак: азначэньне «Астрашыцкі» паказвае на блізкасьць да вёскі Астрошыцаў, назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду).

Першы пісьмовы ўпамін пра Гарадок («Астрашыцкі» дадалося пазьней) датуецца 1567 годам. Паводле інвэнтару 1650 году, у мястэчку існавалі драўляны замак, царква, карчма і крамы; Рынак і 3 вуліцы (Менская, Глебкавіцкая і Кавальская), 51 двор. Замак меў абарончыя сьцены і 4 кутнія вежы, яго атачалі сажалкі і штучны роў. Да замка вёў мост, уваход праз браму-вежу «прускага муру» ўнутры якой былі жылыя, гаспадарчыя і абарончыя памяшканьні. Налева ад брамы стаяў 1-павярховы драўляны палац, вакол якога высаджваліся зёлкі. Жылыя памяшканьні палаца мелі размаляваныя дзьверы і столь, печы і каміны з каляровай кафлі. За палацам разьмяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазьня, бровар. Направа ад брамы стаялі дом «прускага муру» з жылымі пакоямі, каморай, вазоўняй, стайняй і сьвіран. Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.

На 1734 год у Астрашыцкім Гарадку было 24 двары. Паводле інвэнтару 1745 году — 30 двароў, драўляны палац, зьвярынец, фальварак з 2 жылымі будынкамі, пякарняй, стайнямі, аборай, броварам і інш. За сядзібай былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Астрашыцкі Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскім павеце Менскай губэрні. У першай палове XIX стагодьдзя за 1 кiлямэтар ад мястэчка збудавалі мураваны 2-павярховы палац, дзе разьмяшчалася сабраная Міхалам Тышкевічам калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Існаваў вялікі парк, у якім быў зьвярынец. На 1886 год у Астрашыцкім Гарадку дзейнічалі 2 царквы і капліца, працавалі школа, рудня, майстэрня вырабу меднага посуду для бровара, 11 крамаў, заезны дом і 4 млыны. На 1917 год – 324 двары.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Астрашыцкі Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Астрашыцкі Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Астрашыцкагарадоцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам раёну (з 1935 году ў Менскім раёне). Статус Астрашыцкага Гарадку панізілі да вёскі.

Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў

Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодьдщя. Знаходзіўся за 1 кiлямэтар ад мястэчка.

У інвэнтары 1745 году ўпамінаецца драўляная сядзіба, якую збудавалі замест замка, вядомага з інвэнтару 1650 году.

У першай палове XІX стагодьдзя за 1 кiлямэтар ад Астрашыцкага Гарадку збудавалі мураваны палац у архітэктуры рэтраспэктыўнай готыкі, які згарэў у 1860 годзе. Да 1876 году каля згарэлага паставілі новы палац.

Комплекс XVIII стагодьдьзя складаўся з драўлянага палаца (меў шэраг жылых, гаспадарчых, парадных пакояў з выхадам у бок зьвярынца), некалькіх гаспадарчых пабудоваў побач з палацам, фальварку з двума жылымі будынкамі, пякарняй, стайняй, аборай, броварамі ды іншым. За сядзібай былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.

Мураваны 2-павярховы палац першай паловы XIX – помнік архітэктуры рэтраспэктыўнай готыкі. Вылучаўся 4-яруснай квадратнай у пляне вежай, завершанай чатырма шчытамі і чатырма кутнімі дэкаратыўнымі вежачкамі. У палацы захоўвалася каштоўная калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраная Міхалам Тышкевічам.

Новы мураваны палац сярэдзіны XIX стагодьдьзя складаўся з 2-павярховых прастакутных у пляне цэнтральных і двух бакавых аб’ёмаў, злучаных паміж сабой 1-павярховымі часткамі. На галоўным фасадзе аб’ёмы ўтваралі рызаліты, да цэнтральнага рызаліта далучаўся прастакутны ў пляне тамбур зь вялікай тэрасай наверсе, што злучаўся з параднай заляй другога паверху. Палацы атачаў вялікі парк, у якім быў зьвярынец.

Сёньня на тэрыторыі колiшняга палаца Тышкевічаў месьцiцца рэзідэнцыя прэзідэнта РБ «Азёрны».

Каардынаты: 54.080667, 27.680663.

Палац Тышкевічаў. Малюнак Мiкалая Орды (1864–1876)

Царква Перамяненьня Гасподня i каплiца сьвятой праведнай Ганны

Царква Перамяненьня Гасподня ў Астрашыцкім Гарадку пабудаваная ў рэтраспэктыўна-расейскiм стылі, яна датуецца канцом XIX стагодьдзя. Першапачаткова гэта быў драўляны храм на могілках, які дзейнічаў нават у савецкія часы. Рэстаўрацыяў царквы доўгі час не праводзілася, таму з часам яна састарэла. Вырашана было яе рэканструяваць.

Вакол першапачатковай драўлянай канструкцыі ўзьвялі сьцены з цэглы, была пашыраная алтарная частка, але ў цэлым царква захавала сваё першапачатковае аблічча. У яе інтэр’еры захаваліся старадаўнія абразы і іншыя прадметы царкоўнага начыньня. Справа ад царквы знаходзіцца драўляная капліца сьвятой Праведнай Ганны, пабудаваная таксама ў канцы ХІХ стагодьдзя.

Каардынаты: 54.072726, 27.697438.